«Можа, лавачкі паставіць…»

РЕМЕЛЬНапачатку тыдня ў аграгарадку Рамель прайшоў сход грамадзян. На сустрэчу да мясцовых жыхароў прыехалі кіраўніцтва раёна, а таксама прадстаўнікі ўсіх сфер і службаў. Мерапрыемствы падобнага фармату маюць адну мэту – з першых вуснаў пачуць пра праблемы, узнікшыя пытанні вяскоўцаў. Таму, канешне, хочацца, каб і зацікаўленасць з боку сяльчан была адпаведнай. Не скажу, што рамельцы маюць неактыўную грамадзянскую пазіцыю, але, улічваючы колькасць насельніцтва сельскага Савета, на сустрэчу магло б прыйсці больш людзей.

Старшыня Рамельскага сельсавета Пётр Васільевіч Шчучка ў сваёй справаздачы адзначыў, што ўсяго па Савеце налічваецца 1348 гаспадарак з насельніцтвам 3620 чалавек (Рамель – 1161 чалавек, Мачуль – 473 чалавекі, Цераблічы – 934 і Аздамічы – 1052 жыхары). З іх 1929  — гэта працаздольныя людзі, 953 – пенсіянеры. У бягучым годзе нарадзіліся 22 дзіцяці, памерлі 29 чалавек, зарэгістраваны 17 шлюбаў.

Функцыянуюць урачэбная амбулаторыя, тры фельчарска-акушэрскія пункты, дзве сярэднія школы, НВК яслі-сад сярэдняя школа ў Цераблічах, базавая школа ў Мачулі, два яслі-садкі, Цэнтр культуры і адпачынку, два дамы культуры, чатыры бібліятэкі і столькі ж аддзяленняў паштовай сувязі, а таксама два аддзяленні Беларусбанка. Ёсць комплексны прыёмны пункт, шэсць магазінаў райспажыўтаварыства і пяць прыватных павільёнаў.

У лістападзе 2013 года быў пабудаваны дзіцячы садок на 75 месцаў, у 2015 годзе пачаліся работы па газіфікацыі Рамля. Зроблены рамонты ва ўсіх установах сельсавета.

Як заўважыў Пётр Васільевіч, немалую ролю ў сацыяльна-эканамічным развіцці Савета адыгрывае і далейшае развіццё асабістых падсобных гаспадарак. З пачатку гэтага года разгле-джаны 688 заяў па выдзяленні і пераразмеркаванні зямельных участкаў у палях севазвароту для вырошчвання сельгаскультур. На жаль, складзены два пратаколы аб самавольным заняцці зямлі.

Для тых, каму патрэбна паляпшэнне жыллёвых умоў і яны жадаюць будавацца, такая магчымасць ёсць.  За дзевяць апошніх месяцаў уведзены ў эксплуатацыю дзевяць дамоў. Аднак у ходзе інвентарызацыі выяўлены пяць участкаў, дзе не вядуцца адпаведныя работы. Гаспадары прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Шмат увагі надаецца добраўпарадкаванню тэрыторыі населеных пунктаў і навядзенню парадку на зямлі. У тым ліку і могілак. Адны з іх – у Рамлі – перададзены на баланс ЖКГ. Цяпер рыхтуецца дакументацыя на новыя могілкі ў аграгарадку. Сёлета на могілках убраны 115 аварыйных дрэвў, зроблена 270 метраў новай агароджы. Прычым, усе работы выкананы за кошт жыхароў. Так, на гэтыя мэты сабрана больш за 5200 рублёў.

Сярод найбольш значных праблем старшыня сельвыканкама вылучыў стан дарог, у прыватнасці, пад’езды да міні-палігонаў. А таксама грунтовыя вуліцы і іх гравійныя ўчасткі, што патрабуюць падсыпкі.

Пра работу ўзначальваемых устаноў гаварылі дырэктар ААТ “Палеская ніва” Аляксей Бародзіч, дырэктар Рамельскай школы Наталля Пыталь, загадчык Рамельскага ФАПа Людміла Шаўчук, дырэктар Рамельскага цэнтра культуры і адпачынку – Вольга Апановіч. Участковы інспектар Аляксандр Семянюк агучыў стан злачыннасці на тэрыторыі сельсавета, папярэдзіў грамадзян пра неабходнасць захавання сваёй маёмасці. Нагадаў пра небяспеку пры карыстанні пячным ацяпленнем і начальнік РАНС Аляксандр Мінчык.

Прыемна было чуць, што мясцовае сельгаспрадпрыемства прымае актыўны ўдзел амаль ва ўсіх кірунках жыцця тэрыторыі. Дапамагае і ў апрацоўцы зямельных участкаў, выдзяляе транспарт, а таксама выступае спонсарам у правядзенні культурных мерапрыемстваў і не толькі.

У сваю чаргу жыхары аграгарадка звярнуліся па дапамогу да ўлады ў такіх пытаннях, як добраўпарадкаванне дарог, высечка дрэў і ўсталяванне туалета на могілках, асвятлення вуліц у цёмны час, выдзяленне пашы для авечак. Закранулі нават перавозку гною па вуліцах аграгарадка, калі не выконваюцца неабходныя меры транспартавання і ўгнаенне “асядае” непасрэдна на дарозе і пад агароджамі. Было выказана пажаданне, каб у цэнтры аграгарадка на месцы дома, што прыбралі, зрабілі скверык з лавачкамі. Ідэя, адназначна, добрая. Але пра гэта павінна думаць не толькі мясцовая ўлада, а, хутчэй, самі жыхары. Хіба так складана для вяскоўцаў пасадзіць дрэўцы і пабудаваць лавачкі? Гэта ж для сябе і сваіх дзетак. Ды і зробленае ўласнымі рукамі захаваецца даўжэй. Хваляваў жыхароў і стан вадаёмаў у аграгарадку. На жаль, іх аднаўленне патрабуе значных сродкаў. Але пытанне будзе разглядацца.

Падводзячы вынікі сустрэчы, намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Фёдаравіч Сідарэвіч падзякаваў жыхарам за ўдзел у мерапрыемстве і заклікаў не заставацца абыякавымі да агульных спраў.

Алена КЛІМУШКА

Фота Аляксандра НІКІФАРЭНКІ

 

 

Добавить комментарий