Прэзідэнт Беларусі аб актуальных пытаннях развіцця краіны

 

216557-05Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 сакавіка правёў нараду аб актуальных пытаннях развіцця краіны.

«Прымусіць працаваць тых, хто павінен і можа» — Лукашэнка адказаў на ўсе пытанні па дэкрэце № 3

Дакумент, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, адмяняць не будуць, але падкарэкціруюць, а таксама больш прынцыпова і дасканала падыдуць да фарміравання спіса плацельшчыкаў.

Мэта дэкрэта — прымусіць працаваць тых, хто павінен і можа

Адказваючы на пытанне, якое гучыць у грамадстве наконт дэкрэта № 3, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэты дакумент перш за ўсё нясе ў сабе ідэалагічны і маральны аспект. Ён не з’яўляецца эканамічным і фінансавым. «Ніякіх там вялікіх грошай дзяржава не атрымае. Мэта гэтага дэкрэта адна — прымусіць працаваць тых, хто павінен і хто можа. Гэта — галоўнае», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«А потым ужо, калі ты можаш, але не хочаш працаваць або дзесьці працуеш (маецца на ўвазе неафіцыйная  занятасць. —  Заўвага БелТА), ты знайдзі магчымасць заплаціць мізэр за тое, чым ты карыстаешся бясплатна за кошт бюджэту», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пералік галін і напрамкаў, якія фінансуюцца дзяржавай за кошт бюджэтных сродкаў, можна прадаўжаць. У іх ліку ахова здароўя, адукацыя, бяспека, абарона, камунальныя паслугі.

Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад з публікацый у СМІ: «Нехта крычаў на ўсю плошчу або ў кабінеце: а я плітачнікам працую ў Расіі, там грошы зарабляю!»

«А хіба дэкрэт камусьці забараняе працаваць у Расіі або наогул за мяжой? — задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт. — Наадварот, мы вітаем. Мы разумеем, што дрэнных плітачнікаў у Маскве вітаць не будуць. Там добрыя спецыялісты працуюць. І дзякуй богу, што працуюць. Я заўсёды гэтым ганаруся. Але тут жыве твая сям’я, твае дзеці ходзяць бясплатна ў школу, мы лечым іх. Камунальныя паслугі і іншае… І ты, адпрацаваўшы, сюды прыязджаеш».

«Калі ўжо ты не можаш уносіць падатак 13 працэнтаў, які плацяць усе людзі, ідзі, заплаці гэты няшчасны збор. Хіба ў гэтым справа?» — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ёсць іншы варыянт

«Мы можам вельмі дакладна вызначыць спіс гэтых людзей, якія павінны ўдзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных мерапрыемстваў. Мы не будзем іх прымушаць плаціць гэты збор, а дазволім ім заплаціць за ўсе паслугі ў дзяржаве па поўным кошце», — сказаў Прэзідэнт.

«Вось тады паглядзім. Гэта ж ужо будзе абсалютна справядліва. Выбірай, дзе працаваць, зарабляй грошы. Але калі ты не ўдзельнічаеш у гэтых мерапрыемствах, ідзі, плаці. Гэта адзін з варыянтаў. Я спецыяльна аб гэтым кажу, каб падкрэсліць сутнасць і канцэпцыю гэтага дэкрэта», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аб крытыцы ў СМІ

Прэзідэнт адзначыў, што апошнім часам у СМІ бачыць абмеркаванне дэкрэта № 3. «Слухайце, большай ганьбы ад дасведчаных людзей і спецыялістаў, калі гаварыць у цэлым, я не чуў. Людзі ўвязаліся ў абмеркаванне важнага дакумента, які хвалюе частку грамадства, не чытаючы яго. Дык вы ж прачытайце, аб чым там размова, а потым вядзіце дыскусію», — заклікаў беларускі лідар. «Нічога добрага не магу сказаць і ў адрас СМІ. Балбатня экспертаў па дэкрэце і больш нічога», — падкрэсліў ён.

Гаворачы ў цэлым аб СМІ, Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што «там многія засядзеліся і пакрыліся мохам».

Аб плюсах і мінусе

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, прыняцце дэкрэта ўзварушыла ўсё грамадства, гэты дакумент паказаў, хто ёсць хто. Людзі пачалі працаўладкоўвацца, шукаць работу. Колькасць зваротаў у службу занятасці рэзка ўзрасла. «Гэта значыць, людзі зразумелі, што трэба зарэгістравацца і шукаць работу, — канстатаваў беларускі лідар. — Рэзка запаволілася цякучасць кадраў на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Людзі пачалі, нарэшце, цаніць сваё рабочае месца. Мы гэта заўважылі».

Па сутнасці, быў праведзены своеасаблівы перапіс насельніцтва. Ствараецца рэальная інфармацыйная база — спісы занятасці насельніцтва. «Вельмі сумна, што мы гэта пачалі рабіць пасля таго, як сёй-той ад Прэзідэнта атрымаў па галаве. Пасля таго, як вы безадказна пераклалі выкананне ідэалагічнага дакумента на падатковыя службы», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым назваў толькі адзін адмоўны момант пасля прыняцця дэкрэта — гэта яго дрэннае і безадказнае выкананне з боку чыноўнікаў рознага ўзроўню. «Я гэта назваў бы сабатажам, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Вы самаўхіліліся ад гэтай работы. Не знайшлі там сваё месца і нашы дэпутаты. Прытым розных узроўняў, асабліва мясцовых Саветаў».

«Мы не павінны крыўдзіць людзей, асабліва ў гэты час»

«Як можна было перакласці арганізацыю выканання дэкрэта на работнікаў падатковых органаў? — абурыўся кіраўнік дзяржавы. — Кожны старшыня райвыканкама, кіраўнікі адміністрацый у гарадах, раённых адміністрацый — гэта перш за ўсё іх работа. А кантроль — за губернатарамі і мэрам Мінска. У вас там павінны быць гэтыя спісы гультаёў, якіх трэба прымусіць працаваць».

Сумленных людзей, падкрэсліў беларускі лідар, не трэба было кранаць наогул.

Даручэнні і рашэнні

Вызначыць спісы

Аляксандр Лукашэнка даручыў да 1 красавіка вызначыць спісы тых, хто павінен уносіць плацяжы на падставе дэкрэта № 3. «Спісы павінны быць вывераны. Прыцягнуць трэба ўсіх (да складання спісаў. —  Заўвага  БелТА) — дэпутатаў мясцовых Саветаў, міліцыю, участковых, спецслужбы — усіх прыцягнуць, але скласці гэтыя спісы. Яны павінны быць у кожнага старшыні гар- і райвыканкама, кіраўнікоў адміністрацый у абласных цэнтрах і горадзе Мінску», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Дашліфаваць да 1 кастрычніка

«Другі этап — 1 кастрычніка гэтага года. Усе спісы павінны быць ідэальнымі. Калі ў каго-небудзь ёсць прэтэнзіі, вы павінны з імі там, на месцах, на працягу лета сустрэцца, дамовіцца, працаўладкаваць на работу…», — даручыў Прэзідэнт.

На працягу года не спаганяць збор

Прэзідэнт агучыў наступнае рашэнне: на працягу 2017 года не спаганяць па дэкрэце № 3 збор з тых, хто будзе ўнесены ў адпаведныя спісы. «Хто аплаціў у 2016 годзе, пойдзе ў залік 2017 года, калі ён не будзе працаваць. Калі ён паступіць на работу, мы з бюджэту па яго патрабаванні вернем гэтыя грошы», — распарадзіўся кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён канстатаваў, што ў Беларусі ёсць і тыя, хто вядзе асацыяльны лад жыцця. «Я цудоўна разумею, што яны не кінуцца працаваць. Яны ніколі не працавалі і працаваць не збіраюцца. Вось такіх мы павінны прымусіць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аплата па частках

«Ім (плацельшчыкам. — Заўвага БелТА) трэба сказаць загадзя аб гэтым, каб яны па 10-15 рублёў уносілі, а не адразу 200 ці 300», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, усплёск у грамадстве адбыўся нават не таму, што людзям прыйшлі адпаведныя пісьмы аб неабходнасці выплаты збору. «Гэта не галоўная прычына, — упэўнены Прэзідэнт. — Людзі, прачытаўшы гэта пісьмо, убачылі, што ім трэба за мінулы год адразу заплаціць 300-400 рублёў. І ўсе да гэтага аказаліся не гатовы, або стала шкада плаціць гэтыя грошы. Гэта зразумела, такая чалавечая рэакцыя. Таму людзі павінны на працягу года ведаць, што ім давядзецца плаціць. Або ўладкавацца на работу і, як усім, працаваць».

Усе сабраныя сродкі — дзецям

«Усе плацяжы, каб нас не папракалі, павінны застацца ў мясцовых бюджэтах. Не ў абласных, а ў раённых. І гэтыя грошы выключна да капейкі павінны быць накіраваны на ўтрыманне дзяцей. Толькі дзецям!» — падкрэсліў Прэзідэнт.

«І самае галоўнае — кожны кіраўнік раёна на сесіі раённых і гарадскіх Саветаў павінен даць справаздачу да капейкі, на якія мэты ён патраціў гэтыя грошы. Або гэта дзіцячы сад, або дзіцячы дом, або каму-небудзь дапамаглі, купілі нешта, накармілі, напаілі і гэтак далей. Выключна на дзяцей. І не дай бог, хоць адна капейка пойдзе на іншыя мэты — рамонт дарог, кватэр…», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Выкананне дэкрэта пераносіцца на месцы

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, самае галоўнае, што выкананне дэкрэта № 3 — ідэалагічнага і маральнага дакумента — пераносіцца на месцы. «Кантроль — за губернатарамі, выкананне — за старшынямі гар- і райвыканкамаў, кіраўнікамі адміністрацый у гарадах», — сказаў Прэзідэнт.

Ва ўвязцы з рэалізацыяй норм дэкрэта ён даручыў да 1 мая вырашыць пытанне працаўладкавання ўсіх беспрацоўных, а таксама нагадаў аб неабходнасці няўхільнага выканання раней дадзеных даручэнняў па давядзенні на працягу года сярэдняй зарплаты да ўзроўню $500 і падтрыманні строгай выканальніцкай дысцыпліны.

«Людзі хочуць размаўляць з тымі, хто прымае рашэнні»

Прэзідэнт патрабуе, каб з людзьмі, якія трапілі ў цяжкую сітуацыю, якія прад’яўляюць пэўныя прэтэнзіі і патрабаванні, хочуць нешта выказаць, сустракаліся выключна кіраўнікі вертыкалі ўлады. Гэта старшыні сельскага Савета, гарвыканкама, райвыканкама, кіраўнікі адміністрацый у гарадах, губернатары. «Наверсе — члены ўрада, кіраўнікі ўсіх структур і падраздзяленняў. Людзі хочуць бачыць і размаўляць з тымі, хто прымае рашэнні», — падкрэсліў беларускі лідар.

Падкарэкціраваць, але не адмяняць

«На працягу сакавіка, калі неабходна, нам трэба падкарэкціраваць гэты дэкрэт. Але дэкрэт адмяняцца не будзе», — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў міністру ўнутраных спраў забяспечыць падтрыманне ідэальнага парадку ў краіне, у тым ліку пры правядзенні масавых мерапрыемстваў.

«Я чаму гавару пра міліцыю? Калі мы прымусім людзей працаваць і яны будуць занятыя, у нас менш будзе злачынстваў. Вось чаму мы павінны кожнага, хто можа, прымусіць працаваць. Вось у чым сутнасць гэтага дэкрэта», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, усе звароты і скаргі павінны разглядацца на месцах. «Рашэнні старшыні райвыканкама, у крайнім выпадку губернатара, абскарджанню не падлягаюць. Але папярэджваю: ніхто з дастойных людзей, якія любяць сваю краіну і ўносяць уклад у яе развіццё, не павінен быць пакрыўджаны. За гэта адкажаце асабіста, як за парушэнне правоў чалавека», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Лукашэнка даручыў да 1 мая вырашыць пытанне працаўладкавання ўсіх беспрацоўных

«Па працаўладкаванні беспрацоўных — я ўжо гаварыў аб тых, хто вядзе асацыяльны лад жыцця, яны ў нас ёсць (няхай не крыўдзяцца) — п’яніцы, алкаголікі, тыя сапраўды дармаеды, як іх называлі раней. Да іх — адны метады па прымушэнні да работы. Тых, хто па няшчасці застаўся без работы, мы павінны кожнага прыняць, і не толькі ў службе занятасці, а ў органах улады і аказаць дапамогу», — сказаў кіраўнік дзяржавы. «Але людзі павінны разумець, што яны, перш за ўсё, павінны шукаць сабе работу. А мы ім павінны дапамагчы. Да 1 мая ўсе павінны быць працаўладкаваны»,  — даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка нагадаў чыноўнікам аб даручэнні па сярэдняй зарплаце $500 і строгай выканальніцкай дысцыпліне

«Калі на працягу гэтага года не будзе выканана маё заданне па $500 сярэдняй зарплаты (там ужо яхіднічаць сёй-той пачынае…), крыўдуйце самі на сябе. Мы з вамі аб гэтым ужо дамовіліся. Калі мы выйдзем на гэту лічбу, да нас прэтэнзій не павінна быць. Ні з боку сацыяльных утрыманцаў, ні з боку працуючых, інтэлігенцыі і іншых. Кроў з носа мы павінны вырашыць гэту праблему — забяспечыць людзей работай і сярэднюю зарплату па краіне $500».

Нельга забараніць людзям хадзіць на плошчу, але майдана ў Беларусі не будзе

«У краіне павінен быць наведзены ідэальны парадак. Некаторыя заяўляюць: я прыходзіў на плошчу і яшчэ прыйду. На плошчу чалавеку нельга забараніць хадзіць. Падключыцеся да гэтай работы, паколькі гэта работа правалена ў Мінску, абласных, буйных гарадах. Вызначце ў гарадах тую плошчу, на якую людзі могуць прыйсці і выказаць сваё меркаванне. Там будуць начальнікі вертыкалі ўлады», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Але ніякай перашкоды нармальна жыць працоўным быць не павінна. Вы ведаеце, што нашы «майданутыя» паехалі ў Кіеў шукаць там «майданутых» арганізатараў. Вы ж разумееце, што гэтыя людзі (якія ўдзельнічаюць у масавых акцыях. — Заўвага БелТА) будуць гарматным мясам, масоўкай. Яны ж не з палітычнымі лозунгамі туды ідуць. А 300-400 чалавек на чале з нашымі адмарозкамі, якія ў Кіеў ездзілі, — яны будуць правакаваць. Яны знойдуць 10-20 прафесіяналаў, якія ў Кіеве адкрылі стральбу. А калі пральецца кроў, тады ўжо бяда. Таму працаваць трэба на папярэджанне. Я гавару гэта публічна», — сказаў Прэзідэнт.

На змену глабальнай інтэграцыі прыходзіць усведамленне першаснасці нацыянальных інтарэсаў

«Усё выразней праяўляюцца новыя тэндэнцыі ў многіх краінах, пачынаючы з ЗША і Еўропы. Іх сутнасць у тым, што на змену глабальным інтэграцыйным працэсам прыходзіць усведамленне першаснасці нацыянальных інтарэсаў. Калі па-народнаму гаварыць, свет нацыяналізуецца», — сказаў ён.

У эканамічнай сферы гэта праяўляецца ў імкненні абараніць унутраныя рынкі, развіваць вытворчасць на сваіх тэрыторыях, абмяжоўваючы доступ канкурэнтам. У палітыцы ўвага больш канцэнтруецца на ўнутраных праблемах, якія набываюць усё большую вастрыню і напружанасць, аб чым сведчыць усплёск пратэстных настрояў у грамадстве і рост папулярнасці правых партый і палітыкаў. «Вы бачыце, што адбываецца ў Германіі, асабліва рэльефна гэта адлюстравана ў Францыі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў», — прывёў прыклады Аляксандр Лукашэнка.

«Беларусь — краіна адкрытая, экспартна арыентаваная. Таму нам трэба ўлічваць новыя тэндэнцыі і аператыўна на іх рэагаваць. Як яны ўплываюць на нашу эканоміку,» — сказаў ён.

Прэзідэнт адзначыў, што праглядаюцца як станоўчыя, так і негатыўныя аспекты. «У цэлым арыентацыя на прыярытэтнасць нацыянальных інтарэсаў адпавядае і нашым памкненням — гэта факт. Тут мы ідзём у рэчышчы сусветных тэндэнцый, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Аднак негатыўны бок такога працэсу ў тым, што цяпер сур’ёзна пагаршаюцца магчымасці выхаду нашай прадукцыі і паслуг на рынкі іншых краін, якія ўводзяць усё новыя бар’еры. І што насцярожвае, нашы дружалюбныя, блізкія, родныя краіны гэтым таксама не грэбуюць. Таму нам трэба знаходзіць шляхі пераадолення гэтых перашкод, максімальна захоўваючы традыцыйныя гандлёва-эканамічныя сувязі, шукаць новыя нішы для беларускага экспарту».

Лукашэнка адказаў Мядзведзеву: нашы адносіны з Расіяй — гэта не бухгалтэрыя

Прэзідэнт у пачатку нарады запатрабаваў далажыць яму аб супрацоўніцтве з Расіяй, асабліва з улікам нядаўна праведзенага ў Бішкеку міжурадавага пасяджэння ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. «Я, зразумела, у агульных рысах знаёмы. Мяне больш за ўсё здзівілі заявы майго закаранелага сябра Мядзведзева (прэм’ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў. — Заўвага БелТА), — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Нас, дарэчы, палохаць пачынаюць ужо, што газ мы будзем прыродны купляць па еўрапейскіх цэнах. Нібыта, будзеце плаціць не $150, а $200. Гэта, ведаеце, падобна да таго, што намёк усім — у Расіі перш за ўсё, і ў Беларусі, — што мы з’яўляемся нахлебнікамі ў Расіі: вось, бачыце, яны нам робяць нейкі падарунак».

«Я таксама не хачу ў дэталі ўнікаць, але Мядзведзеў павінен разумець, што калі мы будзем плаціць як у Еўропе, то за сёе-тое яму таксама давядзецца заплаціць. І цана будзе неймаверна вышэйшай, чым цана на прыродны газ. Мне здавалася, і я думаю да гэтага часу, і, напэўна, пераважная большасць рускіх людзей і расіян думаюць і разумеюць, што нашы адносіны з Расіяй — гэта не бухгалтэрыя. Бухгалтэрыя тут і цана на прыродны газ, які не  належыць  Мядз-ведзеву, не павінна ляжаць у аснове нашых адносін», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Скажу вельмі коратка і дакладна, чаго мы хочам: ніякіх нізкіх цэн мы не хочам на газ. Нам трэба, каб кіраўніцтва брацкай Расіі выконвала свае абавязацельствы. Па змесце і па духу. Калі мы будуем наш саюз — адзіную дзяржаву мы замахнуліся пабудаваць, — то ў нашых людзей і прадпрыемстваў, у бізнесу павінны быць роўныя ўмовы на гэтым рынку. Усё, мы больш нічога не хочам», — сказаў Прэзідэнт.

«Калі нехта з разумнікаў там думае, што нас можна пастаянна нахіляць і ставіць на калені, гэтага не будзе», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

БелТА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *