Лёгкага хлеба не бывае

Пэўна, чытачы ўжо звыклі бачыць перадавікоў уборкі на старонках “Навін Палесся”. І гэта нездарма, бо ад іх працавітасці залежыць хлеб на нашым стале. А хлеб, як вядома, усяму галава!

браты Васіль і Іван Слуцкія - лепшы экіпаж гаспадаркі(2)

Нягледзячы на страшэнную спёку, гудуць камбайны на палях, а МАЗы адвозяць збожжа на зернесушыльныя лініі. У ААТ “Новая Прыпяць”, куды мы завіталі, на ўборцы задзейнічаны восем экіпажаў і столькі ж машын на адвозцы. Браты Васіль Уладзіміравіч і Іван Уладзіміравіч Слуцкія другі год працуюць у тандэме на КЗС-10К і з’яўляюцца аднымі з лепшых па намалоце збожжа. Зараз убіраюць яравы ячмень, а ўсяго намалацілі 503 тоны і вызвалілі 89 гектараў плошчы. У сельскай гаспадарцы яны з юнацтва, дагэтуль шчыравалі ў суседняй гаспадарцы. Жывуць у в. Старына, але сярод першых выходзяць на поле.
Падтрымлівае эстафету моладзь – Васіль Іванавіч Слуцкі і Іван Адамавіч Васюхневіч, якія працуюць на старым “Бізоне”. Упершыню прымае ўдзел ва ўборцы экіпаж у складзе Паўла Пятровіча Сямейкі і Жылюса Данелюса Данелевіча, але гэтыя камбайнеры зарэкамендавалі сябе як адказныя працаўнікі. Іншыя ў ААТ “Новая Прыпяць” працуюць ужо дзясяткі гадоў. Такія, як нязменныя лідары Іван Васільевіч Гром і Васіль Іосіфавіч Андрайчук, якія пакуль трымаюць пальму першынства, бо намалацілі 596 тон збожжа.
Лепшым сярод вадзіцеляў з’яўляецца Васіль Рыгоравіч Ядлоўскі.

Мікалай Кунай - адзін з лепшых вадзіцеляў(2)

З пачатку ўборкі ён перавёз 682 тоны збожжа.
У гэтай жа намінацыі значыцца імя Мікалая Паўлавіча Куная, якому не звыкаць працаваць на ўборцы. Надзейны, заўсёды гатовы на 100 працэнтаў і ніколі не падвядзе. На сваім МАЗе перавёз ужо 663 тоны.
Каб пазбегнуць лішкавых затратаў пры сушцы, у поле тэхніка выходзіць, калі цалкам знікне раса: у гадзін 10-11. А вось працуюць, наадварот, да позняга вечара, пакуль надвор’е дазваляе. Учора некалькі машын везлі збожжа адразу на склад, бо яно не патрабавала дадатковай дасушкі.
Як расказаў галоўны аграном Сяргей Уладзіміравіч Строк, уборка ў гэтым годзе носіць мазаічны характар. Гэта значыць, убіраюць не ўсё за ладам, а глядзяць, дзе зерне спелае і мае поўную гатоўнасць. Сёлета надвор’е было капрызным: працяглыя дажджы і моцныя вятры ў чэрвені так і намагаліся пусціць пад адхон старанні хлебаробаў. Таму спёка, якая людзей застала знянацку, тут нават у дапамогу: зерне паспявае высахнуць. Радуюць яравыя культуры, якія ў гэтым годзе адныя з лепшых у раёне.
На дадзены момант убрана 42,9 працэнта ад усёй плошчы, якая складае 1561 гектар. Намалочана 3735 тон збожжа. Прыемна здзіўляе сярэдняя ўраджайнасць – 55,8 цэнтнера з гектара, якая з’яўляецца большай у раёне. Праўда, наперадзе менш ураджайныя зернебабовыя культуры і авёс, таму, шчыра прызнаецца аграном, лічбы могуць змяніцца.
Галоўны прынцып у гэтым годзе – не паспяшацца і не спазніцца, а знайсці залатую сярэдзіну. Толькі цярпенне і поўная самаадданасць падчас работы камбайнераў і ўсіх, хто заняты на ўборцы, падораць водар духмянага хлеба.

Ганна Мельнік
Фота аўтара

Добавить комментарий