У нас цэлы год вясна

сем'я ГушчаА як жа, калі штодзень ззяюць дзявочыя ўсмешкі? Бо ў сям’і Марыны Аляксандраўны і Уладзіміра Мікалаевіча Гушча з аграгарадка Велямічы гадуюцца пяць дачушак! Пяць прыгажунь – галоўны скарб для бацькоў.

– Безумоўна, дзяўчынкі ёсць дзяўчынкі, — згаджаецца маці. – Бывае, могуць і паспрачацца, калі штосьці не падзеляць. З малых гадоў нам дапамагаюць: жывём жа ў вёсцы і трымаем гаспадарку. Таму ў нашай сям’і няма месца крыўдам. Я хачу данесці да сваіх дзяцей, што галоўнае – гэта паважлівасць і ўзаемаразуменне. Важна, калі ты можаш падтрымаць і цябе падтрымаюць у цяжкую хвіліну. Калі ты прыходзіш увечары стомлены, а цябе не хочуць турбаваць.

Пакуль гутарылі з Марынай Аляксандраўнай, дзяўчаткі накрывалі на стол. З’явіўся торт, які юныя гаспадыні прыгатавалі самастойна, а па кубках разлілася гарачая гарбата.

– Старэйшэй Алёне ўжо 16 гадоў, – расказвае матуля пра сваіх памочніц. – Але і зараз памятаю той дзень, калі нарадзілася мая першая дачушка. Я не магла наглядзецца на яе. Зараз наадварот – вельмі спакойная і разважлівая, вельмі любіць чытаць і ў будучыні марыць стаць настаўніцай пачатковых класаў. Калі старэйшай дачцэ споўнілася два гады, нарадзілася наша Ганначка. Яна ў нас добра вучыцца, мае сур’ёзны характар  і прафесію сабе выбрала такую ж  – інжынер-тэхнолаг малочнай вытворчасці. Яшчэ цудоўна малюе і нядаўна перамагла ў школьным конкурсе “Герб роду”.  А вось трэцяя наша дзяўчынка  – адзінаццацігадовая Юля надта непаседлівая. Сябруе з усімі суседскімі хлапчукамі і да позняга вечара можа гуляць на вуліцы, пакуль не паклічаш.   Таццяна – гэта наш навагодні падарунак, бо нарадзілася яна 1 студзеня 2011 года.  Ёй усё цікава, таму за дзень яна задасць сто пытанняў. І пакуль не растлумачыш, што да чаго, яна не  адыдзе. Відаць адразу, настойлівая будзе па жыцці. Самая малодшая – Ксенія – гэта наша сонейка. І не толькі таму, што ўсмешка ў яе не сыходзіць з твару. Нарадзілася яна з рыжымі валасамі, што ўсе дзіваваліся ў раддоме! Яна песцілася старэйшымі з самага маленства, таму зараз лёгка ідзе да ўсіх на рукі. У жніўні ёй споўніцца тры гады і яна пойдзе ў дзіцячы садок. А ў мяне будзе магчымасць вярнуцца на работу.

Марына Аляксандраўна да нараджэння дзяцей працавала бухгалтарам у КСУП “Веляміцкі”. Сама жанчына не мясцовая – нарадзілася ў в. Валеўка Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. Пасля школы паступіла і скончыла з адзнакай Ашмянскі сельскагаспадарчы тэхнікум. У Велямічы прыязджала да старэйшай сястры Святланы, якая працуе тут даяркай. Пазнаёмілася з будучым мужам і таксама засталася тут.  Марына Аляксандраўна сама з мнагадзетнай сям’і, у якой, акрамя яе, ёсць яшчэ 10 дзяцей!

– У маёй маці, царства ёй нябеснае, быў цудоўны характар, – расказвае жанчына. – Яна знаходзіла час для ўсіх і мы ведалі, што можам звярнуцца да яе з любым пытаннем. Я па-сапраўднаму адчуваю сябе шчаслівай, толькі калі вакол многа родных, таму мы часта збіраемся на святы. Тым больш у нас столькі дзён нараджэнняў! Буду вельмі шчаслівай, калі мае дзяўчаты вырастуць і падораць мне ўнукаў.

Напярэдадні Дня жанчын  Марыну Аляксандраўну разам з прадстаўніцамі іншых раёнаў запрасілі на святочны прыём да старшыні аблвыканкама Анатоля  Васільевіча Ліса. У сваёй прамове ён падкрэсліў значную ролю жанчыны ў будучыні  нашай краіны.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара

Добавить комментарий