Ёсць за кошт чаго расці

traktor_pole_pashnya_selskoe_hozyaystvo_14560_2560x1600Выніковы сход працаўнікоў ААТ “Лядзецкі” сёлета нязвыкла адцягнуўся на канец сакавіка. Быццам, ужо не час для пасяджэнняў і разважанняў: на двары шуміць вясна, тэхніка напружана задзейнічана ў полі. І ўсё ж лепш пазней, чым ніколі. Ды і старт года працягласцю тры месяцы дазваляе бачыць больш востра вынікі зробленага ў мінулым годзе, а значыць, больш дэталёва акрэсліць задачы на будучыню.

Калі меркаваць па асноўных паказчыках вытворчай дзейнасці, якія прывёў у сваім выступленні на сходзе дырэктар ААТ Уладзімір Аляксандравіч Вярэніч, гаспадарка ўпэўнена трымаецца ў ліку лепшых па эканамічным стане сельгасарганізацый раёна, адбываецца яе паступальны рух. Вытворчасць валавой прадукцыі ў параўнанні з папярэднім годам павялічылася на 3,7 працэнта, грашовая выручка – на 20 працэнтаў. Рэнтабельнасць вытворчасці сельгаспрадукцыі склала 6,8 працэнта, а без дзяржпадтрымкі – 3,9 працэнта. У параўнанні з 2015 годам яна павысілася ў 2,5 раза. Заработная плата па гаспадарцы ў сярэднім павялічылася на 2,1 працэнта.

Асабліва прыкметныя станоўчыя перамены ў вытворчасці малака. Валавая вытворчасць прадукту павялічылася на 7,5 працэнта, а надой ад кожнай каровы – на 265 кілаграмаў.

Выказваючы словы ўдзячнасці працоўнаму калектыву за старанне і працавітасць, Уладзімір Аляксандравіч усё ж засяродзіў агульную ўвагу на нявыкарыстаных магчымасцях. Самы яскравы прыклад магчымасцяў гаспадаркі – работа жывёлаводаў у 2015 годзе, калі валавая вытворчасць малака вырасла на 14,6 працэнта, а прадуктыўнасць малочнага статка павялічылася на 471 кілаграм. Малако змаглі рэалізаваць пераважна класам “экстра” і вышэйшым сортам.

Мінулы год быў не такі спрыяльны па многіх фактарах. З-за таго, што змаглі нарыхтаваць на стойлавы перыяд усяго па 15 цэнтнераў кармавых адзінак травяністых кармоў, з самай ранняй вясны давялося шукаць сілас па вобласці, робячы прадукцыю фермаў  надта дарагой. Не апраўдаліся надзеі і на зернефураж. Ураджайнасць збожжавых і зернебабовых культур летась у параўнанні з папярэднім годам знізілі на шэсць цэнтнераў з гектара.

Не страціць заваяваных пазіцый у жывёлагадоўлі калектыў змог у першую чаргу за кошт рэзкага павелічэння нарыхтоўкі травяністых кармоў у 2016 годзе. Забяспечанасць адной умоўнай галавы статка павялічылася на 10 цэнтнераў кармавых адзінак.

Але размова пайшла пра нявыкарыстаныя рэзервы. Кармоў сапраўды стала больш, іх не трэба было купляць у іншых. Гэта плён увядзення 700 гектараў меліяраваных зямель. Але пры павелічэнні аб’ёмаў нарыхтоўкі кармоў узніклі цяжкасці з захаваннем тэхналогіі іх прыгатавання з-за расцягнутых тэрмінаў уборкі траў і кукурузы на сілас. Не толькі травы перараслі. Кукурузу, напрыклад, убіралі са жніўня да кастрычніка. Не дабіліся належнага здрабнення перасохлай сіласнай масы. Былі парушаны тэхналагічныя нормы па сіласаванні, закрыцці траншэй. Жывёла ад такіх кармоў атрымала нямала шкоды.

Працягвае трывожыць стан сельскагаспадарчай тэхнікі на нарыхтоўцы кармоў. Яе трапна назвалі “стомленай”. Новая не набываецца, а наяўная запатрабавала значныя сродкі на запчасткі і рамонт. Зараз вырашаецца задача набыцця дадатковага кормаздабываючага камбайна.

З павелічэннем прадуктыўнасці дойнага статка стала больш выпадкаў гінекалагічных захворванняў кароў, пачасціліся мастыты жывёлы. Калі ў 2015 годзе 41,2 працэнта рэалізавалі класам “экстра”, дык летась – толькі 22 працэнты.

Пра рэзервы, якія відаць няўзброеным вокам, гаварылі на сходзе і спецыялісты гаспадаркі. Галоўны заатэхнік Вера Сяргееўна Галік адзначыла, што пры аднолькавых умовах утрымання і наяўнасці кармоў вынікі работы па фермах рэзка адрозніваюцца. На ферме “Лядзец” сярэдні надой склаў 5083 кілаграмы малака, “Вялікія Арлы” – 4513 кілаграмаў, “Гарадзец” – 3624 кілаграмы малака. На лепшай ферме 35 працэнтаў малака залічана класам “экстра”, на адстаючай такой прадукцыі за год не бачылі. Расход кармоў на цэнтнер прадукцыі па фермах адрозніваецца на некалькі кілаграмаў. Па ферме “Гарадзец” спецыяліст выказалася катэгарычна: у жывёлаводаў няма ўсведамлення, што як працуем, так і зарабляем. Работнікі гэтай фермы не выганялі кароў на прагулкі, бо, на іх думку, ім мала плацяць…

Галоўны аграном Аляксей Віктаравіч Братцаў расказаў пра важнасць ажыццяўлення праграмы развіцця раслінаводства. Дадаткова ўведзеныя зямельныя ўгоддзі даюць магчымасць не знізіць вытворчасць збожжа, а нарыхтоўку травяністых кармоў можна давесці да 30 цэнтнераў на адну ўмоўную галаву статка. З гэтай мэтай да 500 гектараў павялічаны пасевы шматгадовых траў. Да 310 гектараў будзе даве-дзена плошча пад люцэрнай.

Галоўны эканаміст Іна Іванаўна Каляда акрэсліла тыя рубяжы, якія трэба дасягнуць сёлета, каб не спыніцца ў развіцці. Яны рэальныя. Напрыклад, ураджайнасць  збожжавых і зернебабовых 37,4 цэнтнера з кожнага гектара – гэта пазалеташняе дасягненне. Не здаецца фантастыкай і задача мець не менш за 60 працэнтаў малака класа “экстра”, а яго таварнасць 90 працэнтаў.

І зноў называюцца рэзервы, да якіх самым пільным чынам трэба звярнуцца. Да выхаду жывёлы на пашу неабходна правесці лячэнне кароў. Нельга і далей дапускаць празмернае выбыццё са статка цялушак, наяўнасць ялавасці кароў. І гэта работа не заўтрашняга дня, бо тут вельмі многае страчана яшчэ ўчора.

На галоўным сходзе года прысутнічаў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалай Мікалаевіч Мароз. Ён аддзначыў, што гаспадарка дастойна набірае абароты пасля аб’яднання двух ранейшых сельгаскааператываў. На перспектыву ў гаспадарцы – будаўніцтва сучаснай жывёлагадоўчай фермы з даільнай залай. З тымі захадамі, якія прымаюцца ў кормавытворчасці, гэта шлях на далейшае развіццё жывёлагадоўлі.

Фёдар

ШУМКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *