Лілейны дворык Шугалевічаў

20160704_194600
Сёння наш маляўнічы экспрэс спыніўся каля сядзібы Сцяпана Іванавіча і Ніны Васільеўны Шугалевічаў, якія

жывуць на вуліцы Каржа ў Століне.

Невялікі зямельны ўчастак – усяго  шэсць сотак – не дае магчымасці гаспадарам моцна разгарнуцца. Але на тых кавалачках зямлі, што засталіся без збудаванняў, яны вырошчваюць неабходную для сям’і агародніну, ягады. А астатняе ўпрыгожваюць на свой густ.

А як жа інакш? Гэта для Ніны Васільеўны і Сцяпана Іванавіча, якія выгадавалі дзвюх дачушак, рытарычнае пытанне. Прыгажосць павінна быць навокал чалавека, а любоў да яе трэба прывіваць з дзяцінства. Вось зараз і ўнук Уладзік набіраецца прыгожых уражанняў кожны раз, калі гуляе ў двары дзядулі і бабулі. Тут для яго раздолле. Любімае месца правядзення часу – арэлі, якія змайстраваны ў выглядзе крэсла. Любуецца хлапчук прыгожымі фігуркамі, якія стаяць на двары. Яны гарманічна дапаўняюць кветкавыя кампазіцыі.

IMG_3919– Сёлета ў нас з’явілася альтанка. Да гэтага часу не было, – расказвае Ніна Васільеўна і праводзіць экскурсію па сваім дворыку. – Былі мы ў сватоў у Баранавічах. Спадабалася нам іх альтанка. А на развітанне сват жартам сказаў, што прыедзе да нас, калі будзе ў нас такая ж. Вось муж хутка  і ўзяўся за справу.

Цяпер альтанка стала любімым месцам правядзення часу ўсёй сям’і.

– Мы тут і абедаем, і вячэраем. Пакуль прыгатуеш ежу, то ў хаце становіцца спякотна, а тут здорава. На свежым паветры і абед намнога смачнейшы, — працягвае Ніна Васільеўна.

20160704_194343Сцяпан Іванавіч – сам архітэктар і майстар. Афармленне двара ён не пакінуў на плечы жонкі, а шмат што робіць сам. Вось гэты рознакаляровы калодзеж вырашыў размаляваць менавіта так, пакуль жонка была ў бальніцы. “А чаму вядро белае?” – спытала яна, калі вярнулася дахаты. На што атрымала адказ: “Я на ім кветкі намалюю”. Намаляваў. Пасля кампазіцыю дапоўнілі начоўкі і бочачка, якія доўгі час захоўваліся ў хляве. Атрымаўся калодзеж, з якога гаспадыня набрала вадзічкі, каб падагрэць пад сонечнымі промнямі. А сапраўдны калодзеж больш нагадвае казачны домік.

Ніна Васільеўна прыстасавала пад кветкі шмат які посуд.

– Некалі была печ у хаце. Цяпер печ раскідалі, а гаршочкі, чыгункі вырашыла пафарбаваць і пусціць пад кветкі. Муж сам зварыў вось такія падстаўкі пад іх, — паказвае гаспадыня.

Што да кветак, дык Ніна Васільеўна ўсе вырошчвае сама. Так танней, ды і вазіцца з расадай, кветкамі жанчыне падабаецца. А сярод сваіх любімых красак яна вылучае лілеі. Менавіта яны сталі ўпрыгожаннем іх казачнай сядзібы.

Усё акуратненька і да месца на сядзібе Шугалевічаў. Усім тут падабаюцца гармонія і ўтульнасць. Малодшая дачка Яна прыехала ў час водпуску да бацькоў.

– Дома ў таты з мамай лепш, чым у любым куточку свету, — гаворыць дзяўчына.

І з ёю не паспрачаешся, калі цябе пасля доўгай дарогі сустракае такі цудоўны дворык.

Таццяна СЕГЕН

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *