Карыснае лета

640Нягледзячы на тое, што мінула палова лета, у самым разгары школьныя канікулы. Вучні адпачываюць ад заняткаў і маюць у запасе шмат вольнага часу. Але не ўсе могуць правільна арганізаваць свой адпачынак. Некаторыя гадзінамі могуць сядзець у інтэрнэце за гульнямі.

А прыкладам карысных канікулаў стаў футбольны паядынак паміж вучнямі сярэдніх школ аграгарадка Альшаны і вёскі Сямігосцічы. Адбыўся ён на роднай пляцоўцы гаспадароў — стадыёне альшанскай СШ № 1, які падрыхтаваны па вышэйшым класе, чаму прыемна здзіўляліся і футбалісты каманды “Торпедо” г. Магілёва, якія сёлета прыязджалі на гульню з мясцовай камандай “Альшаны”.

Змагаліся за ўладу над мячом па дзве каманды: малодшага і старэйшага ўзростаў. Можа родныя сцены, але (трэба гаварыць праўду) хутчэй за ўсё лепшыя спартыўныя навыкі, дазволілі вучням альшанскай сярэдняй школы № 1 стаць пераможцамі ў абедзвюх сустрэчах. Не дапамагла сямігосціцкім вучням і новая спартыўная форма, падораная гасцямі з Галандыі, якія прыязджалі некалькі месяцаў таму.

У апраўданне трэба дадаць, што каманда Сямігосціч у такім саставе гуляла ўпершыню і таму не была падрыхтавана да такога націску з боку сапернікаў. Фёдар Міхайлавіч Пінчук – настаўнік фізічнага выхавання Сямігосціцкай СШ і па сумяшчальніцтву трэнер прайграўшай каманды — адзначыў, што да наступнай сустрэчы абавязкова падрыхтуюцца лепш і матч-рэванш застанецца за імі. Аб гэтым з упэўненасцю заяўлялі і вучні, якія яшчэ па дарозе дадому планавалі наступныя трэніроўкі.

А вось віншаваў сваіх футбалістаў дырэктар альшанскай СШ №1 Міхаіл Ільіч Лемяза, які і прапанаваў вучням суседняй вёскі арганізаваць гульню. Тым больш, што ёсць такое футбольнае поле, якое яны дбайна даглядаюць. А што можа быць карысней за спорт і здаровы лад жыцця? Згаджаецца з гэтым і дырэктар Сямігосціцкай СШ Уладзімір Уладзіміравіч Разановіч, які таксама прыязджаў падтрымаць сваіх выхаванцаў.

Прысутнічаў на гульні ўчастковы інспектар па справах непаўналетніх Столінскага РАУС Сяргей Міронавіч Шпакевіч. Ён дадаў, што куды лепш глядзець, як сапернічаюць паміж сабой падлеткі на спартыўным полі, чым калі яны высвятляюць адносіны ў цёмным завулку. Тым больш, што ў Альшанах ужо не першы год праводзяцца спецыяльныя мерапрыемствы па зніжэнні  правапарушэнняў сярод непаўналетніх. А таксама прыемна было бачыць на гульні дзяцей, якія жывуць у сем’ях, пастаўленых на ўлік як нядобранадзейныя. Сяргей Міронавіч падкрэсліў, што толькі агульнымі намаганнямі можна дапамагчы вучню сысці з дрэннага шляху.

Наступная сустрэча адбудзецца ў гэтую пятніцу на гэтым жа стадыёне і прымуць у ёй удзел вучні абедзвюх альшанскіх школ. Міхаіл Ільіч прапанаваў арганізаваць адкрыты летні турнір па футболе аг. Альшаны, у якім могуць прыняць удзел вучні і іншых школ раёна. І зрабіць гэты турнір традыцыйным, каб і наступнае лета праходзіла з карысцю. Таму рыхтуйце форму і ўсе на футбол!

Ганна  Мельнік

Фота аўтара

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *