Першая настаўніца мая

lemyaza-g-sc

Чамусьці праз гады мы ўсё часцей успамінаем сваю першую настаўніцу. Што яна нам гаварыла і што раіла, як клапацілася аб кожным з нас.
Ганну Сцяпанаўну Лемяза – настаўніцу пачатковых класаў СШ № 2 аграгарадка Альшаны таксама будуць успамінаць яе вучні, што сёлета перайшлі ў пяты клас. Але ж калі-нікалі і забягуць на хвіліну ў знаёмы кабінет да любімай настаўніцы, бо яна для іх не толькі педагог, а і надзейны сябра. Колькі адказаў дала настаўніца ім на самыя розныя пытанні, колькі цікавых гісторый расказала і колькі яны зрабілі сумесных спраў. Ганна Сцяпанаўна з усмешкай расказвае, як першакласнікі па звычцы першы час яе мамай могуць назваць. А зараз з цікаўнасцю глядзяць на сваю настаўніцу 18 вучняў першага класа, з якімі ў гэтым годзе яна адправіцца ў краіну ведаў.
Ганна Сцяпанаўна настаўнічае ў сярэдняй школе № 2 аг. Альшаны з самага яе адкрыцця – ужо пяць гадоў. Дагэтуль яна працавала ў СШ № 1 на групе падоўжанага дня з дзецьмі рознага ўзросту. Прапанавалі ёй перайсці ў новую школу па той жа прычыне, па якой былі раздзелены вучні – тэрытарыяльнай (каму бліжэй да якой школы дабірацца). У першай школе засталася яе сястра Марыя Сцяпанаўна Тарасевіч, якая таксама працуе настаўнікам малодшых класаў. Дарэчы, менавіта сястра стала для яе прыкладам, таму пасля заканчэння школы Ганна адразу падала дакументы ў Баранавіцкі педагагічны каледж на аддзяленне начальных класаў. Потым завочна атрымала адукацыю ў Брэсцкім педагагічным універсітэце імя А. С. Пушкіна.
З удзячнасцю гаворыць Ганна Сцяпанаўна пра калектыў, асабліва пра сваю паралель. Слушныя парады Лідзіі Пятроўны Андрусевіч, Алены Васільеўны Козел, Тамары Пятроўны Сімановіч неаднойчы спатрэбіліся ў яе дзейнасці. Ды і ўмовам, у якіх працуе Ганна Сцяпанаўна, можна пазайздросціць, бо кабінет для першакласнікаў больш нагадвае шматпакаёвую кватэру. У асобных памяшканнях размешчаны гардэроб, пакой, дзе спяць першакласнікі, туалет, – усё гэта зроблена для таго, каб вучань адчуваў сябе максімальна камфортна.
– Гэта ўжо ў трэцім і чацвёртым класах дзеці становяцца больш самастойнымі, – дзеліцца вопытам настаўніца. – А першы год – перыяд адаптацыі, калі ўсё новае і невядомае. Гэта час безлічы пытанняў, толькі і паспявай адказваць: чаго? чаму? навошта? Але менавіта ў першы год ты даведваешся аб кожным вучні столькі, што ўспрымаеш яго, як сваё роднае дзіця. За чатыры гады я так прывыкла да кожнага з іх, што зараз хочацца патэлефанаваць і спытаць пра справы. Вельмі прыемна, калі бацькі супрацоўнічаюць са школай: цікавяцца, раяцца і абмяркоўваюць з настаўнікам працэс навучання. Са свайго вопыту магу сказаць, што калі бацькі за навуку будуць абедзвюма рукамі, тады і дзіця будзе імкнуцца да ведаў.
Настаўнік, асабліва пачатковай школы, павінен ашчадна ставіцца да інтарэсаў вучня, яго звычак і катэгарычна недапускаць грубасць. Дзеці маюць розныя характары, і да кожнага трэба знайсці свой падыход.
Для Ганны Сцяпанаўны важна навучыць вучняў самім імкнуцца да ведаў, каб ім заўсёды было цікава даведвацца пра штосьці новае і незвычайнае, каб працэс пазнання не заканчваўся за школьнымі дзвярыма. У красавіку гэтага года адна з яе вучаніц Ірына Чынікайла прымала ўдзел у навуковай канферэнцыі “Я – даследчык”, на якой прадставіла прэзентацыю “Сакрэт сасновых шышак”. А два гады таму настаўніца атрымала дыплом першай ступені за работу “Народныя традыцыі”. Упэўнена сцвярджае, што трэба развівацца з самага малога ўзросту, тым больш зараз столькі гаджэтаў, планшэтаў і іншых тэхнічных прыстасаванняў у дапамогу. Але настаўніца дадае, трэба, каб усё было ў меру: дзеці ад іх павінны атрымліваць карысць, а не псаваць сабе здароўе.
Творчая самаадданасць педагога высока ацэнена і на раённым узроўні. На жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі Ганна Сцяпанаўна атрымала Ганаровую грамату аддзела адукацыі, спорту і турызму за добрасумленную працу і ўдзел вучняў у навуковых канферэнцыях.
Сама настаўніца – маці траіх дзяцей. І шчыра прызнаецца, што для яе шчасце, калі дома ўсё добра.
– Імкнуся на рабоце пакідаць свае настаўніцкія звычкі. Але дзеці ведаюць, калі я штосьці загадала, трэба выканаць. Бо праверка будзе абавязкова, — усміхаецца Ганна Сцяпанаўна.
Ганна Мельнік
Фота аўтара

Добавить комментарий