Малы і сярэдні бізнес на Століншчыне: Лепшая рэклама – якасць!


Выездная сессия 807 279Развіццё малога і сярэдняга бізнесу на Століншчыне абмяркоўвалі ў ходзе чарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў, што праводзілася на чале са старшынёю райсавета Аляксеем Аляксеевічам Дзямко.

У практычнай частцы мерапрыемства было наведванне шэрагу гандлёвых аб’ектаў, вытворчасцяў, станцый тэхнічнага абслугоўвання, а таксама фермерскіх  гаспадарак,  што  знаходзяцца на тэрыторыі Давыд-Гарадоцкага гарвыканкама, а таксама Альшанскага і Вялікамалешаўскага сельвыканкамаў.

Так, у Давыд-Гарадку ўдзель-нікі сесіі пазнаёміліся з работай магазіна «Гуртоўня». Як адзначыў яго гаспадар – прыватны  прадпрымальнік Віктар Васькін – адкрыта гэтая кропка пасля рэканструкцыі будынка былога ясляў-садка. Цяпер тут створаны дзевяць працоўных месцаў, а  магазін заслужыў добрую рэпутацыю сярод пакупнікоў.

Сваю СТА Юрый Ляшук адкрыў на базе будынка, што належаў «Столінрайграсэрвісу» і значны час ужо не выкарыстоўваўся. Створана неблагая база для рамонту тэхнікі. «Канешне, хацелася б развівацца далей, тым больш, што ёсць напрацоўкі, — гаворыць дырэктар. — Але неабходны фінансавыя ўкладанні».

Прадукцыя прадпрыемства «Полесские пряности», а гэта салёная, квашаная агародніна, вылучаецца сваёй натуральнасцю прыгатавання і мае выдатны смак. Дырэктар вытворчасці Сяргей Быба расказаў пра этапы развіцця прадпрыемства і складальныя цяперашняй паспяховай работы.

Уладальнік гандлёвага аб’екта «SEMENIS» (аг. Альшаны) Уладзімір Клочка пазнаёміў са сваім магазінам, што спецыялізуецца па продажу насення і ўгнаенняў для розных відаў культур. Можна сказаць, што  справа ў іх сямейная — у бізнесе задзейнічаны і дзеці Уладзіміра. Але іх дзейнасць — не толькі насенне, а  —  вырошчванне і продаж агародніны. І, як адзначыў прадпрымальнік, на цяперашні час лепшая рэклама прадукцыі — гэта яе якасць.

Выездная сессия 807 198Новы этап — па сучасных тэхналогіях —  у вырошчванні агародніны быў яскрава паказаны на прыкладзе работы фермерскай гаспадаркі «Альшаны». Яе галава Іван Грыб паказаў, як растуць памідоры ў цяпліцы, дзе ручны труд мінімізаваны, а ўсё кантралюецца з дапамогай камп’ютара.

У нагу з часам ідзе і кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Вопыт і К» Аляксей Копец. Пад яго началам не толькі раслінаводчы кірунак, але і жывёлагадоўчы, што з’яўляецца адметнасцю гэтага фермера.

Абагульняючы ўбачанае падчас паездкі па раёне, з інфармацыяй перад удзельнікамі выступіў намеснік старшыні Столінскага райвыканкама Міхаіл Піліпавіч Несцяровіч. Ён адзначыў, што ў розных галінах эканомікі раёна задзейнічаны 211 прадпрыемстваў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, з якіх 46 — фермерскія гаспадаркі і 1053 — прыватныя прадпрымальнікі.

У мінулым годзе фермерамі выраблена валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі на 173 млрд рублёў, што склала 15 працэнтаў ад усёй адпаведнай прадукцыі ў раёне. Суб’ектамі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва прамысловай прадукцыі выраблена на 242,7 млрд рублёў. Выручка ад рэалізацыі тавараў, прадукцыі, работ, паслуг склала 1046,2 млрд рублёў. Чысты прыбытак склаў 12,7 млрд рублёў.

За шэсць месяцаў гэтага года ў сферы малога бізнесу створаны 11 малых прадпрыемстваў, 162 новыя працоўныя месцы, зарэгістраваны 94 прыватныя прадпрымальнікі. Сёлета ў раёне плануецца стварыць яшчэ 230 новых працоўных месцаў.

У 2015 годзе  на  адкрытых аўкцыённых таргах выстаўляліся 27 невыкарыстоўваемых аб’ектаў уласнасці раёна. У тым ліку, 23 прадаваліся за адну базавую велічыню. Рэалізаваны 20 і 10 адпаведна. На цяперашні час ёсць яшчэ шэраг аб’ектаў, што могуць быць выкарыстаны ў малым бізнесе. Вызначаны і пералік пляцовак, якія прызначаны для таго, каб даць іх інвестарам для будаўніцтва аб’ектаў.

Сярод эфектыўна дзеючых прыватных прадпрыемстваў трэба адзначыць такія, як «Максеммілк» (вытворчасць малака і мяса), ЧГУП «Полесские пряности» (перапрацоўка агародніны), ЧВГУП «Столін-Перапрацоўка плёнкі» (перапрацоўка поліэтыленавай плёнкі), ТАА «СтолінГандальЦэнтр» і ТАА «Дэма-плюс» (рознічны гандаль), «ІланТранс» і «РасаАўтаТрэйд» (транспартныя прадпрыемствы) і іншыя.

Развіццю прадпрымальніцкай дзейнасці садзейнічае і фінансавая падтрымка, якую дае дзяржава. Льготным крэдытаваннем прыватнага бізнесу займаюцца Белаграпрамбанк, Беларусбанк, Белінвестбанк, БПС-Ашчадбанк, Приорбанк,  Белзнешэканомбанк. На сёння вызначаны прыярытэтныя кірункі, якія крэдытуюцца ў межах Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 255 «Аб некаторых мерах дзяржаўнай падтрымкі малога прадпрымальніцтва». Сярод іх – стварэнне,  развіццё і пашырэнне вытворчасці тавараў, арганізацыя, развіццё экспартна-арыентаванай вытворчасці, вытворчасць прадукцыі, накіраванай на энерга-і рэсурсазберажэнне, укараненне новых тэхналогій.

Дэкрэтам № 6 Прэзідэнта «Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх пасяленняў, сельскай мясцовасці» даюцца падатковыя льготы: вызваленне ад уплаты падатку на прыбытак і падаходнага падатку на працягу сямі гадоў з дня рэгістрацыі. Так, у мінулым годзе на Століншчыне скарысталіся такімі льготамі тры суб’екты гаспадарання.

Для стварэння спрыяльных умоў развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва немалаважным з’яўляецца і актывізацыя растлумачальнай работы з насельніцтвам рэгіёна.

У ходзе сесіі была таксама заслухана інфармацыя дэпутата Столінскага раённага Савета дэпутатаў па Відзіборскай выбарчай акрузе № 18 Валянціны Васільеўны Мірановіч аб выкананні ёю дэпутацкіх абавязкаў.

Па завяршэнні работы сесіі былі прыняты адпаведныя рашэнні па кожным пытанні.

Тэкст і фота

 Алены КЛІМУШКА

Добавить комментарий