… і ў дом прыходзіць шчасце

Галіна Міхайлаўна з дзецьмі - Ягорам і АнжалікайБадай, няма той маці, якая б дасканала не пералічыла дні нараджэння сваіх дзяцей. Кожная дробязь, кожная хвіліна ўсплывае ў памяці: як упершыню разглядаеш малюсенькі тварык, з якой асцярогай кранаешся нованароджанага і з якой пяшчотай прытульваеш да сэрца. Адчуваеш сябе бясконца шчаслівай і хочацца падзяліцца сваёй радасцю з усімі.

Галіну Міхайлаўну Ярмакевіч – уладальніцу ордэна Маці з вёскі Сямігосцічы – можна назваць па-сапраўднаму багатай, бо яе дом напоўнены дзіцячым звонкім смехам і цудоўным настроем. А  ў пачатку гэтага года з’явілася дзяўчынка Софія, якая стала шостым дзіцяткам у сям’і Галіны і яе мужа Сяргея.

 – Віншую, няхай расце здаровай!  Доўга выбіралі імя?

– А я і не выбірала. Гэта старэйшыя дзеці самі назвалі, вельмі прыгожае, кажуць. Ды і мне прыйшлося даспадобы, такое сонечнае.

– Галіна, ці магла ты падумаць, што за нараджэнне і выхаванне дзяцей атрымаеш ордэн Маці?

– Прызнаюся, не ўяўляла.Думала, у мяне будзе двое дзяцей, як у большасці сем’яў. Тым больш за старэйшым сынам Андрэем нарадзілася дачка Карына. Яны разам раслі, бо розніца ва ўзросце меншая за два гады. Я была тады маладая, рана выйшла замуж, але ўспамінаю тыя часы з усмешкай. Многаму даводзілася вучыцца і ў многім сябе пераадольваць. Бо не сакрэт, што жыццё да з’яўлення дзяцей і пасля – гэта вялікая розніца. Хапае ўсяго: і бяссонных начэй, і дзіцячых капрызаў. Але гэта ўсё дробязь у параўнанні з тым шчасцем, калі ты папраўляеш коўдру перад сном, а цябе хочуць абняць маленькія ручкі. Калі пацалунак твайго дзіцяці імгненна ўздыме нават самы дрэнны настрой. Калі ты чуеш слова “дзякуй” пасля вячэры і ўжо не важна, што там робіцца пад сталом. Адчуваць, што па доме бегае, лазіць, скача гарэзлівае цуда – самае прыемнае для мяне. Таму я рада, што потым у нашай сям’і з’явіліся яшчэ два хлопчыкі і дзве дзяўчынкі.

– Ёсць выказванне: дзеці – гэта наша адлюстраванне. Ці згодна ты з ім?

– Згодна і скажу больш: выхаванне дзяцей пачынаецца з выхавання самога сябе. Значыць, трэба сачыць за кожным сваім словам і дзеяннем. Дзеці запамінаюць усё, што бачаць, і потым паўтараюць гэта. Многія сямейныя звычкі могуць перадавацца з аднаго пакалення ў другое, напрыклад, піць чай па ранках ці падарожнічаць усім разам. Дарэчы, я таксама расла ў мнагадзетнай сям’і, у якой гадаваліся шэсць дзяцей. Мая маці Любоў Сцяпанаўна для мяне –  прыклад жанчыны і мне вельмі пашчасціла з ёй. Яна і параіць, і дапаможа, і падтрымае – нават не ведаю, што б я без яе рабіла. Я таксама хачу быць для сваіх дзяцей не толькі маці, але і добрым сябрам. Каб яны давяралі мне і маглі звярнуцца ў любы момант.

– Галіна, як маці шасцярых дзяцей падзяліся сваімі метадамі выхавання!

– А спецыяльных метадаў ніякіх няма.  Дзяцей проста трэба любіць за тое, што яны ёсць і якія яны ёсць. Я ніколі не імкнулася да ідэальнага парадку, калі дзецям забараняюць усё. Яшчэ не разумею, калі бацькі пачынаюць крычаць на дзяцей за дрэнныя адзнакі ці сукенку ў плямах. На мой погляд, гэтым можна, наадварот, ад сябе адштурхнуць дзіця. Усё можна патлумачыць спакойна і гэта, з маёй практыкі, мае куды лепшы вынік. Кожнае дзіця мае свой непаўторны характар і важна яго зразумець. Вось, напрыклад, Андрэй у мяне – вельмі адказны і сур’ёзны. Зараз вучыцца ў сёмым класе, і мы з ім часта раімся. Карынка – мая правая рука, заўсёды побач са мной і вельмі дапамагае гадаваць малодшых дзяцей. Прычым, хутчэй за мяне падбяжыць да калыскі, калі плач пачуе. Другакласнік Аляксей – наш гаспадар, усё павінна рабіцца пад яго наглядам. Ён і гаспадарку з намі дагледзіць, і ў парнік зойдзе і нават пра цану на агуркі спытае. Ягор жа, нягледзячы, што малодшы ўсяго на год, перавагу больш аддае навуцы, таму ў першую чаргу ён вывучыць урокі і толькі потым пойдзе гуляць. Двухгадовая Анжаліка, нягледзячы на ўзрост, дзяўчынка з характарам. Крыху свавольная, можа, што самая малодшая ў сям’і была да нараджэння Софіі. І ад мяне ні на крок не адыходзіць.

– Я ведаю, што ты працуеш аператарам машыннага даення ў ААТ “Новая Прыпяць”. Як атрымліваецца сумяшчаць вялікую сям’ю і работу?

– Сапраўды, я з 17 гадоў працую на ферме. Мы з маці хадзілі, бо і тая даіла кароў 33 гады. І мне падабаецца адчуваць сябе патрэбнай не толькі дома, але і на рабоце. Можа таму не ў адным дэкрэтным водпуску я не сядзела да канца. Звыкла і ўставаць на досвітку, і дзень будаваць так, каб усё паспець. Упэўнена, для ўсяго можна знайсці час, галоўнае, захацець.

Я заўсёды ў добрым сэнсе здзіўлялася мнагадзетным жанчынам. Трэба ж не толькі прыгатаваць ежу і вопратку выпраць, а і словы патрэбныя знайсці,  калі хварэюць. Але, гледзячы на шчаслівыя вочы Галіны, разумею: шчасце жанчыны ў яе дзецях.

Ганна  МЕЛЬНІК

Фота аўтара

Добавить комментарий