25 гадоў сяброўства Хомберг – Столін

_DSC1214 Сёлета спаўняецца 25 гадоў устанаўлення партнёрскіх адносінаў паміж горадам Хомберг зямлі Гесэн (Германія) і Столінскім раёнам. З гэтай нагоды магістрат г. Хомберга запрасіў для ўдзелу ва ўрачыстых мерапрыемствах дэлегацыю Столінскага раёна.

Разам з афіцыйнай дэлегацыяй у Германію адправіліся і творчыя калектывы – заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны хор “Крыніца” (кіраўнік Алена Аўсянік) і народны ансамбль танца “Рэха” (кіраўнік Алена Волкава), якія знаёмілі нямецкіх сяброў з нацыянальнай беларускай культурай.

На працягу ўсяго перыяду сяброўскіх адносін таварыства “Хомберг – Столін” уносіла ўклад у аздараўленне дзяцей Століншчыны, якая пацярпела ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, аказвала гуманітарную дапамогу маламаёмасным сем’ям, сістэмам аховы здароўя і адукацыі раёна. Дзейнасць таварыства ажыццяўлялася з падтрымкай мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў г. Хомберга._DSC1056

Ад імя старшыні раённага выканаўчага камітэта Рыгора Васільевіча Пратасавіцкага падчас афіцыйнага прыёму начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Васіль Андрэевіч Заруба зачытаў вітальны адрас членам таварыства і жыхарам г. Хомберга.

Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Іванавіч Беразоўскі ўручыў бургамістру г. Хомберга доктару Ніко Рыцу Ганаровую грамату Столінскага раённага выканаўчага камітэта, якой узнагароджаны магістрат Хомберга раёна Швальм-Эдэр за ўсямерную падтрымку дзейнасці партнёрскага таварыства “Хомберг – Столін” і ўклад ва ўмацаванне міжнародных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Федэратыўнай Рэспублікай Германія на міжрэгіянальным узроўні.

Ганаровай граматай Столінскага райвыканкама ўзнагароджана і партнёрскае таварыства “Хомберг – Столін” (старшыня Ахім Ераш) за значны ўклад у аздараўленне дзяцей Столінскага раёна, які пацярпеў ў выніку катастрофы на ЧАЭС, гуманітарную падтрымку маламаёмасных.

Бургамістрам г. Хомберга доктарам Ніко Рыцам і начальнікам аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Столінскага раённага выканаўчага камітэта Гена-дзем Беразоўскім падпісаны дагавор у сувязі з 25-годдзем партнёрства і намерам далейшага супрацоўніцтва.

Галіна ГАШЧУК

Фота Алены ВОЛКАВАЙ

 

Добавить комментарий