Гаспадаркі Століншчыны выйшлі на масавую ўборку

IMG_9740На 18 ліпеня ўсе гаспадаркі Століншчыны вялі ўборку збожжавых і зернебабовых культур. Яны ўбраны на 3322 гектарах, што складае 17,6 працэнта ўборачнай плошчы. За папярэдні дзень прырост убранай плошчы склаў 4,7 працэнта.

У ААТ “Церабяжоў-Агра” і КУВП “Манькавічы” паспелі ўбраць больш чым па 40 працэнтаў збажыны. 31 працэнт уборкі забяспечылі працаўнікі КСУП “Варані”. Менш за 10 працэнтаў убранай плошчы маюць на сваім рахунку толькі ў КСУП “Прыпяць-2009” і “Відзіборскі”.

Па раёне намалочана 11507 тон збожжа. Хлебаробы КУВП “Манькавічы” ўшчыльную наблізіліся да першых дзвюх тысяч тон збожжа, у СВК “Фядорскі” намалацілі 1325 тон, у ААТ “Новая Прыпяць” – 1093 тоны збожжа.

Як высокімі тэмпамі жніва, так і багатым ураджаем радуюць з першых дзён работы працаўнікі ААТ “Палеская ніва” і “Новая Прыпяць”, якія па аб’ектыўных прычынах пачалі ўбіраць пазней за іншых.

Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых па раёне складае 34,6 цэнтнера збожжа з кожнага гектара. Гэта на 9,2 цэнтнера больш, чым у такія ж дні намалочвалі ў мінулым годзе.

У трох гаспадарках ура-джайнасць трымаецца на ўзроўні больш за 50 цэнтнераў з кожнага гектара: у ААТ “Палеская ніва” – 55,7 цэнтнера, “Новая Прыпяць” – 53,8 цэнтнера, “Кароцічы” – 50,7 цэнтнера збожжа.

Прыклады высокай ураджайнасці па асобных культурах абнадзейваюць: у нашых умовах можна мець добрыя вынікі, калі дбайна папрацаваць на зямлі. У ААТ “Новая Прыпяць” атрымліваюць па 68 цэнтнераў пшаніцы і па 52,9 цэнтнера жыта на кожным гектары, у ААТ “Палеская  ніва”  атрымліваюць  ураджайнасць яравога ячменю па 55,1 цэнтнера, а трыцікале — па 54,7 цэнтнера з кожнага гектара. На менш урадлівых землях высокай ураджайнасцю радуюць хлебаробы КУВП “Манькавічы”, якія атрымліваюць у сярэднім па 41,3 цэнтнера збожжа з кожнага гектара. А па ўраджайнасці пшаніцы тут трымаюцца на другім пасля Альшан месцы, маючы па 58,1 цэнтнера збожжа з кожнага гектара.

Увогуле збожжавыя сёлета паспелі прыкладна ў аднолькавыя тэрміны, іх уборка вядзецца па культурах адначасова. Больш за ўсё ўбрана жыта – 33,2 працэнта, на 22,5 працэнта абмалочаны яравы ячмень, на 20,2 працэнта – трыцікале. Пшаніца ўбрана на 8,1 працэнта пасяўной плошчы.

Пра тое, што ў час жніва нельга траціць дарма ніводнай хвіліны, яшчэ раз напомніла непагадзь 17 ліпеня, калі па частцы гаспадарак прайшла бура, месцамі з градам. Асабліва многа шкоды стыхія нанесла ўраджаю ў КУВП “Манькавічы”, КСУП “Беражное”, “Дубайскі”. Там, дзе была толькі пожня, ападкі аказаліся толькі на карысць.

Дзякуючы аператыўнай рабоце на ўборцы зялёнага гарошку ўжо сёння ўдалося дасягнуць запланаванага валавога яго збору – 1100 тон. Яшчэ застаецца ўбіраць гарошак на 15 працэнтах пасеваў.

Вызваленыя ад сёлетняга ўраджаю плошчы дбайныя гаспадары максімальна выкарыстоўваюць для папаўнення кармавой базы за кошт сяўбы прамежкавых культур. Выкарыстаны для гэтага ўжо 1498 гектараў палёў. Найбольш паспелі пасеяць пажніўных культур у КСУП “Прыпяць-2009” – 310 гектараў, ААТ “Лядзецкі” – 212 гектараў, КСУП “Рухчанскі” – 165 гектараў.

Фёдар ШУМКО  

Фота  аўтара

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *