На рабоце і працую, і адпачываю!

Демко юбилей работы 059Сельгаспрадпрыемства “Фядорскі” ведаюць не толькі ў нашым раёне. Яно займае лідзіруючыя пазіцыі і на абласным, і на рэспубліканскім узроўнях. І вось ужо 40 гадоў – гэта працоўны стаж яго кіраўніка Рыгора Аляксеевіча Дзямко на пасадах старшыні. Так, з 1977 па 1985 год Рыгор Аляксеевіч узначальваў калгас імя С. М. Кірава, а з 1985 года ідзе адлік яго работы ў Фядорах.

З гэтай нагоды днямі і віншавалі старшыню “Фядорскага” ў Столінскім райвыканкаме. Як адначыў у сваім вітальным слове старшыня райвыканкама Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі, Рыгор Аляксеевіч – гэта сапраўдны скарб раёна. Чалавек, які сваёй самаадданай працай развіваў уначальваемую гаспадарку, якая ператварылася ў эканамічна магутнае сучаснае сельгаспрадпрыемства. Ён заўсёды гатовы дапамагчы сваім калегам, падзяліцца ведамі, вопытам, падтрымаць у складаных сітуацыях.

Рыгор Дзямко ўзнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыны ІІІ ступені, медалём “За працоўную доблесць”, мае званне Заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, выбіраўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца Ганаровым грамадзянінам Столінскага раёна і мае яшчэ шмат грамат, дыпломаў рознага ўзроўню.

Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі ўручыў юбіляру Ганаровую грамату Столінскага раённага Савета дэпутатаў.

Прыехаў павіншаваць старшыню “Фядорскага” і выконваючы дырэктар Брэсцкага абласнога  аграпрамысловага саюза Мікалай Сцяпанавіч Козак. Ён адзначыў, што ў нашай вобласці на асобым уліку знаходзяцца такія кіраўнікі, як Рыгор Аляксеевіч. Гэта флагманы сельгасвытворчасці, імі па праву ганарацца, з іх бяруць прыклад, на іх раўняюцца.

Словы падзякі ў першую чаргу за нялёгкую справу  — справу старшыні, які адказвае за кожны гектар угоддзяў, за кожнага члена калектыву, выказаў і старшыня раённага аграпрамысловага саюза, дырэктар КУВП “Манькавічы” Аляксей Васільевіч Мікуліч. Таксама юбіляр прымаў віншаванні ад старшыні раённага Савета ветэранаў вайны і працы Валянціны Васільеўны Мірановіч, старшыні раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандра Ільіча Лузая, начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Аляксандра Мікалаевіча Ярашэвіча, а таксама ад свайго калегі з Кобрынскага раёна Уладзіміра Рыгоравіча Кузіча.

Рыгор Аляксеевіч быў надта ўзрушаны такой увагай і выказаў словы глыбокай падзякі за віншаванні.

– Я заўсёды жыву сваёй работай. Гэта мая любімая справа, таму не магу ставіцца да яе выканання абыякава.  Асабліва шчаслівы тым, што меў выдатных настаўнікаў, якія дапамаглі мне стаць тым, хто я ёсць цяпер. Работа для мяне – гэта і праца, і адпачынак. Ганаруся сваім калектывам – не так проста было аб’яднаць зусім розных людзей, нават не землякоў у адзінае цэлае. Але ўдалося.  І гэта таксама адна са складаючых поспеху СВК “Фядорскі”.

Тэкст і фота Алены КЛІМУШКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *