На камісіі па справах непаўналетніх

childВось і пакаштаваў піва

Шостага красавіка перад членамі камісіі па справах непаўналетніх стаяў навучэнец адной з сярэдніх школ С., які ў Міжнародны дзень жанчын быў затрыманы супрацоўнікамі праваахоўных органаў у гарадскім парку г. Століна ў стане алкагольнага ап’янення. Медыцынскі агляд паказаў наяўнасць алкаголю ў крыві маладога чалавека 1,14 праміле. Свой учынак непаўналетні растлумачыў тым, што ў парку невядомыя маладыя людзі прапанавалі яму выпіць піва, а паколькі ён ніколі не ўжываў алкаголь, дык і вырашыў  пакаштаваць.  С. прызнаў сваю віну і запэўніў, што больш  такога не паўторыцца.

Улічваючы станоўчую характарыстыку, мерай пакарання стала 0,5 базавай велічыні, хаця максімальны памер штрафу складае восем базавых.

Пад уплывам старонніх

Бацькі непаўналетняй В. прыцягнуты да  адміністрацыйнай адказнасці з прычыны невыканання імі належным чынам сваіх бацькоўскіх абавязкаў.  Як аказалася, восьмага сакавіка В. знаходзілася ў позні час не дома, што прадугледжвае пакаранне бацькоў штрафам ад 2 да 5 базавых велічынь. Дзявятага ж  сакавіка непаўналетняя трапіла ў поле зроку прадстаўнікоў  праваахоўных органаў у стане алкагольнага ап’янення.

В. не першы раз трапляе на камісію па справах непаўналетніх. Навучэнка ліцэя часта прапускае заняткі без уважлівых прычын, не начуе ў інтэрнаце. На ўгаворы, просьбы, папярэджанні дарослых яна не рэагуе. Значны ўплыў на яе аказваюць староннія, у якіх яна бачыць  сяброў і самых блізкіх людзей, але не хоча сабе прызнацца, што вельмі памыляецца і калечыць сваю будучыню. Члены камісіі заклікалі В. абдумаць свае ўчынкі і зрабіць адпаведныя высновы, пакуль яшчэ не позна.

Бацькам непаўналетняй давядзецца заплаціць штраф у 4 базавыя велічыні.

Як знайсці агульную мову?

Паўторна прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці маці непаўналетняй Б. Навучэнка ліцэя  курыла ў непрызначаным для гэтага  месцы. Мера пакарання – штраф да 4 базавых велічынь.  Паводзіны непаўналетняй насцярожваюць не толькі педагогаў, якія адзначаюць, што ніякай станоўчай дынамікі не назіраецца. Б. выбрала сабе сяброўку, якая аказвае на яе негатыўнае ўздзеянне. На ўгаворы маці не паддаецца. Тая прызнаецца, што не можа самастойна справіцца з дачкой. Яе просьбы і імкненні наладзіць узаемаадносіны з дачкой не даюць станоўчых вынікаў. В. яе не чуе і не надае ўвагі словам маці.

На гэты раз маці заплаціць 0,5 базавай велічыні, але як знайсці агульную мову з дачкой, каб папярэдзіць больш сур’ёзныя наступствы такіх безадказных паводзін непаўналетняй – над гэтым жанчыне трэба неадкладна задумацца, каб не здарылася непапраўнае.

Так склаліся  абставіны

У парку “Манькавічы” хлопчыкі свавольнічалі, штурхаліся, кідаліся снежкамі. Па неасцярожнасці А. нанёс Ш. цялесныя пашкоджанні. Расказаць праўду бацькам непаўналетнія пабаяліся, таму і прыдумалі гісторыю, якая пацягнула за сабой цэлую чараду следчых мерапрыемстваў, каб дакапацца да праўды. Ва ўчынку А. злога намеру, безумоўна, не было,  проста так атрымалася па неасцярожнасці, бо дзеці не маглі заўчасна прадбачыць вынікі сваіх дзеянняў. Тым больш, што бацькі  А. і Ш. увесь час праводзяць з імі гутаркі, тлумачаць, што можна рабіць, а што — не. Яны займаюцца выхаваннем дзяцей, імкнуцца праводзіць з імі вольны час ці заняць іх пэўнай дзейнасцю ў гуртках і секцыях.

Члены камісіі вырашылі спыніць справу, бо прычынна-следчая сувязь  і віна з боку бацькоў тут не назіраецца. Яны займаюцца выхаваннем сваіх непаўналетніх дзяцей, а непрыемная сітуацыя – вынік збегу абставін, ды і дзеці не трымаюць адзін на аднаго крыўду, а па-ранейшаму сябруюць.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *