«Кнігу патрэбна любіць і чытаць «ужывую»…

У сярэдняй школе № 3 г. Століна шмат гадоў навучэнцы наведвалі гурток “Юны пераплётчык”. Пад кіраўніцтвам бібліятэкара ўстановы Тамары Паўлаўны Яхнавец дзеці не толькі вучыліся любіць і шанаваць кнігі, але і рамантаваць іх, дарыць ім другое жыццё. 

Снимок

Тамара Паўлаўна ўжо 29 гадоў працуе ў сярэдняй школе № 3 г. Століна – з моманту яе адкрыцця, а агульны працоўны стаж у бібліятэчнай сістэме ў верасні складзе 39 гадоў. За перыяд работы яна больш за 10 гадоў разам з вучнямі займалася на занятках гуртка аднаўленнем старых кніг, падручнікаў, што трапілі ў рукі нядбайных гаспадароў альбо страцілі свой першапачатковы выгляд з цягам часу. Гурткоўцы рабілі свае часопісы, блакноты, сшыткі і іншыя вырабы з паперы.
У бібліятэцы ёсць адпаведнае абсталяванне, якое выкарыстоўваецца юнымі пераплётчыкамі. Бібліятэкар расказвае, што першыя спробы наладзіць сувязь з дзецьмі ў гэтым кірунку былі вельмі даўно. Тады Тамара Паўлаўна сама шмат часу праводзіла, вывучаючы неабходную літаратуру. А яшчэ крыху раней яна атрымала вялікую колькасць цікавай і карыснай літаратуры, тэматычных кніг ад былога дырэктара Лявонція Іванавіча Вярэніча. Шмат гадоў Тамара Яхнавец ашчадна беражэ кнігі як крыніцу ведаў і памяць пра былога дырэктара.
Магчыма, гэта і падштурхнула бібліятэкара заняцца такой карыснай працай. Спачатку падклейвала кнігі самастойна, а пасля пачала далучаць і самых актыўных чытачоў. Менавіта школьная бібліятэка – гэта тое месца, куды абавязкова прыходзяць дзеці. І ад асобы бібліятэкара залежыць, ці стануць яны апантанымі чытачамі, ці проста будуць заглядваць туды зрэдку, каб спытаць пра неабходны твор. Асабліва зараз, калі на першы план выступае інтэрнэт, важна, каб вучні з малодшых класаў чыталі творы ў арыгінале, дакраналіся да друкаваных старонак, адчувалі іх пах, суперажывалі героям і разам з імі падарожнічалі па творах вядомых аўтараў. Тамара Паўлаўна падкрэслівае, што кнігу патрэбна любіць і чытаць “ужывую”, бо яна, як Біблія для чалавека. Бібліятэкар не ўяўляе свайго жыцця без кнігі і падкрэслівае яе значную карысць для пад-растаючага пакалення.
Тамара Яхнавец успамінае, як на заняткі гуртка прыходзілі многія цяперашнія настаўнікі, спецыялісты іншых сфер дзейнасці, якія з удзячнасцю згадваюць час, праведзены ў школьнай бібліятэцы. Тамара Паўлаўна рыхтавалася да заняткаў зага-дзя. Яна адбірала кнігі, якія патрабавалі рамонту. Асобна рабілі нарыхтоўкі цвёрдых вокладак, картону, паперы неабходных памераў і колераў і інш. Яна вучыла сваіх выхаванцаў усім хітрасцям пераплётнай работы. Дзеці вучыліся працаваць на сшывальным станку, выкарыстоўвалі прэс-пакетны аднавінтавы, спецыяльны нож. Для таго, каб адрэстаўрыраваць кнігу, гурткоўцы вучыліся яе сшываць шыльцамі, працавалі гладзілкай і абавязкова пакідалі наклейку на вокладцы, што сведчыла пра тое, хто і калі выканаў рамонт дадзенай крыніцы ведаў.
Падабаецца дзецям рабіць невялічкія сувенірчыкі – блакноты, запісныя кніжкі, тэматычныя часопісы на любы густ. Гурткоўцы таксама падрыхтавалі сваю кнігу “Проба пяра”, у якой сабрана паэтычная творчасць юных чытачоў установы і зборнік да гэтага часу папаўняецца новымі імёнамі і новымі вершамі.
Самымі заўзятымі выхаванцамі гуртка сталі вучаніца 9 “В” класа Бандарчук Ганна і вучань 7 “В” класа Бандарчук Ілья, якія “прыкіпелі” да гэтай справы. Многія вучні пакінулі сабе на памяць зробленыя сваімі рукамі сувеніры і цяпер пры сустрэчы з Тамарай Паўлаўнай з настальгіяй успамінаюць, як яна навучыла іх любіць кнігі. А для звычайнага школьнага бібліятэкара самая значная ўзнагарода – гэта звычайнае “дзякуй” ад яе чытачоў.

Снимок
Кніга – гэта крыніца ведаў, а бібліятэкар лічыцца настаўнікам настаўнікаў, бо толькі праз кнігу настаўнікі набываюць свае веды. Школьны бібліятэкар – той ланцужок, што злучае веды, крыніцы ведаў і тых, хто іх нясе ў грамадства.

Людміла КАСПЯРОВІЧ
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *