Без насення нічога не ўзыдзе

img_2889 img_2898Пра прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “Полесские пряности” вядома параўнальна не надта даўно – першая прадукцыя яго трапіла ў гандлёвыя кропкі чатыры гады таму. Тым не менш, сёння гэта адзін з самых стабільных перапрацоўшчыкаў агародніны не толькі ў раёне, а і ў краіне.

Зараз квашаная капуста розных відаў, салёныя агуркі і памідоры, мочаныя яблыкі, часнок, морква па-карэйску дастаўляюцца і ахвотна купляюцца ў гандлёвых кропках Мінска і ўсёй рэспублікі.

На тым фоне, што многія вытворцы сельгаспрадукцыі звычайна скардзяцца на цяжкасці пры рэалізацыі вырашчанага, асабліва гэта часта бывае ў фермераў, дырэктар прадпрыемства Сяргей Міхайлавіч Быба разважае зусім інакш – рэальна і аптымістычна:

– Наша ідэя – перарабляць мясцовую агародніну і прадаваць натуральны прадукт у гандлёвую сетку базуецца на тым перакананні, што гэта запатрабавана на кожным стале. Нават пры тым, што наша прадукцыя на фоне падаражання іншых прадуктаў і тавараў працяглы час рэалізуецца па ранейшых цэнах, мы дабіваемся рэнтабельнасці ў рабоце. Попыт ёсць, застаюцца рэзервы для павелічэння аб’ёмаў продажу нашых вырабаў.

Цяпер можна гаварыць, што пачынаючы фермер не памыліўся, нешта прадбачыў, калі разам з жонкай Вольгай Васільеўнай  у дамашніх умовах упершыню засалілі вырашчаныя на прысядзібным участку агуркі. Самі завезлі агуркі ў Мінск.

Адчувалі, што трэба расшырацца. Вывучалі рынак, ацэньвалі свае магчымасці. Чатыры гады таму размясцілі вытворчасць на базе прадпрыемства меліярацыйнай сістэмы, якая вызвалілася з-за адсутнасці ў ёй патрэбы. Пашчыравалі на гэтай базе, непазнавальна яе змянілі, аснасціліся абсталяваннем.

Можна доўга расказваць пра крокі, якія Сяргей Міхайлавіч рабіў па наладжванні  працэсу забеспячэння вытворчасці неабходнай сыравінай, па размяшчэнні заказаў на прадукцыю, якімі цяпер ахоплена ўся краіна. Хаця, можа гэта было б цікавым для тых, хто таксама хацеў бы пачаць сваю справу. Ды чаму ж атрымалася ў Сяргея Міхайлавіча, а ў іншых – не?

– Я аднойчы пачуў ад разумнага чалавека пра тое, што калі ў зямлю не кінеш зярнятка, нічога не вырасце. Хіба можна дабіцца нечага, калі не прыкладваць для гэтага неабходныя намаганні?

Да гэтага можна дадаць: ну не кожны здольны на тое, чым займаецца Сяргей Быба. Каб пераадолець сваю зайздрасць да яго поспеху, трэба зразумець, што не кожны варты ўмець так ладзіць з людзьмі, так дабівацца прыбытковасці вытворчасці, пры гэтым, як ён перакананы, першапачаткова служыць іменна людзям.

Толькі адзін факт: за першы квартал гэтага года прадпрыемства заплаціла акрамя іншых абавязковых плацяжоў падаткаў на прыбыткі 500 мільёнаў рублёў.

На прадпрыемстве створаны спрыяльныя ўмовы для работы людзей. Яны задаволены і заробкам, і адносінамі да сябе.

Сяргей Міхайлавіч даволі спакойна гаворыць пра канкурэнцыю на рынках збыту прадукцыі:

– Мы можам па ўсёй краіне забяспечыць гандаль нашымі таварамі. Для гэтага ёсць прадукцыя, тэхніка для дастаўкі, тара. Ёсць інтэлект. Мы разумеем, як наладзіць справу.

– І нішто не замінае, не перашкаджае?

– Ведаеце, мы перажылі і не самыя лепшыя часы. Адчулі на сабе і банкруцтва, калі тая ж “Родная старана” загадала сабе доўга жыць. Цяжкасці ёсць, пераадольваем іх.

Фёдар ШУМКО

Фота аўтара

 

Без насення нічога не ўзыдзе: 1 комментарий

  • 11.06.2018 в 3:22 пп
    Permalink

    Люблю чытаць навiны з роднага Палесся, вельмi паважаю сваiх землякоу за iх працавiтасць, дасцiпнасць, адданасць роднай зямлi.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *