Сесія абласнога Савета дэпутатаў: Пільную ўвагу – маёмасці

 

2
Выязное пасяджэнне сесіі Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў прайшло на тэрыторыі Столінскага раёна 27 верасня. На прыкладзе нашага раёна ўдзельнікі мерапрыемства разгледзелі пытанне па ўцягненні ў гаспадарчы абарот маёмасці, што не выкарыстоўваецца па тых ці іншых прычынах.

З гэтай нагоды Століншчыну наведалі дэпутаты Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, старшыні гарадскіх і раённых Саветаў дэпутатаў, намеснікі старшынь гаррайвыканкамаў, якія курыруюць пытанні маёмасці, кіраўнікі абласных службаў. На столінскай зямлі гасцей вітаў старшыня райсавета дэпутатаў Аляксей Аляксеевіч Дзямко. Таксама ўдзел у сесіі прыняў старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі.

Адкрыў пасяджэнне старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Дзмітрыевіч Ашмянцаў.

– Неабходна надаваць пільную ўвагу ўцягненню ў абарот маёмасці, што не выкарыстоўваецца. Гэта надта важны момант, таму што дае магчымасць ствараць новыя працоўныя месцы, арганізоўваць занятасць людзей,  –  адзначыў Сяргей Дзмітрыевіч. – У кожным рэгіёне ёсць аб’екты, што засталіся незапатрабаванымі. І на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы прад’яўляюцца сур’ёзныя патрабаванні да надання такой маёмасці новага жыцця.

Старшыня аблсавета таксама заўважыў, што не зусім правільнае меркаванне пра тое, што лепш і прасцей рэалізоўваць аб’екты побач з буйнымі гарадамі. Напрыклад, Століншчына знаходзіцца на ўскрайку краіны, але тут шмат робіцца, прычым паспяхова, у плане “рэанімацыі” невыкарыстоўваемай маёмасці.

1Дырэктар абласнога тэрытарыяльнага фонду дзяржаўнай маёмасці Павел Паўлавіч Манько ў сваім дакладзе адзначыў, што Фондам унесены каля 80 прапаноў па ўдасканаленні заканадаўства, у тым ліку па пытаннях маёмасных адносін, разгледжаны 288 праектаў нарматыўных актаў, што паступілі на ўзгадненне. Праводзілася работа па метадалагічным забеспячэнні, прымалі ўдзел у шматлікіх семінарах, праверках, маніторынгах і іншае. Такім чынам, за 2014-2015 гады ўчынены 555 здзелак па адчужэнні маёмасці Брэсцкай вобласці на 3940,7 млрд рублёў (без уліку дэнамінацыі). У тым ліку 25 здзелак па Столінскім раёне на суму 1832,65 млн рублёў (без уліку дэнамінацыі).

Наогул, па вобласці 2111 невыкарыстоўваемых аб’ектаў усіх форм уласнасці агульнай плошчай 1366,1 тысячы  кв. м. У тым ліку на Століншчыне 132 такія аб’екты плошчай 75,1 тысячы кв. м.

Фондам сфарміраваны новы падыход праз пастаноўку задач па  ўцягненні ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемай маёмасці камунальнай уласнасці кожнаму гаррайвыканкаму вобласці, што пабуджае мясцовыя ўлады дзейнічаць пастаянна і эфектыўна.

На тэрыторыі Столінскага раёна ўдзельнікі сесіі наведалі аграгарадок Белавуша, дзе пабывалі ў зале для правядзення масавых мерапрыемстваў. Гэты аб’ект зроблены на базе гандлёвых плошчаў райспажыўтаварыства, якія не давалі неабходнай аддачы ад выкарыстання ды і наогул былі незапатрабаваны. Цяпер, як патлумачыў дырэктар філіяла “Гаркаапгандаль” Аляксей Бутыла, жыхары аграгарадка маюць магчымасць арганізоўваць мерапрыемствы з той ці іншай нагоды ў спецыяльна прызначанай для гэтага зале з усімі неабходнымі зручнасцямі.

Прыемна ўразіў дэпутатаў новы дзіцячы яслі-сад № 2 у Давыд-Гарадку. Як вядома, ён быў адкрыты пасля рэканструкцыі казармы і сталоўкі былой вайсковай часці. Сяргей Дзмітрыевіч Ашмянцаў уручыў падарункі для садка, сярод якіх камп’ютар, газонакасілка, мэбля і іншыя карысныя ў гаспадарцы рэчы.

3Удзельнікі сесіі пабывалі таксама на ПГУП “Полесские пряности”. Яго заснавальнік і дырэктар Сяргей Быба расказаў, што прадпрыемства для перапрацоўкі, захавання і рэалізацыі агародніны і садавіны створана на базе аб’ектаў Столінскага ПМС, якія не выкарыстоўваліся ўласнікам. А цяпер тут на самай справе квітнеючая вытворчасць.

Наведалі таксама КФГ “Брадок” і “Альшаны”. Пазнаёміліся з работай рынку па закупцы сельгаспрадукцыі, а таксама пабачылі, як вырошчваецца агародніна па прагрэсіўных тэхналогіях.

У ходзе пленарнага пасяджэння з інфармацыяй выступілі намеснік старшыні Столінскага райвыканкама Міхаіл Піліпавіч Несцяровіч, старшыня Івацэвіцкага райсавета дэпутатаў Аляксандр Фёдаравіч Сарока, намеснік старшыні Пінскага гарвыканкама Міхаіл Мікалаевіч Самалазаў.

Падводзячы вынікі работы сесіі, старшыня аблсавета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў адзначыў, што ў сваёй дзейнасці мясцовыя ўлады павінны выкарыстоўваць маёмасць так, каб даць людзям магчымасць працаваць. А самае галоўнае  — аказваць ім пастаяннае садзейнічанне ў гэтым.

Было прынята адпаведнае рашэнне Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў.

Тэкст і фота Алены КЛІМУШКА

 

 

Добавить комментарий