Майстар сваёй справы

volga-davyda%d1%9enaМногія памыляюцца, калі думаюць, што шыццю можа навучыцца кожны. Нездарма раней сакрэты гэтага рамяства перадаваліся з пакалення ў пакаленне.

Гэта зараз магазіны з адзеннем на кожным кроку знаходзяцца, а раней не ўсе маглі дазволіць сабе вопратку пашыць. Бадай, вашы бабулі і зараз успомняць, як звалі мясцовых швачак. Іх можна смела назваць дызайнерамі таго часу, бо яны і фасон прыдумвалі,  і за якасць работы адказвалі. А з якім нецярпеннем чакала маці толькі што пашытую кашулю для свайго дзіцяці альбо пінжак для мужа? Што казаць, нават вясельныя сукенкі для нявесты шыліся ўмелымі швачкамі! Цяпер такія вырабы модна называюць “hand made”, што ў перакладзе – ручная работа, і яны вельмі дорага каштуюць.

Сапраўдным майстрам сваёй справы з’яўляецца Вольга Давыдаўна Драпей – таленавітая швачка з Сямігосціч, якая зараз шчыруе ў аграгарадку Альшаны.

Але знайшла сваю прафесію Вольга Давыдаўна невыпадкова. Яшчэ з маленства, праходзячы міма мясцовага комплексна-прыёмнага пункта, уяўляла, як будзе там працаваць. Скончыўшы восем класаў, настойлівая дзяўчына едзе ў Брэст і паступае на курсы кройкі і шыцця. Там не толькі вучылася тэорыі, але і працавала на швейнай фабрыцы “Дынама”, дзе шылі спартыўнае адзенне.  Вопыту дадала і работа ў швейным атэлье г. Баранавічы, куды яна накіравалася пазней. Успамінае, як цікава было назіраць за рукамі старэйшых калег, якія са звычайнага кавалка тканіны стваралі сукенку ці штаны. Там жа вучылася вырабу верхняга адзення — куртак, паліто. З упэўненасцю сцвярджае, што самае галоўнае ў прафесіі швачкі – цярпенне і ўседлівасць. І абавязкова – жаданне вучыцца. Вольга Давыдаўна сама няспынна вучыцца, ездзіць на курсы, выпісвае спецыялізаваную літаратуру і часопісы з выкрайкамі.

Авалодаўшы патрэбнымі ведамі і навыкамі, Вольга Давыдаўна вярнулася на сваю малую радзіму ў 1985 годзе. І з таго часу з’яўлялася спачатку работнікам, потым загадчыцай комплексна-прыёмнага пункта. За столькі гадоў работы яна заслужыла прызнанне сярод вяскоўцаў. Таму нават пасля таго, як у 2013 годзе зачынілі КБА (памяшканне ўвесь час здавалася ў арэнду і яго прадалі – аўт.), людзі працягвалі звяртацца да яе.

Але Вольга Давыдаўна зусім не збіралася развітвацца з любімай работай. Яна марыла развіваць гэтую карысную справу, бо разумела: патрэба не знікне. Як гаворыцца ў прыказцы: трэба нахіліцца, каб з ручая напіцца. І жанчына звяртаецца па падтрымку ў цэнтр занятасці. З дапамогай бязвыплатнай субсідыі набывае патрэбнае абсталяванне, у нашым выпадку гэта тры швейныя машыны, кожная з якіх падыходзіць для асобных відаў апрацоўкі тканіны. Далей наведвае спецыялізаваныя курсы ў Брэсце, складае бізнес-план і з красавіка гэтага года адкрывае прадпрымальніцтва. Зараз Вольга Давыдаўна працуе ў Альшанах, дзе мае сваю майстэрню ў адным з пакояў будынка комплексна-прыёмнага пункта. Штодзень, акрамя панядзелка і нядзелі, прымае і выдае заказы Вольга Драпей, выслухоўвае просьбы кліентаў і дае свае прафесійныя парады. За гэта цэняць яе і прывозяць адзенне на рамонт не толькі з Альшан, але і з Рамля, Веляміч, Вялікага Малешава і іншых населеных пунктаў. Таму работы, якую любіць, у швачкі хапае. І стос пакетаў з курткамі, сукенкамі, штанамі, халатамі, што ляжаць на стале, пацвярджэнне гэтага.

– Вось якраз перад вамі дзяўчына забрала пашытую сукенку, — расказвае яна. – Безумоўна, зараз больш аддаюць перавагу гатоваму адзенню. Так прасцей – пайшоў ды купіў. А мая задача – даць гэтаму адзенню больш паслужыць, тым больш, калі яно і сапраўды прыгоднае. Камусьці трэба ўшыць сукенку, бо пахудзеў чалавек. Камусьці наадварот – распароць і прытачыць, бо малая стала вопратка. Не выкідваць жа на сметнік! Перад першым верасня бацькі неслі штаны сваіх вучняў, каб падшыць. А зараз восень і зіма на носе, а значыць надышоў, як я называю, «сезон маланак». Там разарвалася ў куртцы, а там на паліто разышлася. Часта бывае, што чалавеку тэрмінова трэба, заўтра едзе кудысьці ці на прычыну якую сабраўся, а вопратка не “ў страі”. Па магчымасці іду насустрач, бо ад усёй душы хочацца дапамагчы. Для мяне самае галоўнае – бачыць, што чалавеку спадабаўся вынік маёй працы, калі ён застаўся задаволены. Я заўсёды прапаноўваю перарабіць, калі штосьці не так, але пакуль такіх выпадкаў,  дзякуй Богу, было вельмі мала.

Вольга Давыдаўна заўжды ў цудоўным настроі. Ці спяшаецца на работу зранку, ці ідзе дадому, трымаючы ў руках пакеты з “хатнім заданнем” – заказамі, якія хутчэй трэба закончыць. А як жа! Людзі давяраюць яе руплівым рукам, падводзіць нельга ні ў якім разе.

Паклапацілася і пра будучыню. Купіла ў Сямігосцічах дом, які плануе перарабіць пад майстэрню. А ў гэтым ёй дапаможа дачка Людміла, якая ўзяла ў спадчыну ад маці такі ж запал да работы. Людміла і брат Валера падарылі ўжо пяць унукаў, якія з задавальненнем наведваюць бабуліну сядзібу. А там ёсць на што пагля-дзець: са свайго двара жанчына стварыла казку. Гасцей сваім водарам сустракаюць ружы, якія акуратна пасаджаны  паміж туямі дбайнымі рукамі гаспадыні і яе мужа Юрыя. Любіць яна ўлетку сесці адпачыць на садовыя арэлі, каб палюбавацца хараством.

Дарэчы, Вольга Давыдаўна ўжо калісьці была на старонках друку. Тады яе праславіла… морква, якая вырасла на агаро-дзе. Яна нават у Мінск ездзіла на выставу.

– А тэлевізар, які нам падарылі, дагэтуль паказвае, – кажа жанчына напрыканцы нашай размовы.

І працягвае займацца сваёй любімай справай.

Ганна Мельнік

Фота аўтара

Добавить комментарий