Камісія па справах непаўналетніх прайшла на Століншчыне

img-20150520112615-920Вярнуць давер дзяцей?!

Бяда той сям’і, у якую закралася страшная пагібель – алкаголь, які руйнуе ўсё на сваім шляху: дарослыя забываюць пра свае бацькоўскія абавязкі, дзеці жывуць у пастаянным страху перад неадэкватнымі паводзінамі бацькоў, якія ў  стане алкагольнага ап’янення здольны  не толькі пакрыўдзіць, але і нанесці цялесныя пашкоджанні сваім  родным.

Аналагічны выпадак разглядалі на камісіі па справах непаўналетніх. Грамадзянін З., які пражывае ў адным з аддаленых ад райцэнтра населеных пунктаў, адбыў пакаранне за пагрозу забойствам у адносінах да свайго непаўналетняга сына.

Цяпер члены камісіі паставілі гора-бацькоў перад выбарам: дзеці ці цяга да спіртнога. На словах, дык яны выбралі дзяцей, якія ўжо не адзін месяц знаходзяцца ў сацыяльным прытулку. Цяпер бацькі робяць спробы наладзіць уласнае жыццё і стварыць умовы для пражывання дзяцей, але ці атрымаецца ў іх заслужыць давер і вярнуць шчырыя ўзаемаадносіны са сваімі “крывіначкамі”? Верыцца з цяжкасцю, бо маці, здаецца, і робіць спробы наладзіць дабрабыт, а вось бацька вагаецца і схіляецца да думкі, што ён увогуле пойдзе з сям’і. Бацькам далі час выправіць сітуацыю.

Без дзяцей: я не я

Да адміністрацыйнай адказнасці за неналежныя адносіны да сваіх дзяцей прыцягнута жыхарка г. Століна, якая гадуе дачку і сына адна. Маладая жанчына вядзе амаральны лад жыцця, бадзяецца, бавіць час у вясёлых кампаніях. Бывала, што і падвяргалася арышту за прагулы.   Грамадзянка Б. канфліктуе са сваімі бабуляй і дзядулем, бо каму з маладых хочацца чуць настаўленні? Але калі дачка з сынам маладой маці былі змешчаны ў сацыяльны прытулак, дык паступова прыйшло ўсведамленне сітуацыі, у якой яна аказалася з прычыны сваёй  безадказнасці. Б. ужо зрабіла першыя спробы змяніць сітуацыю: наладзіла ўзаемаадносіны з бабуляй, менш канфліктуе з дзядулем, стараецца пасля работы праводзіць час дома і пазбягаць былых кампаній.

На камісіі па справах непаўналетніх Б. слёзна звярнулася да членаў камісіі з просьбай вярнуць дзяцей, бо яна ўсё зразумела і цяпер абяцала цалкам змяніць сітуацыю, бо сэнс яе жыцця  заключаецца ў дзецях. Бабуля таксама сумуе па малых і цяпер гарантуе, што ўсё будзе па-іншаму: Б. будзе хадзіць на работу, выконваць свае абавязкі па выхаванні дзяцей, а яны з дзядулем будуць ва ўсім дапамагаць унучцы.

Са статусам  «маці»

Непаўналетняму Я. часта прыходзіцца расчароўвацца ва ўчынках сваёй маці. Неаднаразова вяскоўцы назіралі, як ён чакаў дапазна маці, якая павінна была вярнуцца з работы, але, не дачакаўшыся, з сумам бег  на другі бок аграгарадка Б., каб пераначаваць у цёткі, якая замяніла яму бацькоў і даглядала малога. Маці ў гэты час начавала ў сужыцеля ці вярталася сярод ночы дадому нецвярозая. Бацька малога таксама прыкладваецца да бутэлькі, але матэрыяльна стараецца дапамагаць сыну. Бацькі ўжо даўно ў разводзе. Дарэчы, непаўналетні Я. ужо трапляў у сацыяльны прытулак. І цяпер зноў паўстала аналагічнае пытанне, бо маці не выконвае сваіх непасрэдных абавязкаў у адносінах да сына. Грамадзянка В., каб палепшыць сітуацыю, папрасіла членаў камісіі пакінуць сына на выхаванне цётцы, якая да ўсяго мае яшчэ і  інваліднасць, але ні ў якім разе не пазбаўляць яе бацькоўскіх правоў. Не дачакаліся  члены камісіі, каб В. вырашыла змяніць сваё жыццё, адмовіцца ад спіртнога ці выказала, як моцна яна любіць сына. Адзінае, што непакоіла жанчыну, – статус “маці”, які ўсё ж хочацца насіць. А выхоўваць дзіця – гэта няхай іншыя!

Няўдалая гулянка

Для непаўналетняга Ф. вясёлае правядзенне часу ў сельскім Доме культуры нічога добрага не прадвяшчала. Мала таго, што супрацоўнікі праваахоўных органаў падаспелі якраз у той момант, як ён распіваў у грамадскім месцы спіртныя напіткі ды яшчэ ў стане алкагольнага ап’янення аказваў супраціўленне прадстаўнікам міліцыі. Непаўналентні Ф. растлумачыў, што ён бы з радасцю накіраваўся за прадстаўнікамі праваахоўных органаў, ды ва ўсім вінаваты брат, які стараўся выратаваць Ф. у дадзенай сітуацыі, а як атрымалася – толькі нашкодзіў. Вось і вылілася няўдалая спроба пасябраваць з “Беларусачкай” у штраф памерам у тры базавыя велічыні.

Было чаго баяцца

Не пашанцавала непаўналетняму М. з размахам адзначыць дажынкі, якія праходзілі ў аграгарадку Б. Мала таго, што нагу пашкодзіў, дык яшчэ  трапіў у поле зроку праваахоўных органаў, калі  вяртаўся дадому.  На бяду, не распазнаў прадстаўнікоў міліцыі і не спыніўся па першым патрабаванні, нават паспрабаваў бегчы, але нага…

Нягледзячы на станоўчыя характарыстыкі з месца вучобы і сцвярджэнне маці, што яна выхоўвае М. строга, непаўналетняму было чаго баяцца, таму і ўцякаў. Тым больш, што на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх М. ужо стаіць за распіццё алкагольных напіткаў, а тут зноў такая  сустрэча… Маці абяцала, што больш такога не паўторыцца, але члены камісіі паўнапраўныя папярэдзіць бацькоў М. за вынікі яго ўчынкаў і праводзіць з непаўналетнім прафілактычную работу да тых пор, пакуль ён будзе знаходзіцца на ўліку. Што з гэтага атрымаецца, пакажа час…

Маленькі ды ўдаленькі

Мабыць, гэтым выразам можна ахарактарызаваць непаўналетняга С., калі разглядаць выпадак, які здарыўся з маладым чалавекам. Летнім вечарам ён разам з сябрамі смажыў шашлыкі, як аднекуль з’явіўся незнаёмы Х. у стане алкагольнага ап’янення і пачаў чапляцца да кампаніі. На выраз “Ну што, сапляк?”, выказаны  на адрас С., ён выкарыстаў газавы балончык.   Калі ж незнаёмы кінуўся з кулакамі, непаўналетні таксама раз-другі стукнуў “ворага”. У выніку  С. нанёс грамадзяніну Х. лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія не прывялі да страты здароўя, але абышліся для бацькі непаўналетняга штрафам у памеры 10 базавых велічынь.

Добрага мала

Два непаўналетнія М. і Н. вырашылі далучыцца да святкавання раённых дажынак і з гэтай нагоды да добрага настрою дадалі алкаголю. Вось ён і  выліўся для сямейнага бюджэту кожнай сям’і штрафам у адну базавую велічыню, а для непаўналетніх – пастаноўкай на ўлік у інспекцыі па справах непаўналетніх.

Вось вам і спрэчка

Не змаглі паміж сабой разабрацца дзве непаўналетнія Н. і Б. Учарашнія  сяброўкі пасварыліся, вось і сустрэліся на стадыёне адной са школ раёна, каб высветліць адносіны. Але нічым добрым гэта не скончылася. Слова за слова – Н. пачала выдзіраць у Б. навушнікі з вушэй у адказ на дэманстратыўнае адмаўленне Б. яе выслухаць.  На што Б. паспрабавала ўкусіць саперніцу.  Н. і Б. нават самі не заўважылі, як спрэчка перарасла ў бойку, якую члены камісіі разглядалі як дробнае хуліганства. Непаўналетнія  ўжо даўно пашкадавалі пра свае ўчынкі, але адказнасць за іх свавольства  кладзецца на плечы бацькоў. Маці Н. за ўчынак дачкі заплаціць штраф у памеры  дзве базавыя велічыні, а з непаўналетняй Н. будзе праводзіцца прафілактычная работа, бо яна знаходзіцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх.

Паспрабуйце даказаць

Да адміністрацыйнай адказнасці за неналежнае выкананне сваіх абавязкаў у адносінах да непаўналетняга П. прыцягнута жанчына, якая сама гадуе чацвярых дзяцей. На гэты раз мнагадзетная А. была занята сельскагаспадарчымі работамі, а сын дапамагаў разгрузіць мяхі з бульбай аднаму з аднавяскоўцаў. Вось і пачаставаў “добры” вясковец непаўналетняга бутэлечкай піва.  Пасля юнак яшчэ і ў футбол гуляў на школьным стадыёне, ды няладнае ў паводзінах непаўналетняга заўважыла завуч школы, якая праходзіла побач. Прыйшлося ёй выканаць просьбу П. і даказаць, што непаўналетні знаходзіцца ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення. Улічваючы цяжкае матэрыяльнае становішча сям’і, у адносінах да А. прымянілі мінімальную меру пакарання – штраф памерам у адну базавую велічыню. Непаўналетні цяпер за свой праступак знаходзіцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

 

Добавить комментарий