Песняй вітаў «Ярок»

Калісьці жнеі з сярпамі выпраўляліся ў поле з песняй. Сёння іх ручная праца цалкам выцеснена і на збожжавых палетках стракочуць камбайны, а працаваць з песняй дапамагаюць культработнікі.

DSCN9658
У мінулую пятніцу, 28 ліпеня, аўтаклуб раённай клубнай сістэмы (загадчыца Таццяна Цупа) адправіўся на раён, каб стварыць працаўнікам сельскай гаспадаркі добры настрой і задаць бадзёры працоўны рытм. З народным клубам аматараў песні “Ярок” (кіраўнік Валерый Шуркала) яны на пачатку рабочага дня завіталі на машынны двор КСУП “Дубайскі”. Уладкаваўшыся ля дыспетчарскага пункта, калектыў правёў 30-хвілінны канцэрт. На спевы, якія ліліся з музычных калонак, сабраліся не толькі механізатары, а і жывёлаводы – усе, хто на той час аказаўся побач. Яны дружна апладзіравалі артыстам, запрашалі прыязджаць часцей, а намеснік кіраўніка па вытворчасці гаспадаркі Сяргей Пашкевіч асабіста выказаў шчырую падзяку творчаму калектыву за дастаўленыя хвіліны радасці.

DSCN9724
На збожжатоку ў вёсцы Відзібор, пакуль артысты рыхтаваліся да выступлення, у работнікаў якраз наспеў перапынак у рабоце. І правялі яны яго з душэўнай асалодай. За цудоўныя песні і радасны настрой працаўнікі аддзячылі “Ярку” цёплымі апладысментамі і букетам кветак.
У КСУП “Рухчанскі” імправізаваная сцэна для выступлення ўдзельнікаў аматарскай творчасці размясцілася ля вагавой. Канцэрт якраз прыпаў на абедзенны час. На гэты момант пад’ехалі некалькі аўтамашын са збожжам, за шклом кабін якіх віднеліся шыльдачкі “Ураджай-2017”. На гукі музыкі паспяшаліся работнікі збожжатока і жыхары бліжэйшых дамоў, з задавальненнем паслухалі вясёлыя песні “Ярка”.
У гэты дзень удзельнікі паездкі музычнага аўтаклуба пабывалі на збожжатаках у вёсцы Асаўцы КСУП “Відзіборскі”, аграгарадках Плотніца КСУП “Прыпяць-2009” і Глінка КСУП “АграГлінка”, дарылі свае песні, жадалі плёну ў працы і добрага здароўя.
На гэтым тыдні аўтаклуб працягне свае выезды да хлебаробаў. Куды праляжа яго новы маршрут – пра гэта паведаміць раённая газета ў наступным нумары. Чакайце – і да вас наведаецца музычны аўтаклуб.

DSCN9790
Галіна ГАШЧУК
Фота аўтара

Песняй вітаў «Ярок»: 1 комментарий

  • 01.08.2017 в 11:18 пп
    Permalink

    без комментариев…..

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *