Не забывайце іх імёны

ВЕТЭОРАНПерада мной сядзіць жанчына. Яна беражліва трымае ў руках партрэт свайго старэйшага брата Іосіфа Андрэевіча Ляшкевіча. Праз слёзы, перамагаючы пачуцці, расказвае пра жыццё, пра свае ўспаміны аб старэйшым браце.

Гэта зараз Алена Андрэеўна Бут-Гусаім жыве ў Століне, а яе дзяцінства прайшло ў вёсцы Дубай. Яе маці выйшла замуж за ўдаўца, у якога ўжо быў сын – Іосіф. Амаль 20 гадоў розніцы паміж старэйшым сынам Андрэя і яго меншай дачушкай Аленай. Ды гэта не перашкаджала ім быць сапраўднымі братам і сястрой, клапаціцца адзін пра аднаго.

Хто ведае, якія дарункі гатаваў ім лёс, каб не вайна. Менавіта яна ўварвалася ў жыццё сям’і, у жыццё мільёнаў людзей.

Сям’я Ляшкевічаў была на сенакосе, калі да іх выйшлі партызаны. Тады Іосіф і вырашыў пайсці ў партызанскі атрад. Вярнуўся дахаты па вопратку, ежу – і пайшоў. Іх партызанскі атрад напачатку размяшчаўся каля Пінска. Пасля перамясціўся ў Заходнюю Украіну.

Калі Заходняя Украіна была вызвалена, Іосіф пайшоў на фронт. Нядоўгім былі яго змаганні ў радах Чырвонай Арміі. Але там зусім іншы адлік часу. За адзін бой можна перажыць цэлае жыццё. За адзін бой, за адно імгненне ты можаш страціць усё, што ў цябе было да гэтага.

Нашы вызвалялі Варшаву. Цяжкае змаганне з нямецкімі злучэннямі. І цяжкае раненне. Дзясяткі кавалкаў міны ўпіліся ў цела Іосіфа. Асколкі распаласавалі жывот. Але ён апрытомнеў праз некаторы час і ўбачыў, як немцы дабівалі параненых, што ляжалі на полі бою. Ён змог перакаціцца ў канаву.

…У Дубай прыйшло паведамленне: ваш сын прапаў без вестак. Сям’я развіталася з ім. Цэлы год яны аплаквалі свайго сына, брата. І вось аднойчы з самага ранку меншы сын Мікалай расказаў свой сон, якому прыснілася, што Іосіф трымае на руках Аленку. Бацькі  адмахнуліся ад расказа Мікалая. А днём прыйшлі з паведамленнем з сельскага Савета: вам пісьмо.

Калі адкрылі гэты ліст, то не маглі паверыць. Іосіф быў жывы. Цяжка паранены,  ён знаходзіўся ў шпіталі ў Сочы. Цэлы год лячэння. Цэлы год ён знаходзіўся паміж жыццём і смерцю.

Вярнуўся дахаты з цэлымі рукамі і нагамі, але здароўе было моцна падарвана. Хаця з самага пачатку Іосіф  яшчэ трымаўся малайцом. Ён быў адмысловым танцорам, з якім марыла патанцаваць кожная дзяўчына.

Ды ваенныя раны не давалі спакою. Як не давалі магчымасці наладзіць і сямейнае жыццё. Літаральна праз год пасля вяртання дахаты ён стаў моцна хварэць. Выходзілі асколкі з розных частак цела. Ён атрымаў групу інваліднасці. Ні адну з прапаноў паехаць падлячыцца ў санаторыі не прыняў. Калі зусім станавілася цяжка, праходзіў лячэнне ў бальніцы Століна.

Знаходзіў спакой на пасецы, якая была ў сям’і. Ён ішоў туды на некалькі дзён, а то і на тыдзень.

Іосіф Андрэевіч не мог глядзець фільмы пра вайну. Аднойчы малодшы брат пазваў яго глядзець ваенную стужку. Іосіф вярнуўся з дрыжачымі рукамі. Некалькі дзён не мог прыйсці ў сябе. Больш ніхто яму ніколі не прапаноўваў пайсці на прагляд ваеннага фільма.

Памёр ён у лютым 1964 года. Пахаваны на сваёй маленькай радзіме. У жывых з дзяцей Андрэя Ляшкевіча засталася толькі Алена Андрэеўна. І ў той ужо няма магчымасці даглядаць магілку брата.

Яна спадзяецца, што догляд магілкі, шэфства над памяццю ветэрана вайны возьмуць школьнікі. Што ў Дзень Перамогі яго ўзгадаюць кветкамі і добрым словам. Што сцежка да месца, дзе пахаваны Іосіф, не зарасце.

Няхай іх імёны жывуць у нашай памяці, няхай мы іх узгадаем хаця б некалькі разоў у год. І Дзень Перамогі – гэта магчымасць аддаць даніну павагі. У сям’і Бут-Гусаімаў захоўваецца партрэт Іосіфа Андрэевіча. Магчыма, нехта мог бы пранесці яго ў калоне памяці на мітынгу.

Таццяна СЕГЕН

Фота з сямейнага архіва

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *