Убіраюць пры першай магчымасці

 

Уборка Ворони 011Пры пераадоленні дзесяціпрацэнтнага рубяжа ўборкі жніво прынята называць масавым. Калі па раёне збожжавыя і зернебабовыя на 20 ліпеня ўбраны на 3,3 працэнта пасяўной плошчы (на гэты дзень мінулага года па раёне была ўбрана пятая частка палеткаў са збажыною), дык хлебаробы КСУП “Варані” і КУВП “Манькавічы” першымі дасягнулі дзесяціпрацэнтнай уборкі.

— Яравы ячмень і жыта ў нас размешчаны ў асноўным на супясчаных землях, — тлумачыць раннюю ўборку галоўны аграном КСУП “Варані” Ніва Васільеўна Шынкарэвіч, — на сённяшні дзень убралі ўсё, што паспела. А разам сёлета і ячмень, і жыта, і пшаніца не будуць гатовы да ўборкі.

Такая тактыка кіраўніцтва гаспадаркі цалкам апраўдана. Няхай камбайны і працуюць не на поўную моц, але плошча вызваленых ад збожжавых палеткаў няўмольна павялічваецца. Гэта дазволіла звезці з палёў усю рапсавую і ячневую салому, своечасова пачаць лушчэнне іржышча, весці падрыхтоўку да сяўбы пажніўных культур. Ды і на будучыню развязваюцца рукі на жніве, бо паралельна трэба і кармы нарыхтоўваць, і да сяўбы азімых поле рыхтаваць. Улічваюцца і прагнозы сіноптыкаў, якія папярэджваюць на бліжэйшыя дні дажджы.

У тым, што ў сярэднім па раёне ўраджайнасць збожжавых вышэйшая, чым у такі ж перыяд мінулага года, ёсць і заслуга КСУП “Варані”. Калі жыта ў гэтыя дні дае на кожным гектары па 23,1 цэнтнера збожжа, дык яравы ячмень – 29,9 цэнтнера, а трыцікале – 44 цэнтнеры. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых па гаспадарцы складае 28,3 цэнтнера з кожнага гектара, а летась атрымлівалі толькі па 14,7 цэнтнера збожжа.

Уборка вядзецца чатырма камбайнамі. Экіпажы ў складзе Генадзя Анатольевіча і Андрэя Генадзьевіча Шпакаў, а таксама Мікалая Фёдаравіча Шпака і Аляксандра Аляксандравіча Гашчука паспелі вызначыцца на ўборцы рапсу, цяпер эфектыўна ўбіраюць збожжавыя. А наперад у спаборніцтва непасрэдна на ўборцы збожжавых культур вырваўся экіпаж у складзе Аляксандра Іосіфавіча Хлябовіча і Сяргея Фёдаравіча Шпака. Яны першымі наблізіліся да статоннага намалоту збожжа. Ладзіцца з першых дзён  работа на жніве і ў камбайнавага экіпажа ў складзе Уладзіміра Міхайлавіча Пруса і Сяргея Васільевіча Граблюка.

Вадзіцель Аляксандр Рыгоравіч Гашчук на аўтамабілі ЗІЛ перавёз з поля на дапрацоўку 80,5 тоны рапсу і 85,3 тоны збожжа. Імкнуцца не адставаць ад яго на аўтамабілях ГАЗ-53 Васіль Фёдаравіч Буйніч і Міхаіл Фёдаравіч Буйніч.

Без затрымкі дапрацоўваецца збожжа на сушыльным комплексе, дзе не пакідаюць да ранку ўбраны ўраджай машыністы Васіль Мікалаевіч Граблюк, Аляксандр Рыгоравіч Гашчук, Леанід Аляксеевіч Касперскі, Іван Рыгоравіч Найдзін.

 Фёдар ШУМКО

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *