Уладзімір Уродніч і яго Рэха памяці

01 Ладисова З 28 чэрвеня 2017 года ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага ў Мінску працуе персанальная выстаўка жывапісу “Рэха памяці” заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Уладзіміра Уродніча, прысвечаная Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 75-годдзю з дня нараджэння мастака. 

Уладзімір Васільевіч Уродніч – наш зямляк. Нарадзіўся ў 1942 годзе ў вёсцы Вялікія Арлы. У 1963 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, крыху пазней у 1972 годзе — Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Вучыўся ў А. Шаўчэнкі, І. Ахрэмчыка, Н. Воранава. Удзельнік мастацкіх выставак з 1973 года. Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу.

Цэнтральнае месца на выстаўцы адведзена творам,  што сталі адбіткамі памяці мастака. Гэтыя палотны адлюстроўваюць значныя падзеі ў біяграфіі аўтара, што пакінула ў сэрцы яго малая радзіма — Століншчына, той кавалак зямлі, які ўтульна размясціўся паміж Гарынню і Прыпяццю, з яго гістарычнымі старонкамі барацьбы беларускага народа з фашызмам, са сваімі стратамі і здабыткамі. Мастак прызнаецца, што голас бацькі, які загінуў у 1943 годзе, ён нібыта чуе ўсё жыццё і ідзе за ім, як за рэхам памяці.02 художник Уроднич В.В.

На выстаўцы экспануюцца звыш шасцідзесяці краявідаў, напісаных у розных рэгіёнах Беларусі. Сярод іх вылучаюцца творы, прысвечаныя Палессю, якое было і застаецца для У. Уродніча невычэрпнай крыніцай радасці і любові да сваёй Бацькаўшчыны. У жывых апаэтызаваных пейзажах роднай вёсачкі мастак карыстаецца светлай колеравай гамай. Пражыўшы большую частку жыцця ў горадзе, аўтар застаўся ў душы хутаранінам, які ўсё ўспрымае праз акенца сваёй хаты.

Дзіцячыя ўспаміны шырока адлюстраваны ў цыкле работ “Людзі Століншчыны”. У такіх творах, як “Над ракой Вятліцай”, “На берагах Гарыні”, “Рытмы Прыпяці”, “Дарога майго юнацтва”, “У Лучках ідзе дождж”, “Тумановая раніца” адлюстраваны тыповыя сцэны сялянскага жыцця.

Апошняе дзесяцігоддзе творчасці У. Уродніча звязана з дзейнасцю студыі ваенных мастакоў Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Ваенная тэма знайшла сваё адлюстраванне ў работах: “На Магілёўскім напрамку”, “Час квітнення лілей”, “На маршы “Галоўнага ўдару”, “Вогненны Днепр 1941”.

Творы мастака знахо-дзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны,  фондах Беларускага саюза мастакоў, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, Музеі Беларускага Палесся (г. Пінск), Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, ва ўласнасці Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. З некаторымі яго творамі можна  таксама пазнаёміцца, наведаўшы  раённы краязнаўчы  музей.                                                         

Святлана

ВЯРЭНІЧ,

дырэктар

Столінскага раённага краязнаўчага музея

Фота Наталіі Купрэвіч

Добавить комментарий