Жніўны маршрут аўтаклуба

Ахапіць культурным абслугоўваннем як мага больш сельскіх працаўнікоў, якія заняты на ўборачных работах, — з гэтай задачай цудоўна спраўляецца аўтаклуб раённай клубнай сістэмы ў садружнасці з творчым калектывам – народным клубам аматараў песні “Ярок” (кіраўнік Валерый Шуркала).

DSCN8874

Па папярэдняй дамоўленасці загадчыцы клуба Таццяны Цупа з кіраўніцтвам гаспадарак у мінулы чацвер маршрут клуба на колах пралёг у месцы ўборкі. З першымі хвілінамі рабочага дня ўдзельнікі “Ярка” радавалі сваімі песнямі работнікаў машыннага двара КУВП “Манькавічы”. На жывы гук напеўных мелодый падышлі і работнікі канторы. Імправізаваны канцэрт падарыў вясёлы настрой і надаў бадзёрасці на ўвесь працоўны дзень.
Наступныя прыпынкі з канцэртным выступленнем былі на збожжатаках у аграгарадках Белавуша і Беражное. Удзельніцы аматарскай творчасці ў бела-чырвоных уборах з жоўта-залацістымі каронамі на галаве выглядалі сапраўднымі каралевамі жніўнай краіны, а іх песні ішлі ад самай душы і траплялі ў кожнае сэрца слухача. Нездарма кіраўнік участка “Вінзавод” КСУП “Беражное” падышоў пасля канцэрта і папрасіў: “Калі ласка, прыедзьце да нас на вінзавод. Парадуйце і нашых жанчын-працаўніц песняй”. Так адбылося і адно незапланаванае выступленне.
У гэты ж дзень клуб аматараў песні “Ярок” пабываў яшчэ ў дзвюх кропках – на збожжатаках у Харомску і Турах КСУП “Прыгарынскі-2012”. І ўсюды гледачы-працаўнікі з асалодай слухалі цудоўныя песні, падпявалі, а часам і пускаліся ў танец. А ўдзячнасцю за падораную радасць былі цёплыя апладысменты, запрашэнні прыязджаць яшчэ і букеты кветак.

Галіна ГАШЧУК
Фота Валерыя ШУРКАЛЫ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *