Рэгістрацыя шлюбу вяртаецца ў Давыд-Гарадок

 

 

1 Восень – самая шчодрая пара на вяселлі. Гэтая традыцыя бярэ свой пачатак яшчэ з даўніх часоў. Ураджай убраны, а значыць стол для маладых будзе багатым. Праўда, зараз моладзь выбірае для свайго вяселля часцей кафэ і рэстараны, але традыцыя працягвае жыць.

Пакуль справы дойдуць да святочнага стала – маладыя рэгіструюць шлюб. Вось цудоўная навіна – у Давыд-Гарадку цяпер ёсць месца для гэтай святочнай цырымоніі. Дарэчы, адна з іх адбылася ў мінулую нядзелю. Свой шлюб у гарадскім Доме культуры зарэгістравалі жыхары суседняй вёскі Туры – Васіль Крывулец і Таццяна Алейнік.

Гэта першая рэгістрацыя з адкрыцця Дома культуры. Яшчэ адна адбылася ў Давыд-Гарадоцкім гарадскім выканаўчым камітэце. З гэтай нагоды мы пагутарылі з кіраўніком спраў гарвыканкама Вікторыяй Валянцінаўнай Матусевіч, якая да таго ж з’яўляецца рэгістратарам.СЦЕНА

– Для нас гэта сапраўды значная падзея, –гаворыць Вікторыя Валянцінаўна. – Нарэшце ў Давыд-Гарадок вяртаецца гэтая ўрачыстасць. Пакуль мы знаходзіліся ў старым памяшканні, дзе было надта цесна, шлюб рэгістравалі рэдка. Пасля рэстаўрацыі адчыніў дзверы Столінскі аддзел загса, многія пачалі выбіраць яго. Гэта было зразумела: у сямейным архіве хочацца бачыць прыгожыя фота- і відэаздымкі. Для параўнання: калі ў 2007 годзе ў нас было зарэгістравана 46 шлюбаў, то ў 2015 толькі 15. Падрыхтоўка да абласных дажынак таксама прымусіла жаніхоў і нявест планаваць гэтую падзею ў іншым месцы. Часта маладыя распісваліся ў райцэнтры, а потым вярталіся вянчацца сюды. А цяпер у Давыд-Гарадку з’явілася нават два святочныя месцы.2

Шчыра прызнаюся, што хваляваліся перад першай рэгістрацыяй. Доўга абмяркоўвалі ўсе нюансы з дырэктарам Дома культуры Міхаілам Уладзіміравічам Шыкунцом, бо вельмі хацелася, каб спадабалася маладым і гасцям. І толькі тады расслабіліся, калі пабачылі расчуленых бацькоў.

Увогуле, гарадчукі вельмі адказна ставяцца да вяселляў. Раней была традыцыя пешшу ісці нявесце і жаніху па горадзе, каб усе бачылі і віншавалі. Зараз, калі ў нас, нарэшце, з’явілася месца, многія хочуць узнавіць гэтую традыцыю. Дарэчы, мы таксама праводзім выязныя рэгістрацыі. Ужо чула меркаванне, што ідэальна для лета падыходзіць падарунак гораду – наш амфітэатр. Таму будзем рады зрабіць дзень вяселля прыгожым і незабыўным.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара

і Аляксандра НІКІФАРЭНКІ

Добавить комментарий