Жыццё пад гук школьнага званка

НАСТАЎНІКІ Колькі б ні было нам гадоў, мы ўсё роўна застаемся вучнямі. Бо, пакінуўшы школьныя сцены, мы працягваем вучыцца ў жыцця, чые іспыты здаваць намнога цяжэй. У такія моманты ўспамінаеш словы былых настаўнікаў, якія з вышыні свайго вопыту імкнуліся падказаць і пра многае папярэдзіць.

Васіль Адамавіч і Марыя Іванаўна Драпей, што жывуць у вёсцы Сямігосцічы, – адныя з такіх. Ужо даўно на пенсіі, але трэба бачыць, з якой пяшчотай успамінаюць яны гады сваёй дзейнасці, расказваюць пра сваіх вучняў, як ашчадна захоўваюць у памяці ўсе моманты, звязаныя са школай, якая стала для іх другім домам. Агульны стаж гэтай сямейнай пары складае без малога восем дзясяткаў гадоў і іх вучнямі з’яўляецца большая частка жыхароў вёскі. А пачыналася ўсё ў далёкія 60-я гады, калі прафесія настаўніка была вялікай рэдкасцю. Іх педагагічны шлях – прыклад для пакаленняў.

Васіль Адамавіч нарадзіўся першага снежня 1940 года. Школа пасля цяжкага ваеннага дзяцінства была, здавалася, чароўным месцам. Старанны хлопец, які валодаў цягай да ведаў і вялікім жаданнем, быў адным з любімых вучняў у настаўнікаў. Скончыўшы сем класаў, Васіль застаўся дапамагаць бацькам. Гаспадарка вялікая – трэба сена нарыхтаваць, дроў прывезці, з маці садавіну і агародніну на базар у Мікашэвічы занесці. Але настаўнікі… самі прыйшлі і паклікалі яго ў Альшанскую школу, куды запісвалі толькі самых здольных. І, нягледзячы, што шлях быў каля дзесяці кіламетраў і дарог зусім не існавала, юнак у любое надвор’е спяшаўся на заняткі. А бывае і загадзя прыйдзе, каб яшчэ паспець у любімы валейбол пагуляць з хлопцамі.

Рудніцкі, Ключнікаў, Некрашэвіч – прозвішчы настаўнікаў назаўжды засталіся ў яго памяці. А ў 18 гадоў юнака таксама пачалі зваць па імені і імені па бацьку — Васілём Адамавічам, бо дырэктар тут жа афармляе яго настаўнікам.

Перарываецца дзейнасць толькі на службу ў арміі, якую нёс у вучэбнай дывізіі ў Печах. І там не хацелі развітвацца з адказным і дысцыплінаваным салдатам: 24 Падзячныя лісты – доказ гэтага! Але Васіль, памужнелы і дарослы, вяртаецца ў раён. Ідзе ў Рубель, дзе працуе настаўнікам фізкультуры, і паступае на завочнае аддзяленне Мінскага фізкультурнага інстытута. У 1964 годзе пераходзіць у школу на сваю малую радзіму і выкладае фізіку, маляванне, чарчэнне і фізічную культуру.Васіль Адамавіч і Марыя Іванаўна

У тым жа годзе ў школу прыйшла маладая настаўніца біялогіі і хіміі – прыгажуня Марыя Гуранкова. Родам з вёскі Пракопаўка Гомельскай вобласці, яна прыехала ў наш раён услед за сятрой Нінай, якая працавала настаўнікам тых жа прадметаў у Вялікім Малешаве. Менавіта па яе прыкладзе таксама выбрала прафесію настаўніка і паступіла на той жа факультэт Гомельскага педагагічнага інстытута.

Яркая, упэўненая ў сабе, Марыя адразу спадабалася маладому настаўніку, таму ўжо праз год пасля знаёмства яны ўзялі шлюб. Першынец Генадзь нарадзіўся ў 1966 годзе, а яшчэ праз шэсць гадоў – дачка Ала. Крыху забягу наперад і дадам, што сын пайшоў па той жа сцежцы, што і бацькі, і зараз выкладае ў Брэсце. А тады маладая сям’я настаўнікаў Драпеяў была прыкладам прафесійнай адданасці і служэння школе. Бо настаўнікі насамрэч служаць, дзеляцца не толькі ведамі са сваімі вучнямі, але і значнай часткай жыцця.

Вучыліся тады ў старой школе, класы былі вялікія – больш за 30 чалавек.

Марыя Іванаўна успамінае, якія вясёлыя і цікавыя вечары ладзіла яна са сваім класам. З вучнямі патрэбна размаўляць, імкнуцца зразумець яго. Ніякай знявагі, бо вучань – гэта будучы дарослы, які будзе займаць пасады, працаваць, ствараць сям’ю. А што пасееш, тое і пажнеш. І няхай не стане ён дзеячам навукі ці знакамітым доктарам. Галоўнае, каб атрымаў са школы правільныя жыццёвыя арыенціры і каштоўнасці.

Класным кіраўніком яна была да выхаду на пенсію. Яе вучні ніколі не праходзяць міма, дзеляцца сваімі думкамі і праблемамі. І Марыя Іванаўна, як і дзясяткі гадоў таму, падказвае, раіць. Бо настаўнікі – гэта не проста прафесія, гэта – жыццёвы выбар. На заслужаным адпачынку дапамагала рыхтавацца да паступлення Андрэю Пінчуку, а ў гэтым годзе завітаў у госці. Нагода цудоўная – ён абараніў кандыдацкую ступень па кардыялогіі. Ці ж не лепшы падарунак для настаўніка? Марыя Іванаўна і зараз рашае задачы, трэніруе памяць. “Сябруе” са швейнай машынкай і больш аддае перавагу кнізе, чым тэлевізару. Не губляе цікаўнасці да жыцця роднай школы і часта абмяркоўвае падзеі і навіны з мужам.

Васіль Адамавіч — быў адным з лепшых фізрукоў раёна. Пад яго кіраўніцтвам школьныя каманды не адзін раз станавіліся чэмпіёнамі і прызёрамі спаборніцтваў па футболе, лёгкай атлетыцы. Дарэчы, каралева спорту была адным з любімых відаў, таму сімпатыю да яе і прывіваў у вучняў. Прычым, Васіль Адамавіч не патрабаваў хуткіх вынікаў, ён цярпліва і доўга займаўся са здольнымі вучнямі. Да чалавечага арганізма трэба ставіцца ашчадна, упэўнены ён, і спортам трэба займацца з розумам. Інакш пагоня за цудоўнымі вынікамі можа адгукнуцца праблемамі ў старасці. З вучнямі ён трымаўся строга, але  па-бацькоўску, таму многія давяралі яму свае сакрэты. Гэта настаўнік ад Бога, дадаюць яго былыя вучні. Адзін з іх Мікалай Сцяпанавіч Акостка, які да пенсіі выкладаў фізічную культуру, стаў не толькі калегам, але і надзейным сябрам. Лёгкаатлетам стаў Іван Тарасевіч, Васіль Кардаш – інструктарам па спорце, Аляксей Зырко ладзіў спартыўную кар’еру ў Брэсце, трэнер – Уладзімір Разановіч.

Спорт дапамагаў і ў выкладанні фізікі. Пакуль не вывучаць прадмет, ніякага футбола. Нават старшакласнікі адказвалі на зубок. Аднойчы Васіль Адамавіч паехаў на курсы, а яго замяняў Сяргей Данілавіч Ключнікаў. Доўга не мог той зразумець, у чым сакрэт такіх дасканалых ведаў, падазрона глядзеў на васьмікласнікаў, шукаючы падвох. Але потым пахваліў знаходлівага настаўніка, які ўрэшце прызнаўся дырэктару.

Да таго ж сваё майстэрства дэманстраваў і ў маляванні. Ён асабіста размаляваў спартыўную залу і сельскі Савет у Вялікім Малешаве. Не адно свята не абыходзілася без яго ўласнаручна намаляваных плакатаў. Зараз гэтую работу выконвае камп’ютар, а раней літара за літарай, лінія за лініяй, штрых за штрыхом – так ствараліся школьныя сценгазеты. Бывае, ноч не спіць Васіль Адамавіч, каб паспець да ранку. Некаторыя з іх ашчадна захоўвае ў сябе дома, як і карціны. А многія разышліся па сябрах і знаёмых. А некалькі партрэтаў знаходзяцца ў школьным музеі.

Сярод яго вучняў ёсць такія, хто працягнуў справу свайго настаўніка. Уладзімір Кошман працаваў афарміцелем у Камянцы, Пётр Вячорка пісаў іконы для царквы, Андрэй Вабішчэвіч застаўся выкладаць у сталіцы.

Малюе Васіль Адамавіч і зараз. Яго палатном з’яўляецца… сцяна. Адна з такіх карцін у верандзе і знаходзіцца ў стане дапрацоўкі. За пэндзлем адпачывае, прызнаецца настаўнік.

А вось вершы закінуў. Раней многа пісаў. Прысвячаў свайму краю, сябрам, калегам. Акуратна гартае свой блакнот і зачытвае некаторыя з іх. І быццам вяртаецца ў мінулае, адразу з’яўляецца ўсмешка і вочы маладзеюць. Тонкае пачуццё гумару – яшчэ адна рыса характару, якой валодае Васіль Адамавіч. Дзякуючы яму заўсёды можна выйсці з любой сітуацыі, упэўнены настаўнік. А ў сямейным жыцці – гэта і ўвогуле незаменная рэч. Таму і крочаць побач столькі гадоў побач, і нават праз гады з удзячнасцю і павагай глядзяць адзін на аднаго.

Як і глядзяць на сваё школьнае мінулае, якое агульнае ў іх. І іншага яны не пажадалі б.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *