Самаадданая праца – залог поспеху

 

dsc_6461На аснове рашэння Столінскага раённага выканаўчага камітэта званне “Малады чалавек года-2015” у галіне дзяржаўных структур прысвоена старшаму ўчастковаму інспектару Столінскага РАУС Сяргею Сяргеевічу Вячорку.

Нарадзіўся Сяргей Сяргеевіч у в. Гарадная.  З малых  гадоў   усіх  дзяцей  у мнагадзетнай сям’і бацькі прывучалі да  працы і адказнасці за свае ўчынкі. Кожны меў свае абавязкі, а маці Раіса Васільеўна – настаўніца пачатковых класаў Гараднянскай сярэдняй школы – дапамагала ўсвядоміць, якое важнае значэнне мае атрыманне добрай адукацыі.

Пасля заканчэння школы Сяргей Вячорка вырашае, як і маці, стаць настаўнікам і  паступае на гістарычны факультэт  Брэсцкага  дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна. Ён прызнаецца, што менавіта ў гэты перыяд зразумеў, як складана бацькам вучыць адразу некалькіх студэнтаў, таму і стараўся самастойна зарабляць, не баяўся брацца за самую складаную работу, каб толькі дапамагчы родным.  Гэта не перашкаджала добра вучыцца, каб не было сорамна перад іншымі.  Але ж працаваць настаўнікам гісторыі не давялося.

Міні-анкета:

Любімы фільм – “Царство небесное”

Любімая страва – плоў

Любімая кніга – “Каласы пад сярпом тваім” У.  Караткевіча

Любімы напітак – бярозавы сок

Любімая пара года —  зіма

Любімы колер – зялёны

Любімае выказванне – “Самаадданая праца – залог поспеху”.

Пасля службы ў арміі, калі стаяла пытанне працаўладкавання, ішоў набор кандыдатаў на пасаду ўчастковых інспектараў. Маці тады і параіла звязаць сваё жыццё з аддзелам унутраных спраў, за што Сяргей Сяргеевіч ёй вельмі ўдзячны. Так  атрымалася, што працаваць давялося ўчастковым інспектарам Гараднянскага і Глінкаўскага сельскіх Саветаў на працягу пяці гадоў. За перыяд работы ўчастковым Сяргей Вячорка меў толькі станоўчыя характарыстыкі. Ён прымаў удзел у раскрыцці практычна ўсіх злачынстваў, вёў актыўную работу па прафілактыцы п’янства і алкагалізму сярод насельніцтва, стараўся сумленна выконваць свае абавязкі і працаваць на карысць людзям. Сярод калег карыстаўся заслужаным аўтарытэтам і заўсёды праяўляў разумную ініцыятыву.

– Я вельмі люблю сваю работу, – сцвярджае Сяргей Сяргеевіч. – Калі б у мяне было права выбару, я адназначна пакінуў бы ўсё так, як ёсць. Мая работа прыносіць мне задавальненне. Не буду крывіць душой: работа не з лёгкіх, але гэта адназначна маё. Не ўяўляю, як бы я працаваў у школе ці якой-небудзь іншай установе. У міліцыі я знайшоў сябе, сваё прызначэнне.

А вось 2015 год стаў для Сяргея Вячоркі асаблівым,  шмат у чым  нават лёсавызначальным. У гэты перыяд ён атрымаў званне капітана міліцыі і быў пераведзены на пасаду старшага ўчастковага інспектара. Такія змены вымагалі поўнай самааддачы рабоце і пастаяннага самавыхавання, няспыннай працы над сабой.  Нярэдка прыходзілася затрымлівацца на рабоце, каб зрабіць усё як след. Цяпер Сяргей Сяргеевіч з веданнем справы на правах больш вопытнага ўчастковага акрамя сваіх непасрэдных абавязкаў аказваў дапамогу, падказваў, кансультаваў калег, што вымагала  і дадатковага часу, і паглыблення ў сутнасць многіх спрэчных пытанняў, на якія тэрмінова патрэбна было знайсці дакладны адказ.

– Работа ўчастковага патрабуе  валодання асновамі  псіхалогіі, канфлікталогіі, грамадазнаўства, дасканалага ведання ўсіх юрыдычных тонкасцяў і ўмення весці справу з майстэрствам самага тонкага дыпламата. А яшчэ трэба мець такую вытрымку, каб не адзін раз прааналізаць сітуацыю, праглядзець усе магчымыя варыянты, але дакапацца да праўды. Тым больш, што ад цябе, ад тваёй кампетэнтнасці залежыць лёс многіх людзей. Кожны дзень даводзіцца прачынацца з  адчуваннем, што ад цябе залежыць забеспячэнне спакою на замацаваным участку і грамадскага парадку. Аператыўнасць спрыяе папярэджанню ўзнікнення новых злачынстваў і правапарушэнняў. Безумоўна,  даводзіцца рызыкаваць асабістым жыццём, але галоўная задача, якая стаіць перад супрацоўнікам міліцыі, – гэта папярэдзіць і прадухіліць. Людзі, іх спакой і дабрабыт стаяць заўсёды на першым месцы.

Сяргей Вячорка прызнаецца, што  раней усё ўспрымалася па-іншаму, а цяпер, калі ажаніўся, разумееш, што дома цябе чакаюць з чарговага дзяжурства, непакояцца, калі затрымліваешся, – і адчуваеш сябе вінаватым, бо работа вымагае значна больш часу, але іншага выйсця няма.

Сёння Сяргей Сяргеевіч часова выконвае абавязкі начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх,   паступіў у Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў на спецыяльнасць “Дзяржаўнае кіраванне” з мэтай удасканалення тэарэтычных ведаў на аснове практычных, якія набыў за гады работы і павышэння  сваёй адукацыі, бо, ён лічыць: вучыцца ніколі не позна, тым больш, што  “грамадзянскай” адукацыі недастаткова для таго, каб займаць такую пасаду. Цяпер, як ніколі раней, яму патрэбна добрая падрыхтоўка для таго, каб весці гаворку з самымі незгаворлівымі бацькамі. Прыводзіць прыклады,  спасылацца на  факты,  указваць на наступствы, канстатаваць вытрымкі з заканадаўчых дакументаў,  гаварыць пра адказнасць, прызываць да супрацоўніцтва…  Сваім прыкладам паказваць падначаленым, як трэба самааддана працаваць для  дасягнення агульнай мэты.   Рабіць усё правільна, каб вынікам згуртаванай працы стала менш хоць на адзін зламаны лёс юнака ці дзяўчыны – гэта ўжо перамога.

Сяргей Сяргеевіч наведвае ўстановы адукацыі раёна, праводзіць прафілактычныя гутаркі з вучнямі, сустракаецца з бацькамі,  імкнецца зрабіць усё для таго, каб знізіць працэнт падлеткавай злачыннасці.

У вольны час, якога катастрафічна не хапае, стараецца адпачыць за праглядам тэлеперадач  ці цікавых фільмаў. Часам дастаткова проста пабыць у сямейным коле, каб пасля з новымі сіламі ўзяцца за работу.

 За ўсе дасягнутыя поспехі ўдзячны намесніку начальніка РАУС  Васілю Сямёнавічу Чмуневічу, з якім пашанцавала ў свой час працаваць і ад якога давялося пераняць значны працоўны вопыт, а таксама начальніку Столінскага РАУС Вячаславу Анатольевічу Філіпчыку.

Людміла  КАСПЯРОВІЧ

Добавить комментарий