Трагедыя без тэрміну даўнасці

Р. І. сысаСёння Чарнобыльская катастрофа расцэньваецца як буйнейшая ў сваім родзе за ўсю гісторыю атамнай энергетыкі па колькасці загінуўшых і пацярпелых ад яе наступстваў людзей.

Што ж здарылася той красавіцкай ноччу? Ці можна было прадугледзець гэтую аварыю? На гэтыя пытанні спрабавалі адказаць лепшыя вучоныя, па хвілінах узнаўляючы падзеі таго дня. Праведзены дзясяткі расследаванняў і эксперыментаў. Узнікла вялікая колькасць самых розных версій, але адзінага меркавання няма і да гэтага часу. Зразумелым застаецца толькі адно: чарнобыльская аварыя будзе нагадваць аб сабе яшчэ не аднаму пакаленню…

У першыя дні былі эвакуіраваны людзі з 30-кіламетровай зоны, якая называецца зонай адчужэння. 1100 аўтобусаў калонай вывозілі насельніцтва Чарнобыля, Прыпяці і іншых бліжэйшых населеных пунктаў. Людзі кінулі свае дамы і ўсё, што ў іх знаходзілася. З сабой ім дазволілі ўзяць толькі пасведчанні асобы і ежу на некалькі дзён. Вада, жывёла і расліннасць на гэтай тэрыторыі былі прызнаны непрыгоднымі для ўжывання і неслі небяспеку для здароўя. У хуткім часе стала зразумела, што чалавек больш не вернецца ні праз год, ні праз дзясяткі гадоў на гэтую зямлю, якая стала забароненай зонай.

У ліпені 1988 года на тэрыторыі Беларускай ССР узнік Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік, які з’яўляецца буйнешым у Еўропе. Яго тэрыторыя складае каля 213 тысяч гектараў і ахоплівае тры раёны, якія найбольш пацярпелі ад аварыі — Брагінскі, Нараўлянскі і Хойніцкі. Было выселена 114 тысяч чалавек з 86 вёсак. Што давялося перажыць гэтым людзям, якія пакідалі ў спешцы свае абжытыя дамы, нават уявіць страшна. Многія вёскі былі сцерты з зямлі назаўсёды.

Зараз у заказніку працуюць 700 чалавек, галоўнай задачай якіх – не даць радыяцыі выйсці за межы. Адзін з такіх смелых (не пабаюся гэтага слова — аўт.) людзей – Рыгор Іванавіч Сыса, які з’яўляецца вядучым спецыялістам аддзела лясной гаспадаркі і аховы Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.

Пазнаёміцца з ім і ўзяць інтэрв’ю пашчасціла ў час візіту на сваю малую радзіму – аграгарадок Альшаны. Ён наведаў сярэднюю школу № 2 г. Давыд-Гарадка, дзе правёў навуковую канферэнцыю і расказаў вучням аб сваёй рабоце.

Прапаную чытачам газеты нашу гутарку.

– Рыгор Іванавіч, як Вы апынуліся ў тым месцы, якое 31 год таму назаўсёды пакінулі сотні людзей?

– Так сталася, што з наступствамі чарнобыльскай аварыі я сутыкнуўся літаральна ў першыя дні. Менавіта 26 красавіка 1986 года мы з жонкай і гадавалым сынам прыехалі да яе бацькоў у вёску Ровенская Слабада, якая знаходзіцца ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці. Садзілі бульбу. Як цяпер памятаю, ужо стаяла сапраўдная спёка і мы са шваграм былі без кашуль. Завіхаемся на агародзе, а да нас падыходзіць сусед, сын якога быў галоўным санітарным ўрачом, і кажа нам, каб хутчэй апраналіся і хаваліся ў хату. Бяда, маўляў, здарылася — ўзрыў на атамнай электрастанцыі. Паколькі інфармацыі аб гэтым ні па тэлебачанні, ні па радыё не было, да слоў суседа паставіліся без належнай увагі.

Паехалі на сесію, тады мы з жонкай былі студентамі Брэсцкага педагагічнага інстытута і заканчвалі апошні курс біёлага-хімічнага факультэта. А 8 мая цешча тэлефануе, каб мы хутчэй ехалі па сына, бо робіцца штосьці незразумелае. Усе пакідаюць вёску і некуды едуць. Безумоўна, мы тут жа рынуліся дамоў. А ўжо адтуль напрасткі ў Гомельскую абласную бальніцу, дзе нас паклалі ў радыелагічнае аддзяленне. Наша адзенне тут жа забралі і, як даведаліся пазней, знішчылі, а нам выдалі бальнічныя халаты. Радыяцыю мералі па некалькі разоў на дзень і амаль кожную гадзіну трэба было мыцца. Атручванне радыяцыйным ёдам было відавочна, паказчыкі зашкальвалі. З намі ляжала многа сямей, але яшчэ многія засталіся без медыцынскай дапамогі. А нам трэба было экзамен апошні здаваць. Заўсёды быў адказным студэнтам (Рыгор Іванавіч заняў трэцяе месца на ўсесаюзнай алімпіядзе сярод студэнтаў па хіміі ў Душанбэ — аўт.). А тут дыплом пад пагрозай. Патэлефанаваць было нельга, міжгародняя сувязь была адключана і нават тэлевізар не ўключалі, каб паніку не ўздымаць сярод насельніцтва. Мы з жонкай ледзь адпрасіліся ў галоўнага ўрача, каб адпусціў. Праўда, у Брэсце, як толькі мы прыехалі, нас ужо чакала патранажная медсястра і мы працягвалі здаваць аналізы.

– Вы як чалавек дасведчаны, вывучалі хімію, пэўна разумелі ўсё небяспечнасць сітуацыі?

– З часам стала зразумела, што наступствы чарнобыльскай аварыі не пройдуць не за адзін год і нават не за стагоддзе. З гэтым давядзецца жыць не толькі нам, але і нашым нашчадкам. З пункту гледжання ўздзеяння на насельніцтва ў першыя тыдні пасля аварыі найбольшую небяспеку ўяўляў радыеактыўны ёд, які мае параўнальна малы перыяд паўраспаду — восем дзён. У цяперашні час і ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі найбольшую небяспеку нясуць ізатопы стронцыю і цэзію з перыядам паўраспаду каля 30 гадоў. Найбольшыя канцэнтрацыі цэзію-137 выяўлены ў павярхоўным пласце глебы, адкуль ён трапляе ў расліны і грыбы. Забруджванню таксама падвяргаюцца насякомыя і жывёлы, якія імі сілкуюцца. А радыеактыўныя ізатопы плутоніюі амерыцыю могуць захоўвацца ў глебе на працягу соцен, а магчыма і тысяч гадоў. У кожнага, хто тут працуе, ёсць індывідуальны накапляльнік, які фіксуе радыяцыю, якую мы атрымліваем за год. На жаль, многія з маіх знаёмых, хто атрымаў вялікую дозу, ужо пакінуў гэты свет. Анкалогія і сардэчная недастатковасць забіраюць зусім маладых людзей. Таму мы ўвесь час пад медыцынскім наглядам. На нашай станцыі маніторынгу навакольнага асяроддзя ў в. Масаны, што знаходзіцца на мяжы з Украінай, людзі працуюць толькі вахтавым метадам. Два гады таму была страшэнная спёка і здарыўся пажар. Гарэў лес на тэрыторыі 30000 гектараў і мы ніяк не маглі даць рады. Рызыкавалі ўсе мае калегі, бо пры пажары павялічваецца радыяцыя. Мы два месяцы тушылі яго, дапамаглі работнікі МНС. Штодзень мы аглядаем тэрыторыю са шматлікіх вышак, каб прадухіліць бяду.

– У дакументальным фільме “Чарнобыльскія джунглі”, які вы прывезлі для паказу вучням, расказваецца пра запаведнік. Што найбольш вас уразіла, калі вы прыехалі сюды працаваць?

– Уразіла цішыня. Злавесная цішыня, ад якой здавалася, шуміць у вушах. Ты заходзіш у вёску, а там ні адной душы. Дзікія жывёлы ходзяць па вуліцах. І зусім не баяцца чалавека. Адвыклі. Дамы і хлявы пазарасталі, на дахах дрэвы растуць. Дагэтуль я быў дырэктарам школы ў Любанскім раёне, звонкія дзіцячыя галасы чуў на працягу 12 гадоў, а тут толькі гукі жывой прыроды. Я многа хадзіў па лясах, калі рыхтаваў дысертацыю на тэму “Біялагічныя асаблівасці ваўкоў у Чарнобыльскай зоне”. Да таго я скончыў Рыбнінскі інстытут пчалярства пры Расійскай акадэміі навук. Паколькі ў мяне педагагічная адукацыя, перад работай таксама давялося скончыць спецыяльныя курсы ў Гомелі. Мы вывучаем ўздзеянне радыяцыі на жывёльны і раслінны свет, бяром пробы і назіраем за прыродай. Сюды закрыта дарога чужым людзям. Праўда, ёсць такія, якіх не пужае знак  радыяцыі, што стаіць паўсюдна. Іх спакушаюць грошы. На тэрыторыі запаведніка многа дзікоў, ласёў, аленяў, ліс, зайцаў, іншых відаў рэдкіх жывёл, а грыбоў і ягад, хоць касой касі. Толькі ўсе яны забруджаныя радыенуклідамі  іх забаронена ўжываць. Нават дзве трэція лесу не праходзяць пробы, таму ён нікуды не вывозіцца. Шкада, што некаторым людзям гэта трэба на пальцах тлумачыць. Толькі адзін дзень у годзе мы прапускаем людзей без прапускоў – на Радаўніцу. Той, хто раней тут жыў, пасля смерці просіць менавіта тут і пахаваць. Мы дапамагаем у арганізацыі пахаванняў. Гэта апошняя жаданне чалавека.

– Рыгор Іванавіч, вы як спецыяліст, можаце ахарактарызаваць радыяцыйную абстаноўку ў нашым раёне? Зараз многія населеныя пункты лічацца ўжо чыстымі.

– Справа ў тым, што радыяцыя мае мазаічны характар, гэта значыць, яна асядала там, куды дзьмуў вецер і дзе выпалі радыяцыйныя дажджы. І нават за сотні кіламетраў нельга было вады набраць з калодзежаў, якая стала рыжай. Вядома, што ў першыя дні зафіксаваны высокія паказчыкі ў шведскім горадзе Форсмак, куды яна трапіла з ветрам, прычым настолькі, што нават планавалася эвакуіраваць насельніцтва. У Столінскім раёне найбольш забруджаная некаторая частка тэрыторыі на Альманскіх балотах, таму не рэкамендую частавацца ягадамі і іншымі ляснымі дарамі адтуль. А вось рака Прыпяць ачышчаецца дзякуючы цячэнню, і рыба тут чыстая.

Увогуле, наш раён унікальны. Тут вельмі працавітыя і дбайныя людзі. Мне заўсёды прыемна сюды прыязджаць, вітацца са знаёмымі, сябрамі. Я хачу пажадаць усім цудоўнага настрою перад майскімі святамі і моцнага здароўя! І больш ніколі не баяцца дажджу.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *