Рапсам кашу не сапсуеш

І зноў надышла чарга рапсу, сяўба якога вядзецца ў многіх гаспадарках раёна.

У. П. МузычынРасліна вельмі каштоўная. З насення рапсу робяць алей, які выкарыстоўваюць у харчовай галіне. Акрамя таго, пасля выціскання алею рапс дае паўнавартасныя па ўтрыманні бялку жмых і шрот — каштоўны канцэнтраваны корм у зімовы час года і харчовая аснова прэміксаў і камбікармоў. А рапсавы алей з вялікай колькасцю шкоднай для арганізма эруковай кіслаты з поспехам ужываецца ў металургіі для загартоўкі сталі, у якасці змазкі – у рэактыўных рухавіках, як сыравіна – для вытворчасці эластычных матэрыялаў і ў вытворчасці біядызелю. А. К. Васюхневіч
Самую высокую ўраджайнасць гэтай “дзелавой” культуры атрымалі ў ААТ “Новая Прыпяць” – 38,8 цэнтнера з гектара. 230 гектараў ператварыліся ў 893 тоны масланасення, якое было рэалізавана дзяржаве. Паколькі рапс прынёс прыбытак гаспадарцы, плошча азімых пасеваў павялічыцца яшчэ на дзесяць гектараў. Як і ў мінулым годзе, у гэтым сяўбой рапсу займаюцца надзейныя працаўнікі – Адам Канстанцінавіч Васюхневіч і Уладзімір Паўлавіч Музычын.
На палях, пасаджаных Адамам Канстанцінавічам, была найбольшая ўраджайнасць – 45 цэнтнераў з гектара. І не толькі ў якасці зямлі тут справа. Як дадаў галоўны аграном Сяргей Уладзіміравіч Строк, 50 працэнтаў цудоўнага выніку залежыць ад своечасовай і якаснай сяўбы. У гэтай справе не паспяшаешся, бо вынік будзе відаць вясной. Наадварот, сяўба рапсу патрабуе вытрымкі і цярпення. Ды і не ўсім пасееш, таму ў гаспадарцы не паскупіліся на тэхніку. У выкарыстанні механізатара сучасная сеялка «Lemken Сапфір 7», якая за дзень праходзіць 25-30 гектараў. Адам Канстанцінавіч у сельскай гаспадарцы даўно, аб чым гаворыць яго стаж – 40 гадоў. Доўга працаваў у калгасе “За Радзіму”, які потым стаў СВК “Веляміцкі”, а зараз шчыруе на палях ААТ “Новая Прыпяць”. Дарэчы, ужо дапамагае яго сын Іван, які атрымаў у спадчыну бацькаву працавітасць і адказнасць.
Уладзіміра Паўлавіча Музычына мы знайшлі якраз на полі, калі ён правяраў сваю сеялку «Lemken Монасем». У адрозненні ад той, гэтая сеялка меншая па памерах, але затое мае менш стратаў пры высяванні. Насенне падае ў раллю па аднаму, таму трактар ідзе з меншай скорасцю і за дзень засявае да 20 гектараў. Каб потым поле радавала роўнымі ўсходамі, механізатару трэба кантраляваць працэс: сачыць за колькасцю насення, ці роўна ідуць радкі і гэтак далей. Добра, што гэта не патрэбна тлумачыць Уладзіміру Паўлавічу, які працуе ў гаспадарцы з 1990 года.
Нельга пакінуць без увагі і тое, што захаванне каштоўных якасцяў рапсу маг

чыма дзякуючы своечасовай апрацоўцы расліны ад шкоднікаў. Так сталася, што і гэтую расліну дапякаюць шматлікія шкодныя насякомыя, сярод якіх крыжакветныя блошкі, рапсавы кветаед, капусная моль, рапсавы пільшчык, лугавы матылёк і інш. Марудзіць тут нельга, а адразу прыступаць да апрацоўкі, інакш гаспадарка замест высокага ўраджаю можа атрымаць вялікі ўрон.

Lemken Сапфір 7, на якой працуе Адам Канстанцінавіч Васюхневіч
Яшчэ трэба дадаць, што ў гэтым годзе гаспадарцы пашанцавала з зімой, якая дала магчымасць дасягнуць добрага выніку. Чаго не скажаш аб папярэдніх дзвюх, бо тады з прычыны адсутнасці снежнага покрыва вымерзла большая частка азімага рапсу. І тут нічога не прадбачыш, бо надвор’е ставіць усе кропкі над “і”.
Калі ж усё-такі вясной зажаўцеюць рапсавыя палі, няма сумненняў, што ўраджай зноў стане нагодай для гонару.

Ганна МЕЛЬНІК

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *