На кірмаш па Дзіміны баклажаны

 

img_7871Дзмітрый Бруцкі з аграгарадка Велямічы застаўся ў сваёй вёсцы свядома. Пра такіх людзей кажуць: дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Ён актыўна займаецца вырошчваннем агародніны, крыху – садавіны.

Хлопец рызыковы, для якога вельмі важны працэс вырошчвання агародніны, а пасля ўжо на вагі ён ставіць прыбытак. Хаця рызыка ў сельскагаспадарчай справе не заўжды апраўдваецца, але Дзмітрый не вешае нос, а ўпарта ідзе да сваёй мэты – вырасціць ідэальны ўраджай і прадаць яго спажыўцам, каб усе былі задаволены цаной і якасцю.

Дзмітрый на вялікіх плошчах вырошчвае самыя розныя культуры – агуркі, капусту, перац, часнок, моркву, баклажаны. Ёсць невялікі сад, у якім збірае неблагі ўраджай яблыкаў.

Сёлета Дзмітрый узяў у арэнду ў мясцовым СВК 17 гектараў, якія засадзіў капустай. Тэсціраваў розныя гібрыды капусты. І ў выніку выдатны ўраджай белакачаннай. Ужо пачаў рэалізаваць свой тавар, але пакуль папярэднія разлікі паказваюць, што яго даход будзе з вялікім мінусам.

Сваімі поспехамі ў вырошчванні агародніны Дзмітрый дзеліцца з усімі жадаючымі. Нядаўна на яго землях прайшоў Дзень поля, на які сабраліся прадстаўнікі розных фірм, што займаюцца рэалізацыяй насення. Усім спадабалася поле Дзмітрыя, дзе качаны капусты адзін у адзін, чыста ад пустазелля, усё дагледжана.

Сёлета ўпершыню Дзмітрый паспрабаваў вырошчваць баклажаны.

— Пасеялі мы насенне ў сярэдзіне лютага, — расказвае Дзмітрый. – праз месяц расаду пікіравалі. Далікатныя расліны былі высаджаны ў поле ў пачатку чэрвеня. Нічым не накрывалі. Пастаянны догляд, кропельны паліў рабілі сваю справу.

У выніку Дзмітрый пайшоў у сельвыканкам па даведку на продаж пяці тон баклажанаў.

— Штотыдня зрываў па 50 бананак фіялетавых прыгажуноў, — гаворыць гаспадар. – Быў пік ураджаю, калі сарваў 170 бананак, у адной прыкладна па 12 кілаграмаў. Ураджаем задаволены. Мне вельмі спадабалася вырошчваць гэтую іншаземную агародніну.

Дзмітрый пачынае расказваць пра працэс вырошчвання баклажанаў, і разумееш, якое задаволенне чалавек атрымлівае ад сваёй работы, як ён хварэе літаральна за кожную раслінку, колькі ўкладвае ў кожнае каліўца, зярнятка, каб яно паднялося і прынесла ўраджай.

Дзмітрый на сваіх землях працуе разам з жонкай Ганнай. У сям’і выхоўваецца дачушка Людміла, якая ходзіць у 5 клас, і пяцігадовы Мікіта. І вось зараз сям’я чакае прыбаўленне.

Яны разам ладзяць сямейны бізнэс, які заснаваны на тым, што можна вырасціць на зямлі. Акрамя вырошчвання садавіны і агародніны практыкуюць і засолку. Сёлета ў пік росту агуркоў засалілі 50 тон. Цяпер рэалізуюць іх. Для засолкі створаны неабходныя ўмовы, у спецыяльным памяшканні стаяць кандыцыянеры, каб пастаянна падтрымліваць патрэбную тэмпературу.

Вырашчаны ўраджай Дзмітрый часткова рэалізуе праз сястру, якая мае сваю кропку на рынку ў Ждановічах. Частку ўраджаю здае аптавікам, а частку вывозіць на продаж сам. Вось зараз пачаліся восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы, і  Дзмітрый пастаянна ў раз’ездах: прадае свой ураджай. Мы з ім размаўлялі ў нядзелю, калі ён гандляваў на кірмашы яблыкамі, капустай, часнаком, памідорамі і сваімі любімымі баклажанамі, якія на дзіва маюць цудоўны выгляд і могуць пахваліцца вялікімі памерамі. Гіганты дасягалі двух з паловай кілаграмаў. Але кожны пакупнік у кошыку Дзмітрыя можа знайсці баклажан, які будзе па густу і памеру падыходзіць менавіта яму.

Таццяна СЕГЕН

Фота аўтара

Добавить комментарий