На турніры ветэранскіх каманд

IMG_9633У праграме святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь на стадыёне «Камунальнік» у Століне прайшоў турнір ветэранаў футбола. У ім прынялі ўдзел каманды з Дубровіцы, Сарнаў і Ракітна з Украіны, а таксама са Століна.

Усе гульні турніру праходзілі ў прынцыповай і цікавай абстаноўцы. Абодва першыя матчы, у якіх вызначаліся фіналісты, завяршыліся ў асноўны час нічыйнымі вынікамі. Каманды Дубровіцы і Ракітна пасля нулявой нічыёй шукалі шчасце ў прабіцці адзінаццаціметровых удараў. Па пенальці з лікам 8:7 у драматычнай барацьбе перамаглі дубровіцкія ветэраны скуранога мяча.

У матчы паміж столінскімі і сарненскімі футбалістамі пасля асноўнага часу таксама была зафіксавана нічыя — 1:1. Зноў серыя пенальці. І зноў другая спроба, у якой пашчасціла столінскай камандзе, якая перамагла з лікам 6:5.

У матчы за трэцяе месца каманда з Ракітна з лікам 2:0 адолела каманду Сарнаў.  Паўтарыўся такі лік і ў матчы за першае месца. Мацнейшай за столінскую каманду аказалася дубровіцкая.

Каманды-ўдзельніцы турніру ўзнагароджаны памятнымі кубкамі, лепшыя ігракі атрымалі каштоўныя прызы. Спонсарамі гэтага  турніру выступілі раённае аб”яднанне прафсаюзаў, раённы фізкультурна-спартыўны клуб, раённая арганізацыя БРСМ.

Фёдар ШУМКО

Фота аўтара

Добавить комментарий