Яго завуць сямейным доктарам

DSCF7059 Фельчар на сяле — аўтарытэтны медыцынскі работнік і абавязаны разбірацца ва ўсім. Якая б праблема ні здарылася са здароўем, ідуць вяскоўцы ў ФАП. Выязджаюць за межы свайго населенага пункта, у раённую паліклініку толькі ў крайнім выпадку.

Больш за трыццаць пяць гадоў адданы сваёй прафесіі Мікалай Мікалаевіч Вячорка, які працуе загадчыкам Лукскага фельчарска-акушэрскага пункта. Цяжка нават уявіць, а ўжо тым больш злічыць, колькім людзям ён аказаў дапамогу за гэтыя гады.

Свабодных хвілін для размовы з журналістам не так ужо шмат: толькі прыехаў з аптэкі, папоўніўшы запасы лекаў, і ўжо пара весці прыём. У сваёй большасці да доктара ідуць бабулі: каму укол зрабіць трэба, а каму ціск вымераць. Прыём насельніцтва, выклікі, прафілактычныя агляды, розныя працэдуры — з гэтага і многага іншага складаюцца будні сельскага фельчара. І не толькі будні, але і выхадныя, і святочныя дні. Бо дапамога можа спатрэбіцца ў любы момант.

Скончыўшы ў 1966 годзе школу, Мікалай Мікалаевіч паехаў у Вялікі Ноўгарад уладкавацца на хімкамбінат. Туды яго запрасіў сябар, каб працаваць электрамантажнікам. У вольны ад працы час хадзіў у вячэрнюю школу,  вырашыў паступіць у медыцынскае вучылішча.

— Заўсёды хацеў быць зубным лекарам, — расказвае Мікалай Мікалаевіч. — Мне нават хапала балаў для паступлення на гэтую спецыяльнасць, але ў апошні момант я перадумаў і дакументы падаў на фельчара. Пасля вучобы прыехаў у родныя краі і стаў працаваць загадчыкам фельчарска-акушэрскага пункта ў вёсцы Нячатава. Пасля працаваў на хуткай дапамозе, яшчэ фельчарам у в. Гарадная і некалькі гадоў у санэпідэмстанцыі.

Працуючы ў Гарадной пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Яна была  акушэркай. У 1976 годзе, ўжо сям’ёй, мы прыехалі на Лукскі ФАП. Так атрымалася, што мне давялося пакінуць жонку працаваць тут, а сам я доўгі час быў на ФАПе ў в. Пясова. У той час вёскі квітнелі, тады ў в. Лука пражывала каля 870 чалавек, 280 з якіх былі школьнікі, у в. Пясова на той час лічылася парадку 300 жыхароў. З цягам часу Пясоўскі ФАП зачынілі, і я вярнуўся ў Лукскі.

Сёння жыццё на вёсцы значна змянілася. Моладзь з’язджае, цяпер на маім участку ў в. Лука крыху больш за 230 жыхароў, з іх адно дзіця да года. У в. Пясова пражывае 78 чалавек, туды прыязджаю весці прыём тры разы на тыдзень. Пацыенты ў асноўным — пажылыя людзі, у якіх узроставыя праблемы: гіпертанія, сардэчныя хваробы. Акрамя непасрэднага прыёму пацыентаў, загадчыку ФАПа трэба яшчэ працаваць з дакументацыяй, даваць справаздачу, планаваць сваю дзейнасць.

За гады працы фельчар ведае пра стан здароўя амаль усіх членаў сямей, якія пражываюць на яго ўчастку — ад бабуль і дзядуляў да іх унукаў. У гэтым сэнсе сельскага медыка можна называць сямейным доктарам.

Што тычацца сям’і самога Мікалая Мікалаевіча, то яны з жонкай выхавалі траіх дзяцей. Старэйшая дачка абрала прафесію педагога, сярэдні сын працуе начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Столінскага райвыканкама, а малодшы сын — пайшоў у медыцыну і вывучыўся на дзіцячага хірурга.

Мікалай Мікалаевіч некалькі годоў таму выйшаў на пенсію, але вымушаны быў вярнуцца, бо застаўся яго ўчастак без медыка. Моладзь не ахвотна хоча ехаць рабіць на сяло. Вось і выручае пакуль Мікалай Мікалаевіч сваіх жыхароў. Але здароўе крыху падводзіць, да таго ж вельмі хочацца яшчэ паняньчыць унукаў. Таму ў хуткім часе Мікалай Мікалаевіч сыходзіць на заслужаны адпачынак.

Наталія КЛІМУШКА

Фота аўтара

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *