Нам засталася спадчына…

сессия райсовета 119Чарговая сесія Столінскага раённага Савета дэпутатаў сёмага склікання прайшла ў актавай зале Столінскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа. На ёй было разгледжана пытанне ”Аб стане работы па захаванні гістарычных традыцый і культурнай спадчыны ў рамках рэалізацыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і ўдзеле органаў самакіравання і грамадзян у гэтай рабоце”.

Вёў сесію старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксей Аляксеевіч Дзямко. У рабоце сесіі прыняў удзел і выступіў старшыня райвыканкама Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі.

З дакладам выступіў вядучы спецыяліст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аляксандр Валер’евіч Марушка.

На тэрыторыі Столінскага раёна знаходзяцца 252 аб’екты, прысвечаныя гісторыі і культуры раёна. З іх 88 – помнікі гісторыі, 18 – архітэктуры, 143 – археалогіі. У вёсцы Гарадная размешчаны нематэрыяльны аб’ект – “Традыцыі ганчарнай вытворчасці з аўтэнтычнымі элементамі”. 49 помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны ўключаны ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. У тым ліку 18 помнікаў архітэктуры (16 праваслаўных цэркваў, будынак былой сінагогі, парк “Манькавічы”), 17  – археалогіі, 13 – гісторыі (брацкія магілы), цэнтр ганчарства ў Гарадной.

сессия райсовета 005Пры райвыканкаме дзейнічае каардынацыйны савет па ахове матэрыяльнай і духоўнай спадчыны. Савет каардынуе дзейнасць дзяржаўных органаў, прадпрыемстваў, уласнікаў па пытаннях аховы, захавання, аднаўлення, падтрымання ў належным выглядзе гісторыка-культурных каштоўнасцяў раёна.

Вядзецца планамерная работа па рамонце помнікаў воінскай славы (брацкіх магіл, помнікаў землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны). За 2014-2017 гады праведзены капітальны рамонт на 13 такіх аб’ектах. У 2014 годзе – на брацкіх магілах у  Верхнім Церабяжове, Белавушы, Беражным, Альшанах, помніка землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у Харомску. На гэта са сродкаў мясцовага і абласнога бюджэтаў было накіравана 560 мільёнаў рублёў. У 2015 годзе праведзены капітальны рамонт помнікаў землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у Рамлі і Дубаі, брацкай магілы ва ўрочышчы Осаўе. На гэта выдаткавана 133 мільёны рублёў. У 2016 годзе адрамантаваны помнік загінуўшым землякам у Вялікім Малешаве. У 2017 годзе адрамантаваны помнікі загінуўшым землякам у Альманах, Лядцы, брацкія магілы ў Альманах, Давыд-Гарадку. У 2015 годзе праведзена кансервацыя помніка архітэктуры – будынак былой сінагогі. Частка сродкаў для правядзення рамонтна-аднаўленчых работ атрымана са сродкаў рэспубліканскага суботніка і   выдзелена Брэсцкім аблвыканкамам.

За 2014-2017 гады ўстаноўлены 252 прозвішчы і месцы пахавання загінуўшых савецкіх воінаў на тэрыторыі раёна.

На гісторыка-культурных каштоўнасцях раёна ўстаноўлена 37 ахоўных дошак, ахоўныя абавязацельствы заключаны з усімі ўласнікамі каштоўнасцяў. Цяпер праводзіцца работа па складанні ахоўных абавязацельстваў і пашпартоў новага ўзору на помнікі гісторыі, занесеныя ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. З 2018 года плануецца праводзіць распрацоўку пашпартоў і ўстанаўленне граніц зоны аховы на ўсе помнікі археалогіі, занесеныя ў дзяржаўны спіс.

сессия райсовета 131На разгляд у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь пададзены дакументы на ўключэнне ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў свята “Конікі” ў Давыд-Гарадку. Акрамя таго перспектыўнымі аб’ектамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны для надання статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці з’яўляюцца творчасць Івана Піліпавіча Супрунчыка з Церабліч, абрад “Брацкая свечка” ў в. Лука. Аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі сумесна з Гараднянскім сельскім Саветам пры падтрымцы Брэсцкага грамадска-культурнага цэнтра праводзяцца міжнародныя  пленэры ганчароў у Гарадной. Набірае папулярнасць “Свята журавін” у Альманах. У гэтым годзе на базе Альпенскага ЦСДК адкрыты музейны пакой, у якім сабраны матэрыял, які тычыцца быту і традыцый гэтага населенага пункта.

сессия райсовета 191Дакладчыка дапоўнілі ў выступленнях начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Вячорка, старшыня Стружскага сельскага Савета дэпутатаў Ніна Іванаўна Ліпская, старшыня Гараднянскага сельскага Савета дэпутатаў Мікалай Васільевіч Лічэўскі, дырэктар цэнтра драўлянай скульптуры в. Цераблічы Іван Піліпавіч Супрунчык.

Затым адбылося азнаямленне на практыцы з падыходамі мясцовых органаў па захаванні і папулярызацыі гістарычных традыцый і культурнай спадчыны, прыцягненні органаў самакіравання і грама-дзян да гэтай работы. Дэпутаты райсавета і запрошаныя старшыні гарадскога і сельскіх Саветаў дэпутатаў, кіраўнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама і раённых арганізацый наведалі музей аграрна-эканамічнага кале-джа, парк “Манькавічы”, экспазіцыі раённага краязнаўчага музея, выставачную залу, дзіцячую бібліятэку.

Фёдар ШУМКО

Фота аўтара

 

 

Добавить комментарий