Вярнуўся з вайны наш зямляк

 

DSC_1800 У ходзе пошукавых работ  у Расіі восьмага снежня 2015 года на тэрыторыі Выбаргскага раёна Ленінградскай вобласці знойдзены астанкі ваеннаслужачага.   Па медальёне было выяўлена  імя невядомага дагэтуль чырвонаармейца. Ім аказаўся ўраджэнец Беларусі Мартын Анісімавіч Мацюшок. У выніку перапіскі была знойдзена пляменніца гераічна загінуўшага земляка Валянціна Сямёнаўна Вазнюк,  якая жыве ў р. п. Рэчыца. Жанчына выказала жаданне пахаваць свайго дзядзьку на яго гістарычнай радзіме.

Як высветлілася, Мартын Анісімавіч Мацюшок нарадзіўся ў 1919 годзе ў в. Відзібор. У 1940 годзе быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Радавы 450 стралковага палка без вестак прапаў у час баёў пад Ленінградам 28 жніўня 1941 года. Праз дзесяцігоддзі яго астанкі былі зной-дзены агульнарасійскім грамадскім рухам па ўвекавечанні памяці загінуўшых пры абароне Айчыны “Пошукавы Рух Расіі”.

Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, другога ліпеня, у р. п. Рэчыца прайшоў мітынг, прысвечаны перапахаванню астанкаў салдата Мацюшка Мартына ў брацкую магілу воінаў, што загінулі пры вызваленні  пасёлка.  Пасялкоўцы, прадстаўнікі ўстаноў, арганізацый, прадпрыемстваў і самае галоўнае – родныя і  блізкія сабраліся, каб аддаць даніну памяці і ганарова перапахаваць астанкі салдата.DSC_1807

Адкрыў мітынг старшыня Рэчыцкага сельскага Савета Ігар Мікалаевіч Курган. Ён  падкрэсліў, што нягле-дзячы на тое, што больш за 70 гадоў прайшло з таго часу, як адгрымелі апошнія залпы Вялікай Айчыннай вайны, подзвіг нашых воінаў бессмяротны. Старшыня Столінскага раённага Савета дэпутатаў Аляксей Аляксеевіч Дзямко выказаў падзяку расійскім калегам, дзякуючым якім стала вядома імя яшчэ аднаго беларуса-героя. Аляксей Аляксеевіч адзначыў, што ў нашым раёне разгорнута значная дзейнасць па  ўвекавечанні памяці тых людзей, якія аддалі свае жыцці дзеля нашай мірнай і шчаслівай будучыні.

У мітынгу прынялі ўдзел і маракі-падводнікі з Санкт-Пецярбурга. Падпалкоўнік Барыс Паўлавіч Пячонкін у сваім выступленні падкрэсліў, што вайна не скончыцца да таго часу, пакуль не стане вядома імя апошняга салдата, які загінуў у імя Радзімы.

Намеснік ваеннага камісара Столінскага раёна маёр Міхаіл Міхайлавіч Хоміч выказаў падзяку дэлегацыі, павіншаваў прысутных з Днём Незалежнасці

Прадстаўнік у Рэспубліцы Беларусь рэгіянальнага аддзела ў горадзе Санкт-Пецярбургу грамадскага руху “Пошукавы Рух Расіі” Сяргей Уладзіміравіч Харланцьеў адзначыў, што сёння яшчэ адзін салдат вярнуўся дадому з вайны і з падзякай звярнуўся да тых, хто аказаў дапамогу ў перапахаванні салдата Чырвонай Арміі. Сяргей Уладзіміравіч перадаў у музей баявой славы р. п. Рэчыца асабістыя рэчы нашага земляка, якія былі знойдзены ў час пошукавых работ.

Ваенна-патрыятычная работа – сямейная справа сына і бацькі Харланцьевых, таму на мітынгу выступіў і бацька Сяргея Харланцьева Уладзімір Арцем’евіч. Ён з горыччу падкрэсліў, што адносіцца да пакалення дзяцей вайны і расказаў пра той нялёгкі час, пажадаў прысутным міру і незалежнасці, а дзецям – ніколі не ведаць вайны.

Пляменніца Мартына Мацюшка Валянціна Сямёнаўна Вазнюк звярнулася з падзякай да тых людзей, намаганнямі якіх яе сваяк здабыў сваё гераічнае імя.

Настаяцель Рэчыцкай Свята-Пакроўскай царквы протаіерэй Лявонцій адслужыў паніхіду. Права правесці ганаровае пахаванне астанкаў салдата прадставілі ваеннаслужачым вайсковай часці 1235. У знак падзякі за наша мірнае неба ўсклалі кветкі і ўшанавалі памяць ўсіх загіўшых хвілінай маўчання.

Людміла

КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *