Твар гаспадара – яго двор!

Чарговы тэлефонны званок у рэдакцыю – і карэспандэнт “Навін Палесся” накіраваўся ў аг. Белавуша. У гэтым населеным пункце жыве сям’я Сяргея Апанасавіча і Алены Мікалаеўны Грыцкевічаў.

4
На прысядзібным участку Грыцкевічаў ўсё даведзена да ладу. Гаспадары – людзі сціплыя, таму сяброўка Алены Мікалаеўны ўзяла ініцыятыву ў свае рукі. І нездарма…
Алена Мікалаеўна працуе намеснікам дырэктара па гаспадарчай частцы ў Белавушскай сярэдняй школе. Сяргей Апанасавіч – няфцянік. Каля 20 гадоў ён працуе ў Расіі, але пасля чарговай камандзіроўкі дапамагае жонцы.
Разам выхавалі дзве дачкі. Старэйшая Алеся выйшла замуж. Яна ў дэкрэтным водпуску. Разам з мужам Віктарам выхоўваюць маленькую дачушку, якой толькі 1,5 года. Жывуць у Століне, але вельмі часта наведваюць бацькоў. Унучка – радасць для Алены і Сяргея Грыцкевічаў. Яны з задавальненнем бавяць вольную хвіліну на свежым паветры з маленькай прыгажуняй альбо адпачываюць усёй сям’ёй пасля цяжкага працоўнага дня.
Малодшая Дзіяна з самага ранняга дзяцінства марыла працаваць з дзеткамі, таму нават не вагалася, калі давялося вызначацца з будучай прафесіяй, паступіла на факультэт дашкольнай адукацыі. Цяпер яна вучыцца на трэцім курсе педагагічнага ўніверсітэта і ў хуткім часе спадзяецца працаваць у дзіцячым садку.

3
Алена Мікалаеўна прызнаецца, што захапленне кветкамі ўзнікла не само па сабе. Яна ўспамінае, як настаўніца пачатковых класаў Лідзія Фёдараўна Бурван не раз гаварыла сваім вучням, што твар добрага гаспадара – гэта яго двор. Гэта так урэзалася ў памяць, што Алена Мікалаеўна з часам зразумела для сябе адну ісціну: “Першае ўражанне пра гаспадара складваецца па яго прысядзібным участку, бо не кожны заходзіць у дом, а вось тэрыторыя вакол дома адразу кідаецца ў вочы”.
Пачалі Грыцкевічы гадоў сем таму вырошчваць туі, а пасля разбівалі кветнік за кветнікам, з’яўляліся ўсё новыя і новыя кветкі, разам прадумвалі чарговыя кампазіцыі, каб усё глядзелася гарманічна. Калі ўчастак “засялілі” кветкамі, захацелася дадаць статуэтак, падзелак ручной работы і інш. На дапамогу прыйшоў сябар і майстар на ўсе рукі Леанід Яўгенавіч Яхнавец. Ён зрабіў для гаспадароў такія непаўторныя і прыгожыя вырабы, што Грыцкевічы не перастаюць імі любавацца!

2
Яшчэ яны набылі арэлі, вялікую колькасць кашпо, розныя казачныя фігуркі, ліхтары і стол са стульчакамі, на якім пачэснае месца заняў самавар. Асобную тэрыторыю выдзелілі для дэкаратыўнай сажалкі і стварылі там свой утульны куточак, дзе прырода ажывае і зачароўвае сваёй непаўторнай красой.
Ініцыятыву гаспадароў падтрымліваюць сябры і знаёмыя. Усім падабаецца бываць у Грыцкевічаў. Алена Мікалаеўна сцвярджае, што гэтая прыгажосць не дастаецца проста так, яна вымагае значнага часу і сіл. Таму пакуль гаспадыня з дзецьмі і ўнучкай завіхаюцца каля кветак, плануюць, што новенькага дадаць, Сяргей Апанасавіч займаецца паліўкай. Усе заняты справай, калі агульная мэта – прыгажосць для сябе і іншых.
Людміла
КАСПЯРОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *