Радасць і ўцеха – дзеці

DSC_2835Сціплая і даволі ўраўнаважаная Наталля Мікалаеўна Зельманчук не адразу згадзілася на сустрэчу.

У час тэлефоннай размовы запярэчыла, што не патрэбна пра яе нічога пісаць, бо яна нічым асаблівым не вылучаецца. На самай справе Наталля Мікалаеўна  — мнагадзетная маці, радасцю і ўцехай якой з’яўляюцца дачка,  чатыры сыночкі і  маленькая ўнучка.

Нарадзілася Наталля Мікалаеўна ва Украіне.  Першы клас наведвала яшчэ ў суседняй краіне, а потым сям’я пераехала на Століншчыну. Бацькі ўладкаваліся на працу  на Гарынскі КБМ. Наталля працягнула вучобу ў сярэдняй школе № 2 р. п. Рэчыца. Заўжды ёй вельмі падабалася чытаць, асабліва рускую літаратуру. Перавагу аддавала творам Аляксандра Дзюма. Менавіта ў школьныя гады рамантычнасць і пранікнёнасць Наталлі  знайшлі своё адлюстраванне ў паэтычных радках. Яна прызнаецца, што той сшытак, у які занатоўвала свае вершы, — самы светлы і яскравы напамін пра маладосць і непаўторныя юнацкія пачуцці.

Пасля заканчэння школы Наталля Мікалаеўна скончыла курсы крою і шыцця. Гэты занятак прыйшоўся да душы, але  давялося ездзіць і на заробкі. У час адной з  такіх паездак Наталля пазнаёмілася са сваім будучым мужам Аляксандрам Рыгоравічам, які зараз працуе ў “Столінаптгандлі”.

Сакрэт жаночага шчасця для Наталлі Зельманчук заключаецца ў  яе дзецях. Старэйшай дачцэ Аксане 20 гадоў. Маладая бабуля не можа нацешыцца сваёй чатырохгадовай унучкай Валерыяй.  Добрымі памочнікамі для маці з’яўляюцца яе сыночкі. Дзясяцігадовы Максім, васьмігадовы Мацвей і сямігадовы Кірыл – навучэнцы сярэдняй школы № 3 р. п. Рэчыца. Самаму малодшаму Антону толькі пяць гадоў.  Ён наведвае Рэчыцкі яслі-сад № 2. Хлопчыкі любяць займацца спортам, маюць добрыя здольнасці да гэтай дзейнасці. Футбол, барацьба, лёгкая атлетыка… Наталля Зельманчук падкрэслівае, што яе дзеці вельмі актыўныя, камунікабельныя і гатовы наведваць разнастайныя  спартыўныя секцыі, што ёсць у школе, бо гэта ім вельмі падабаецца. А яшчэ яны любяць маляваць.

Наталля Зельманчук, пачынаючы з 2006 года, працуе тэхработнікам у сярэдняй школе № 3 р. п. Рэчыца. Прызнаецца, што для яе гэта вельмі зручна, бо і дзеці ўвесь час пад наглядам.  Жанчына добрасумленна выконвае свае працоўныя абавязкі.  Станоўча характарызуецца ва ўстанове. Чалавек яна не канфліктны, таму імкнецца з усімі знайсці агульную мову і пазбегнуць якіх бы там ні было  непаразуменняў і непрыемных сітуацый.

Вольны час, якого практычна няма ў мнагадзетнай маці,  імкнецца прысвяціць дзецям. Кантроль за падрыхтоўкай дамашняга задання, клопаты па хатняй  гаспадарцы: то прыгатаваць вячэру, то папрасаваць, то ў кватэры навесці парадак  і  яшчэ парадаваць дзяцей чымсьці смачненькім. Калі выпадае некалькі вольных хвілін, дык жанчына праводзіць іх за шыццём  ці рамонтам неабходных рэчаў.

У Зельманчукоў склалася традыцыя, згодна з якой у выхадныя яны час ад часу выязджаюць у гарадскі парк, каб разам адпачыць і пагуляць на свежым паветры. А яшчэ хлопчыкам падабаецца пачаставацца марожаным ці іншымі салодкасцямі ў кафэ, што размешчана ва ўнівермагу. На  канікулах  дзеці з ахвотай наведваюць дзядуль і бабуль, асабліва  даспадобы ім ездзіць у Гарадзец да бабулі Алены Мікалаеўны.

Наталля Зельманчук марыць, каб яе дзеці выраслі добрасумленнымі, чэснымі і спагадлівамі людзьмі. Нягледзячы на той складаны час, у якім мы жывём, яна верыць, што здолее выхаваць у іх самыя станоўчыя якасці, каб яны не былі злымі і абыякавымі да іншых. На першае месца яна, безумоўна, ставіць здароўе. Лічыць, што і без вучобы ў наш час ніяк нельга, таму і прывівае ім цягу да ведаў і ўсведамленне неабходнасці адукацыі.

Напярэдадні Дня маці Наталля Мікалаеўна Зельманчук была ўзнагароджана ордэнам Маці.

 Людміла  КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

Добавить комментарий