У Новы год са святочным настроем

zaba%d1%9elyalnaya-pragrama-z-mashaj-i-myadzvedzem-u-stankava1Цэлае мора эмоцый атрымалі ўдзельнікі экскурсій, наладжаных Столінскім РФСК.

Пачаліся яны ў пачатку снежня і закончыліся паездкай на навагодняе прадстаўленне «Як прыручыць дракона, ці Крыштальная мелодыя”, якое адбывалася ў вялікай зале Палаца Рэспублікі. У першы дзень канікулаў у сталіцу адправіліся вучні з настаўнікамі са Столінскай гімназіі, СШ № 2 р. п. Рэчыца і СШ № 1 г. Давыд-Гарадка.

Мінск сустрэў нас мокрым снегам, але гэтая акалічнасць зусім не засмуціла дзяцей. Да прадстаўлення яшчэ заставаўся час, таму ўсёй групай мы накіраваліся на экскурсію ў Нацыянальны гістарычны музей на вуліцы Карла Маркса. Нас чакала цікае падарожжа ў мінулае, бо ў залах музея знаходзіцца вялікая колькасць экспанатаў. У адным з іх былі  царскія вароты з Юр’еўскай царквы, што ўзвышаецца ў Давыд-Гарадку. Цікава было наведаць залу, у якой захоўваюцца атрыбуты святкавання Новага года ў мінулым стагоддзі, і пабачыць, як адзначалі гэтае свята нашы продкі. А ў зале з чучаламі жывёл, птушак і насякомых  можна было здзівіцца, наколькі багатая флора нашай краіны.

Паабедаць пайшлі ў МакДональдс. Крыху падсілкаваўшыся,  рушылі да галоўнай ёлкі краіны. У самім Палацы ўсё зіхацела і здавалася, быццам ты трапіў у казку.

Каля самой ёлкі нас сустракалі казачныя героі, якія забаўлялі маленькіх гледачоў. Але Дзеда Мароза ўбачылі толькі падчас прадстаўлення, якое пачалося на сцэне і пераносіла ўсіх у невядомую краіну. Нягледзячы, што ў зале былі дзеці самага рознага ўзросту, панавала цішыня – настолькі цікава было назіраць за прыгодамі галоўных герояў. І толькі калі прагучалі апошнія словы акцёраў, зала падзякавала ім гучнымі апладысментамі. Далей – здымак каля ёлкі і ў аўтобус:  едзем дадому.

Яшчэ ў пераднавагоднія дні вучні разам з настаўнікамі Рэчыцкай сярэдняй школы № 3 за святочным настроем ездзілі ў  Пінск. Там яны пабывалі на навагоднім прадстаўленні “Аліса ў краіне цудаў”, якое адбывалася ў Палескім драматычным тэатры. Паспрабавалі падарожнікі сябе і ў якасці фігурыстаў, бо яшчэ завіталі ў Лядовы палац.

Напярэдадні Новага года традыцыйнымі сталі экскурсіі ў рэзідэнцыю Дзеда Мароза, якая знаходзіцца ў Белавежскай пушчы. Поўныя аўтобусы падарожнікаў сабраліся з Веляміч і Рамля. Яшчэ адна паездка была наладжана для вучняў розных школ раёна. Там яны ўбачылі дом Дзеда Мароза з троннай залай, церам Снягуркі, скарбніцу, чароўны млын, які ператварае дрэнныя ўчынкі ў пыл і пясок, паляну дванаццаці месяцаў, жывую навагоднюю ёлку, алею знакаў усходняга календара і «Хату Дзеда Мароза», у якой можна было паспрабаваць стравы беларускай кухні. Рэзідэнцыя Дзеда Мароза была адчынена 13 гадоў таму і стала абавязковым месцам, якое хоча наведаць кожны турыст.

У гэтым годзе ўпершыню вучні нашага раёна адправіліся ў цэнтр экалагічнага турызму Станькава, які знаходзіцца ў Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці. Там іх таксама чакаў Дзед Мароз са Снягуркай, якія ўдзельнічалі ў навагоднім прадстаўленні.  Прыйшлася даспадобы і анімацыйна-забаўляльная праграма з любімымі героямі мультфільмаў“Маша і Мядз-ведзь”, “Фіксікі”, а яшчэ знаёмства з маладым пеўнікам  — сімвалам 2017 года. Рэдкіх жывёл і птушак дзеці ўбачылі пры наведванні заасаду, а на каняферме здзівілі сваім хараством пародзістыя скакуны. Уражаныя дзеці  паабедалі ў кафэ “Мішутка”, каб з новымі сіламі пайсці катацца на вялікіх санях. Многім настолькі спадабалася, што яны ўжо з нецярпеннем чакаюць наступнага года.

– Усяго ў навагодніх экскурсіях прынялі ўдзел больш за 500 вучняў са Століна, Рэчыцы, Давыд-Гарадка, Белавушы, Хорска, Рубля, Стругі, Варанёў, Сямігосціч, Веляміч, — дадае намеснік  дырэктара Столінскага РФСК Святлана Уладзіміраўна Лазейка. – І прыемна бачыць задаволеных падарожнікаў, якія па дарозе дадому наперабой абмяркоўваюць убачанае. Дзякуй вадзіцелям “СтолінТурТранс”, якія з намі вандравалі па казачных месцах нашай краіны. Яшчэ хочацца адзначыць бацькоў і настаўнікаў, які самі тэлефануюць і пытаюць пра паездкі, каб запісаць сваіх дзяцей. Яны разумеюць, што такое падарожжа – самы лепшы падарунак. Тым больш, мы імкнёмся зрабіць нашы экскурсіі максімальна разнастайнымі з наведваннем некалькіх месцаў, каб потым было што ўспомніць.

Ганна  МЕЛЬНІК

Фота аўтара

 

Добавить комментарий