Дарагая кожная хвіліна

Уборка 17 Маньковичи 015 Хлебаробы КУВП “Манькавічы” аднымі з першых пачалі масавую ўборку збожжавых культур. Спачатку трэба было старанна падбіраць асобныя палі, участкі, дзе збажына паспела, а цяпер можна весці работы на поўную моц.

Ва ўрочышчы Ляскова, што знаходзіцца за вёскай Адвержычы, усе пяць камбайнавых экіпажаў убіралі трыцікале. Было відаць, што работа ідзе спраўна, без лішняй мітусні. Спелыя каласы гнуліся пад цяжарам ураджаю, чакаць не было патрэбы.

— Убіраць на поўную моц нішто не замінае, — з упэўненасцю адзначае старшы камбайнер мала-дзёжнага экіпажа Мікалай Анатольевіч Калавур. – Каб толькі вытрымаў наш ветэран-камбайн, не зламаўся. 

Тэхніку да ўборкі рыхтавалі разам з Віталіем Юр’евічам Хараўцом. Нягледзячы на дзесяцігадовы ўзрост, КЗС-10 пакуль не падводзіць.Уборка 17 Маньковичи 035

Начальнік вытворчага ўчастка Генадзь Іванавіч Яхнавец тлумачыць выкарыстанне ўсёй уборачнай тэхнікі гаспадаркі на адным полі:

— Гэта дазваляе аператыўна наладзіць адвозку збожжа ад камбайнаў, а таксама забяспечыць супрацьпажарную ахову тэхнікі.

Уразіла, што пакуль мы былі на полі, пастаянна пад’язджалі і ад’язджалі аўтамабілі, якія задзейнічаны на адвозцы збожжа. І ўраджай высокі, і адлегласць да збожжатакоў нязначная.

І ўсё ж адчувалася напружанне ў настроі ўдзельнікаў уборкі. Валерый Юр’евіч Харавец, які разам з бацькам Юрыем Васільевічам з першага дня захапіў лідарства ў раённым спаборніцтве камбайнераў, тлумачыць гэта тым, што сённяшняе добрае надвор’е радуе, але не трэба зацягваць работу, бо настрой можа сапсаваць непагадзь, якая не абмінула іншыя рэгіёны краіны.Уборка 17 Маньковичи 042

– Убіраем, пакуль дазваляе вільготнасць раслін, – гаворыць Валерый Юр’евіч, – а пасля дажджу на гэтым полі не разгонішся.

Убіраць хутчэй не азначае ў спешцы не звяртаць увагу на страты ўраджаю. Усе камбайнеры забяспечваюць якасны абмалот збажыны.

Старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Ільіч Лузай, з якім мы прыехалі на поле, выказаў надзею на тое, што з такой руплівай працай камбайнеры гаспадаркі і далей будуць у лідарах раённага спаборніцтва на жніве.Уборка 17 Маньковичи 051

Якраз учора, калі ўбіралася поле з трыцікале, у гаспадарцы быў пераадолены двухтысячатонны намалот збожжа. А ўбрана ж толькі трэцяя частка палеткаў. Пакуль жа, даўшы фору па ўраджайнасці ў параўнанні з мінулым годам на 10 цэнтнераў збожжа, хлебаробы КУВП “Манькавічы” ідуць на рэкордны намалот.

Фёдар ШУМКО

Фота аўтара

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *