Наша шчасце – гэта дзеці!

IMG_9542Менавіта гэта выказванне гучала лейтматывам падчас правядзення раённага конкурсу “Лепшая мнагадзетная сям’я-2017”. Мерапрыемства праходзіла ў мінулую нядзелю на канцэртнай пляцоўцы гарадскога парка райцэнтра.

Пяць “маленькіх дзяржаў” змагаліся за званне пераможцы. Але, трэба заўважыць, што, назіраючы гэта дзейства, зусім не адчувала нейкіх імкненняў з боку ўдзельнікаў паказаць жорсткую прагу заняць першую прыступку п’едэстала. Гэта было сапраўднае свята дарослых і дзяцей, якіх можна прыводзіць як прыклад сямейных адносін.

Такім чынам, нялёгкую ролю канкурсантаў давялося ўскласці на свае плечы сям’і Вабішчэвічаў Канстанціна і Валянціны з чатырма сыночкамі (аг. Рубель), сям’і Булыга Генадзя і Наталлі з двума дочачкамі і сынулем (в. Стахава), сям’і Трапцоў Андрэя і Аксаны з дачушкай і двума сынамі (г. Столін), сям’і Леська Аляксандра і Вольгі таксама з дачкой і двума сынамі (аг. Глінка) і сям’і Вабішчэвічаў Генадзя і Яніны з трыма сынамі (р. п. Рэчыца). Дарэчы, самаму маленькаму ўдзельніку  — Аляксандру Леська – толькі паўгода.

Конкурсы былі традыцыйнымі для адпаведных мерапрыемстваў: візітная картка, кулінарны, творчы, хатняе заданне. Але адзін быў своеасаблівы і называўся “Радавод”. Гэта і цікава, і каштоўна, калі ў сям’і ведаюць і шануюць памяць пра сваіх продкаў. Каб годна паказаць сябе ў гэтым конкурсе, удзельнікам давялося правесці вялікую даследчую работу і скласці ўсе звесткі ў адзін ланцужок свайго роду.

Усе сем’і, кожная па меры сваёй магчымасці, паказалі здольнасці ў прапанаваных заданнях. На мой погляд, нават тое, што яны выйшлі на сцэну перад гледачамі, гэта ўжо заслугоўвае павагі. Пагадзіцеся, не ўсе мы маем артыстычныя навыкі і не хвалюемся, калі на нас засяроджана ўвага іншых.

IMG_9448 IMG_9450 IMG_9452 IMG_9458 IMG_9464 IMG_9470 IMG_9472 IMG_9484 IMG_9491 IMG_9498 IMG_9500 IMG_9501

IMG_9554Журы было складана вызначыцца з пераможцай. Але гэта конкурс! Лепшай мнагадзетнай сям’ёй прызнана сям’я Трапцоў з горада Століна. Са званнем “Самая таленавітая” дахаты паехала сям’я Булыга, са званнем “Самая дружная” – сям’я Вабішчэвічаў з аг. Рубель, са званнем “Самая творчая” – сям’я Вабішчэвічаў з р. п. Рэчыца і са званнем “Самая вясёлая” – сям’я Леська.

Ініцыятарам правядзення раённага конкурсу выступіў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Падтрымала іх намаганні ГА “Белая Русь”, якая набыло для ўдзельнікаў сувеніры, зробленыя рукамі інвалідаў, якія наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для маладых інвалідаў ДУ ”Столінскі ТЦСАН”. Не засталіся ўбаку раённае аб’яднанне прафсаюзаў, а таксама пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі па месцы работы канкурсантаў, якія заахвоцілі іх прэміяй. Дапамагалі ў арганізацыі мерапрыемства і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. А Столінскі хлебазавод парадаваў удзельнікаў салодкімі падарункамі.

Тэкст і фота Алены КЛІМУШКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *