Мы самі ў адказе

DSC_5353Грамадзян заклікаюць далучацца да месячнікаў па добраўпарадкаванні тэрыторыі і збору другаснай сыравіны, а на вуліцах горада і іншых населеных пунктаў раёна з’явіліся спецыялізаваныя кантэйнеры для збору пластыку, паперы і шкла. Па вуліцах курсіруюць камунальныя машыны (не сакрэт, што графік іх работы нязручны для многіх, хто ў гэты час ячшэ не паспеў дабрацца з работы) і збіраюць бытавыя адходы. Але давайце пагаворым пра нашу культуру.

У рэйд накіраваўся карэспандэнт “НП”, каб прааналізаваць, што робіцца і над чым трэба яшчэ працаваць і працаваць.

Мікрараён. Да спецыялізаванага кантэйнера накіравалася парачка пенсіянераў. Мужчына з пакета дастае і адпраўляе ў кантэйнер для пластыку некалькі бутэлек з-пад малака, а жанчына заўважае, што забылі забраць старыя газеты.

DSC_5335Пераходжу да другой кантэйнернай пляцоўкі – тут поўны хаос: бытавыя адходы валяюцца паўсюдна, побач бадзяжныя сабакі, а праз колькі метраў на пляцоўцы гуляюць дзеці.

Іду ад аўтобуснага прыпынку “Новы пасёлак” да першай кантэйнернай пляцоўкі: тут чыста і абкошана, але складваецца ўражанне, што і людзі тут  не часта бываюць.

Спыняюся каля прыгожых будынкаў пасялкоўцаў – такую гармонію парушае спецыялізаваная пляцоўка, размешчаная насупраць. Адразу кідаецца ў вочы вялікая колькасць поліэтылену, ПЭТ-бутэлек і іншых адходаў, якія валяюцца наўкола.

Аналагічная карціна яшчэ каля дзвюх пляцовак. Атрымліваецца, што камунальнікі і пляцоўкі забетанавалі, і кантэйнеры ўстанавілі, і перыядачна арганізоўваецца вываз другаснай сыравіны, а ў людзей няма жадання ісці насустрач. Каля такіх спецыялізаваных пляцовак яны пакідаюць усе адходы з поўным разуменнем, што гэта недапушчальна.   Пасля самі ж скардзяцца, што ў такіх месцах пануе поўная антысанітарыя, якая перашкаджае грамадзянам у іх прывычным, даўно ўсталяваным ладзе жыцця. А мяняць, атрымліваецца, мы нічога не хочам.

Яшчэ адно месца, куды заехаў карэспандэнт “НП”, – гэта міні-палігон “Глінка”. Міні-палігоны прызначаны для пахавання адходаў, якія ўтварыліся ў працэсе жыццядзейнасці чалавека.  Нават няўзброеным вокам відаць, што другасных матэрыяльных рэсурсаў тут безліч, што з’яўляецца сведчаннем нашай асабістай безгаспадарчасці. Гэта  грошы, выкінутыя на смецце намі ж.

Сваю бяспечнасць у адносінах да навакольнага асяроддзя мы дэманструем, калі пакідаем тое, што вывозім з уласнага падворка, пад першым кустом, хаця да палігона — рукой падаць. А прыкладаў такога стаўлення да прыроды тут шмат. Некаторыя лічаць лепшым пакінуць бытавыя адходы па-за межамі міні-палігона.

Мы чакаем ад арганізацый, прадпрыемстваў, камунальных служб, каб яны сталі гарантам нашага дабратыту, але, на жаль, не зрушымся з мёртвай кропкі да тых пор, пакуль самі не будзем кантраляваць свае ўчынкі і не прааналізуем сваё стаўленне да наваколля.

Людміла ПРЫГАВОРКА

Фота аўтара

 

Добавить комментарий