Вясновы зарапад

DSCN8517 У нядзелю 14 мая ў Столінскім гарадскім парку адбыўся заключны канцэрт раённага конкурсу сучаснага эстраднага мастацтва “Зоркі Палесся”.

Мерапрыемству папярэднічала вялікая работа метадычнага цэнтра раённай клубнай сістэмы, спецыялісты якога правялі адборачныя туры ў Альшанах, Рэчыцы і Століне і прыкладна з  200 мастацкіх нумароў з больш як 50 устаноў культуры і адукацыі выбралі 20 лепшых для фінальнага канцэрта.

Праграма нагадвала падарожжа на самалёце, падчас якога гледачы назіралі рэдкую прыродную з’яву – веснавы зарапад. А на працягу гэтага авіяцыйнага рэйса ззялі зоркі – удзельнікі раённага конкурсу сучаснага эстраднага мастацтва “Зоркі Палесся” — вакалісты, музыканты, танцоры.DSCN8597

Цікавы сцэнарый напісала намеснік дырэктара Рэчыцкага гарадскога дома культуры Валянціна Палхоўская, а ролю канферансье выканалі ўдзельнікі клуба аматараў гульні і тэатра “Развлекай-ка” пад яе кіраўніцтвам Ганна Ражко і Дзмітрый Піліпчук.

Цудоўнымі спевамі парадавалі юныя таленты Столінскай гімназіі Мікіта Жук (7 гадоў) і Ганна Бруцкая (8 гадоў). Шэсць разнажанравых нумароў паказалі выхаванцы сярэдняй школы № 2 г. Століна (тэатр песні і танца “Акварэль”, ансамбль струннай музыкі “Званочак”, вакальныя групы “Экспромт” і “Экспрэс-muzic”), пяць – Рэчыцкай дзіцячай школы мастацтваў. Сваю творчасць прадэманстравалі гледачам выканаўцы Столінскага цэнтра дзіцячай творчасці, Рубельскага СДК, Рэчыцкага ГДК, Альшанскай музычнай школы, Стружскай СШ.DSCN8601

Усе ўдзельнікі заключнага канцэрта ўзнагароджаны дыпломамі і граматамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзела адукацыі, спорту і турызму, райкама ГА “БРСМ”.

Другі год запар заахвочвае ўдзельнікаў конкурсу “Зоркі Палесся” раённая газета “Навіны Палесся”, якая заснавала спецыяльны прыз. Сёлета наш падарунак атрымала сярэдняя школа № 2 г. Століна, творчыя калектывы якой паказалі жанравую разнастайнасць. Сваю ўзнагароду сёлета прапанаваў інфармацыйны партал “Медыя-Палессе”. Падарунак з рук карэспандэнта Наталлі Базар атрымала Марына Лемяза з Альшанскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў.

Парад талентаў эстраднага мастацтва запаліў новыя зорачкі на небасхіле Століншчыны. Няхай яны ярка свецяць і радуюць нас сваімі новымі выступленнямі!

Галіна ГАШЧУК

Фота аўтара

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *