Чалавек шматграннага таленту

DSC_2060Пра значнасць сямейнага выхавання і любові да працы, якая прывівалася змалку нашай гераіні,  сведчыць  уласны дом, які з густам Ніна і Леанід Тумко аздабляюць сваімі рукамі.

Уздоўж дарожкі да варот растуць сланечнікі, якія адлюстроўваюць настрой гэтай жыццярадаснай жанчыны. Для афармлення падворка гаспадыня выкарыстоўвае пераважна другасную сыравіну. Яна імкнецца задзейнічаць кожны кавалачак зямлі, каб поле не пуставала, бо яшчэ ў дзяцінстве ўсвядоміла цану зямлі-карміцелькі.

Петуніі, лілеі,  касачы, флоксы і іншыя каляровыя і зялёныя расліны гарманічна спалучаюцца з геранню і кактусамі. Ніна Канстанцінаўна любіць праводзіць эксперыменты на сваім прысядзібным участку, таму і  пасадзіла пабач з аднагадовымі і шматгадовымі раслінамі пакаёвыя. Усе пачынанні жанчыны падтрымлівае муж Леанід Васільевіч.

Ніна Тумко ідзе па жыцці з песняй. Слухаеш яе і складваецца ўражанне, што перад табой паўстала гераіня старога добрага кіно. Жанчыне давялося прыняць удзел у Славянскім базары-2017. У мінулым годзе яе здольнасці выканаўцы высока ацанілі члены журы такога значнага для Беларусі дзейства. На гэты раз яна выканала песню “Окрасился месяц багрянцем”. Ніна Тумко зачаравала прысутных сваімі вакальнымі здольнасцямі, таму яе папрасілі выканаць яшчэ адну песню.

Гучаў “Школьны вальс”. Гэтую песню яна прысвячала самаму дарагому чалавеку.  Жанчына ўспамінала сваё дзяцінства і бацьку Канстанціна Сямёнавіча Астапчука, які  прайшоў праз усю вайну, быў паранены і без ног вярнуўся дадому.   Таму і спявала з такой пранікнёнасцю! Гэта быў сапраўдны поспех. Ёй апладзіравалі стоячы. Ніне Тумко за гонар прыйшоўся ўдзел у гала-канцэрце Славянскага базару. Яна ўзнагароджана дыпломам 3 ступені і атрымала запрашэнне на наступны год. Журы выказвала жаданне, каб вакалістка не пераставала  радаваць людзей сваім чароўным голасам.

І Ніна Канстанцінаўна імкнецца дарыць свой талент людзям. Разам з сяброўкай Любоўю Лукінічнай Кузьміч яна падрыхтавала канцэрт для пацыентаў бальніцы сястрынскага догляду аг. Беражное.

Няспынная праца, мэтанакіраванасць і падтрымка сям’і – тыя складнікі, якія натхняюць жанчыну. За прафесійнай парадай  Ніна Тумко звяртаецца да сына Генадзя, які мае музычную адукацыю і падзяляе імкненні маці. З аптымізмам глядзіць уладальніца непаўторнага голасу ў будучыню, бо ведае, што яшчэ паспявае і для сябе, і для іншых.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *