ПГУП “Полесские пряности” атрымала спецыяльную прэмію конкурсу “Прадукт года-2016”

Полесские пряностиНаша Століншчына славіцца паўсюдна не толькі непаўторнымі будаўнічымі матэрыяламі з гліны, самым смачным малаком, атрыманым ад кароў, якія харчуюцца на прыгарынскіх і прыпрыпяцкіх лугах, а і агародніннымі культурамі, што вырошчваюцца з вясны да восені ў многіх паселішчах раёна.

 Але сэнс не толькі вырасціць, вырабіць прадукцыю, а і ўмела прапанаваць гатовы прадукт спажыўцу. З гэтым, безумоўна, выдатна спраўляюцца ў прыватным гандлёвым унітарным прадпрыемстве “Полесские пряности” з Давыд-Гарадка.

Грунтоўным пацвярджэннем гэтага стала прысуджэнне спецыяльнай прэміі конкурсу“Прадукт года-2016” у намінацыі “Выбар спажыўцоў”. ПГУП “Полесские пряности” атрымала спецыяльную прэмію конкурсу за вытворчасць квашанняў і саленняў, агародніны марынаванай і салёна-марынаванай. На конкурсе, які прайшоў у Мінску ў гасцініцы “Вікторыя-Алімп”, было адзначана, што ПГУП “Полесские пряности” – лідар у вытворчасці высакаякасных прадуктаў. Прадпрыемства выкарыстоўвае старадаўнія рэцэптуры, палепшыўшы і дапоўніўшы іх, таму прадукцыя карыстаецца высокім попытам у пакупнікоў, пра што сведчыць расшырэнне рынкаў збыту і павелічэнне аб’ёмаў продажаў за апошнія гады ў пяць разоў.

Прадпрыемствам распрацавана дэкаратыўная халадзільная ўпакоўка, якая дазваляе пакупнікам самім выбіраць прадукцыю з бочак.

Асноўнымі крытэрыямі паспяховай работы прадпрыемства з’яўляюцца індывідуальны падыход да кожнага кліента, бесперапынны кантроль за якасцю, даступная цэнавая палітыка, аператыўнасць дастаўкі па ўсіх буйных гандлёвых сетках Рэспублікі Беларусь.

Узнагароду конкурсу прымалі дырэктар Сяргей Міхайлавіч Быба і тэхнолаг Вольга Васільеўна Быба.

Фёдар ШУМКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *