Душа ў музыцы і дзецях

dsc_7180Васіль Уладзіміравіч Дзенісовіч адзін з нямногіх педагогаў-мужчын у сістэме дашкольнай  адукацыі, які працуе музычным кіраўніком у Белавушскім яслях-садзе і сцвярджае, што работа ва ўстанове  прыносіць яму сапраўднае задавальненне.

Міні-анкета

Любімая страва – плоў з курыцай

Любімы напітак – кампот

Любімая пара года  — лета

Любімы колер –чырвоны і сіні

Любімы фільм – “Гладыятар”, “Троя”, “Аляксандр”

Любімая кніга –“Ніколі не забудзем”

Любімы занятак – культурна-масавыя мерапрыемствы, падарожжы

Любімая песня –  народная песня “Сена маладое”

Любімы спявак – Уладзімір Буйноў

Нарадзіўся Васіль Уладзіміравіч у вёсцы Альманы.  У час вучобы ў школе праяўляў  інтарэс да сцэнічнай дзейнасці, актыўна ўдзельнічаў  у творчай рабоце, якая вялася ў Альманскім доме культуры.  Дзесьці ў першым ці ў другім класе бацька Уладзімір Аляксеевіч купіў сыну гармонік. За месяц ён навучыўся іграць правай рукой, а ў цэлым хлопчыку спатрэбіліся два месяцы для таго, каб самастойна цалкам авалодаць  музычным інструментам. У сям’і Дзенісовічаў  любоў да музыкі  перадаецца  ў спадчыну. Бацька Васіля Уладзіміравіча быў музыкам на вёсцы, часта іграў на вячорках ці проста для душы. Брат Сяргей таксама мае музычны слых і  не адмаўляецца паказаць, на што здольны акардэон у яго руках.

Васіль Дзенісовіч прызнаецца, што  давялося ў свой час задумацца над выбарам будучай прафесіі.   Доўга вагаўся: паступаць у Баранавіцкі педагагічны ўніверсітэт на факультэт замежных моў ці ў Гродзенскае вучылішча мастацтваў?  Рашаючую ролю адыграў дырэктар Альманскага ДК Мікалай Мікалаевіч Дзенісовіч, які для Васіля Уладзіміравіча  з’яўляецца  прыкладам па жыцці. Мікалай Мікалаевіч заўважыў цягу да музыкі і артыстызм маладога чалека, таму і параіў звязаць сваё жыццё з гэтай сферай дзейнасці. Васіль Уладзіміравіч паступае ў Гродзенскае вучылішча мастацтваў, пасля заканчэння якога ў 2001 годзе ідзе ў армію. Пасля вяртання на сваю малую радзіму ўладкаваўся на работу музычным кіраўніком у Стружскі яслі-сад і настаўнікам музыкі ў Адвержыцкую школу.

Заўжды  прыносіла сапраўднае задавальненне работа акампаніятарам у народным калектыве “Журавушка” Адвержыцкага сельскага дома культуры. Тут Васіль Дзенісовіч пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Аленай Іванаўнай – выхавальнікам і настаўнікам пачатковых класаў. А вось імкненне атрымаць вышэйшую адукацыю знаходзіць сваё адлюстраванне ў вучобе завочна ў Брэсцкім педагагічным універсітэце імя А. С. Пушкіна на гістарычным факультэце. Васіль Уладзіміравіч прызнаецца, што да гісторыі заўсёды была асаблівая цікавасць – як да прагляду фільмаў гістарычнай тэматыкі, так і да адпаведнай літаратуры  мастацкага і дакументальнага характару.

Пасля работы ў школе на працягу  чатырох гадоў давялося працаваць дырэктарам Беражноўскага сельскага дома культуры, а з 2012 года ён уладкоўваецца музычным кіраўніком у Белавушскі яслі-сад. Васіль Уладзіміравіч з гумарам успамінае, як некалі з упэўненасцю заяўляў, калі пакідаў садок, што больш не будзе працаваць з маленькімі дзеткамі ў дашкольнай установе, але ўсё склалася  інакш. Цяпер ён спяшаецца на работу ў яслі-сад разам з жонкаю, якая працуе тут выхавальнікам. Яны маюць дваіх дзяцей. Старэйшая дачка Ілона вучыцца ў Белавушскай сярэдняй школе. Здольнасці да музыкі перадаліся ад бацькі, таму яна ўдзельнічае ў мерапрыемствах, якія праводзяцца  ў Доме культуры. У свае 11 гадоў дзяўчынка  ўжо спрабавала свае сілы і на раённым узроўні. Чатырохгадовы сын наведвае дзіцячы садок.

Працаваць музычным кіраўніком Васіля Уладзіміравіча задавальняе цалкам, бо ён дакладна ведае, што і як павінен рабіць, каб дасягнуць станоўчага выніку.

—        Да дзяцей “прыкіпеў” душой, — прызнаецца педагог. – Мне вельмі падабаецца працаваць у дзіцячым калектыве. Неяк само сабой, даволі хутка знаходжу агульную мову з малымі непаседамі. Мае выхаванцы ўсе вельмі рухавыя і цікаўныя, таму стараюся знайсці падыход да кожнага, каб разлічваць на аддачу з іх боку. Непасрэднасць і шчырасць дзяцей прывабліваюць, даюць пачуццё спакою. Прыемна працаваць у такой атмасферы. Любоў да музыкі – гэта далёка не адзіны фактар, які вымагае ісці на работу ў добрым настроі, а вось любоў да дзяцей і жаданне ўзняць ім  настрой, парадаваць, зацікавіць, даць магчымасць адпачыць з карысцю ў станоўчым псіхалагічным мікраклімаце, зацікаўленасць вынікамі праведзенай работы – гэта зусім іншае.

Ужо на першых занятках Васіль Уладзіміравіч выяўляе дзяцей, якія маюць пэўныя здольнасці да музыкі. Не трэба яму асобна праслухоўваць кожнага,  дастаткова выкарыстаць самыя простыя інструменты, ды нават звычайныя прытопы, прыхлопы – і ён ведае: хто і на што здольны.

У працоўным калектыве Васіль Дзенісовіч карыстаецца заслужаным аўтарытэтам.

У гэтым годзе яго выбралі старшынёю прафсаюзнай арганізацыі ўстановы. Педагог сцвярджае, што працаваць камфортна яшчэ з той прычыны, што ўсе ініцыятывы падтрымліваюцца адміністрацыяй і любая задума рэалізуецца ў цесным супрацоўніцтве ўсіх работнікаў садка.

Васіль Уладзіміравіч разам з выхавальнікамі і кіраўніком фізічнага выхавання пастаянна ладзяць для сваіх выхаванцаў разнастайныя мерапрыемствы. Дзеці пад кіраўніцтвам педагога прымаюць удзел у раённых конкурсах. У мінулым навучальным  годзе ім прысуджана трэцяе месца ў раённым конкурсе дзіцячай творчасці “Весенняя капель-2016” у намінацыі “Танцавальная творчасць”. Займаецца педагог пастаяннай самаадукацыяй, удзельнічае ў пасяджэннях  раённых  метадычных аб’яднанняў музычных кіраўнікоў дашкольных устаноў.

Днямі педагогі наведаліся ў Белавушскі яслі-сад, а Васіль Уладзіміравіч разам са сваімі выхаванцамі так крэатыўна падышоў да падрыхтоўкі адкрытых заняткаў, што гэта  вельмі спадабалася ўсім удзельнікам сустрэчы. Музычны кіраўнік установы  падабраў цікавыя танцы, прадэманстраваў ігру на музычных інструментах, дзеці спявалі прыпеўкі на беларускай мове, многія з якіх склаў сам Васіль Дзенісовіч.

Лёгкі на пад’ём педагог прымае актыўны  ўдзел у творчай дзейнасці раёна. Ён выступае  на канцэртах, святочных і іншых культурна-масавых мерапрыемствах як у раёне, так і па-за яго межамі. На добраахвотнай аснове ладзіць канцэрты для аднавяскоўцаў, у час якіх задзейнічаны   ў мясцовым Доме культуры і яго выхаванцы.

Васіль Уладзіміравіч прызнаецца, што бываюць, безумоўна, як узлёты, так і падзенні, але ва ўсім адчуваецца падтрымка сям’і, а музыка для яго – бальзам на душу, таму і на любімай рабоце ён адпачывае ўсім сэрцам.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

Добавить комментарий