Праекты ў тварах

 

Проекты в лицах 070 У Століне на пешаходным участку  вуліцы Леніна адбылося адкрыццё фотавыстаўкі “Праекты ў тварах”. Выстаўка, якая працягнулася паміж перакрыжаваннямі з вуліцамі Горкага і Дзяржынскага, уяўляе сабою адлюстраванне 29 праектаў, якія рэалізаваны пры падтрымцы Еўрапейскага саюза, і закранае важныя экалагічныя, эканамічныя і сацыяльныя пытанні.

Сярод іх – ахова навакольнага асяроддзя, рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, укараненне энергазберагаючых і зялёных тэхналогій, развіццё сельскіх тэрыторый і падтрымка прадпрымальніцтва, дапамога падапечным Беларускага дзіцячага хоспіса і жынчынам, якія пацярпелі ад дамашняга насілля, захаванне гістарычных і культурных традыцый. 

Да гэтага выстаўку ўбачылі жыхары Мінска, абласных цэнтраў, Барысава, Бабруйска, Пінска, Мазыра, Ліды, Маладзечна, Оршы, Горак, Рэчыцы, Светлагорска, Жлобіна, Салігорска, Нясвіжа, Кобрына і Баранавічаў.

На вонкавых баках стэндаў фотавыстаўкі – героі праектаў і іх гісторыі, на зваротным – інфаграфіка, якая расказвае пра тэрміны, геаграфію і вынікі праектаў. Сярод герояў выстаўкі валанцёры і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, вучоныя, выкладчыкі, фермеры, людзі з інваліднасцю. Некаторыя з іх прыехалі і ў Столін.

Проекты в лицах 059

На адкрыцці выстаўкі гасцей вітаў намеснік старшыні Столінскага райвыканкама Сяргей Фёдаравіч Сідарэвіч. Пачаў ён са слоў: “Галоўнае багацце Століншчыны – яе людзі”. Сапраўды, тут жывуць руплівыя працавітыя людзі, багатыя на таленты, якія сваёй працай ствараюць славу роднаму краю. І майстэрствам, і вырашчанай прадукцыяй яны вядомы далёка за межамі раёна. І Століншчына таксама стала месцам ажыццяўлення многіх сумесных праектаў у мэтах развіцця, якія памянялі жыццё да лепшага.Проекты в лицах 106

Каардынатар па пытаннях прэсы і інфармацыі аддзела праектаў прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Таццяна Аляксеева адзначыла, што нездарма гэтая выстаўка на выніковым этапе наведала Столін. Тут сапраўды шмат таленавітых і працавітых людзей, якія праяўляюць ініцыятыву, здольнасці для дасягнення пастаўленай мэты. Дырэктар мясцовага фонду “Цэнтр падтрымкі сельскага развіцця і прадпрымальніцтва Столінскага раёна” Віктар Велясніцкі расказаў пра тое, што ў нашым раёне за апошнія дзесяцігоддзі ажыццёўлена шмат праектаў з дапамогай міжнароднага супольніцтва. Большасць з іх звязана з пераадоленнем вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і заклікана на атрыманне чыстай прадукцыі, стварэнне спрыяльных умоў для жыццядзейнасці. Адзін з праектаў — “Агароднінная сетка па эксперыментаванні, абмене і распаўсюджванні інфармацыі”- у стадыі завяршэння. Цікава было паслухаць абмен вопытам ажыццяўлення праектаў з вуснаў іх удзельнікаў: Алены Паклонскай -“Аб’ядноўваючыся вакол прыроды”; Агніі Асановіч — “Культура і крэатыўнасць”, Дзмітрыя Бурэнкіна – “Браслаўскі раён – першы кліматычна нейтральны муніцыпалітэт у Беларусі”.

 Фотавыстаўка “Праекты ў тварах” будзе працаваць у Століне на працягу двух тыдняў.

Удзельнікі адкрыцця выстаўкі наведалі таксама Цэнтр падтрымкі сельскага развіцця і прадпрымальніцтва, пазнаёміліся з адным з ініцыятараў праекта “Агароднінная сетка па эксперыментаванні, абмене і распаўсюджванні інфармацыі” Яўгенам Васільевічам Гермашам з вёскі Мачуль, убачылі на месцы, як ён вырошчвае ў каркасных цяпліцах у асабістай падсобнай гаспадарцы гародніну.

Фёдар ШУМКО

Фота  аўтара

Добавить комментарий