Здароўе – самая галоўная каштоўнасць

 

1Медыцына з’яўляецца адным з самых галоўных накірункаў для любой дзяржавы. Бо чым больш якасная медыцынская дапамога аказваецца насельніцтву, тым вышэйшы ўзровень жыцця. Але ж, як бы ні дзіўна гэта гучала, самая галоўная задача медыцыны — навучыць чалавека з малых гадоў ашчадна ставіцца да свайго здароўя, берагчы яго як самую дарагую каштоўнасць.

Гэта гучала з вуснаў Тамары Зіноўеўны Кузьміч — загадчыцы філіяла «Давыд-Гарадоцкая бальніца» УАЗ «Столінская ЦРБ», якая разам яшчэ з 18 дэлегатамі ад нашага раёна прыме ўдзел у V Усебеларускім  народным  сходзе, які заўтра пачне сваю работу ў Мінску. Тамара Зіноўеўна будзе прадстаўляць сістэму аховы здароўя раёна. Менавіта гэта і стала падставай для нашай сустрэчы, падчас якой пагутарылі пра мінулае, сучаснасць і будучыню медыцыны нашага раёна.

– За апошнія пяць гадоў мы значна рушылі наперад, — падводзіць вынікі Тамара Зіноўеўна. – Гэта тычыцца як медыцынскага абслугоўвання, так і матэрыяльна-тэхнічнай базы. Работы зроблена многа. На першым месцы, безумоўна, чалавечае жыццё. Таму радуе, што дасягнуты значныя вынікі па стабілізацыі дэмаграфічнай сітуацыі. З 2011 па 2015 год штогод колькасць дзяцей, якія нарадзіліся, павялічылася з 1066 да 1135. Паказчык агульнай смяротнасці насельніцтва, наадварот, за пяць гадоў панізіўся – з 1282 да 1149 чалавек. Асаблівая ўвага нададзена стану здароўя працаздольнага насельніцтва. І таксама адзначаем тут вынікі са знакам плюс: за пяць гадоў смяротнасць людзей дадзенай катэгорыі паменшылася на 41,5 працэнта.

Такія вынікі дасягнуты дзякуючы зладжанай рабоце розных ведамстваў і службаў, у тым ліку аховы здароўя, што нам  асабліва прыемна адзначаць. Значыць, людзі знаходзяцца на сваіх месцах і працуюць дзеля галоўнай мэты: медыцынскае абслугоўванне ў раёне ўзняць на больш высокі ўзровень.  Для рашэння гэтай задачы неабходны  наяўнасць медыцынскіх спецыялістаў і, безумоўна, якасная матэрыяльна-тэхнічная база. Калі гаварыць пра першы фактар, то ў нас на аднаго ўрача прыходзіцца 1211 чалавек пры норме адзін урач на 1300 чалавек. Безумоўна, гэта цудоўны паказчык, калі ўлічыць спецыфіку нашага раёна. Бо ў структуру УАЗ «Столінская ЦРБ», акрамя самой Столінскай цэнтральнай раённай бальніцы з паліклінікай у 700 наведванняў у змену і стацыянарам на 306 ложкаў,   яшчэ  ўваходзяць філіял «Давыд-Гарадоцкая бальніца» з паліклінікай на 160 наведванняў у змену і стацыянарам на 155 ложкаў, 11 амбулаторый, тры бальніцы сястрынскага догляду ў Альгомелі, Беражным і Плотніцы, а таксама 35 фельчарска-акушэрскіх       пунктаў.  Нягледзячы на гэта, урачоў некаторых спецыялізацый нам не хапае. Напрыклад,  урача-анестэзіёлага, які пакуль адзін на Столінскую і Давыд-Гарадоцкую     бальніцы.  Спадзяюся, у бліжэйшай будучыні абавязкова вырашым гэтую праблему.

Што тычыцца матэрыяльна-тэхнічнай базы,  то мы зрабілі вялікі крок да лепшага. Капітальна адрамантаваны 13 ФАПаў, апошнія з якіх узрадавалі вяскоўцаў сваім новым выглядам у Сямігосцічах і Хатомелі. Яшчэ  адным прыкладам пераўтварэння стала паліклініка ў Давыд-Гарадку. Раней жыхарам даводзілася шукаць медыцынскую дапамогу ў сямі асобных памяшканнях, у якіх размяшчаліся  паліклічныя падраздзяленні. А зараз усё скампанавана ў дыхтоўным двухпавярховым будынку, які абсталяваны па апошнім слове тэхнікі. Нам трапіліся цудоўныя майстры – рабілі сумленна. Шчыравалі мы і над афармленнем, нават над колерам сцен доўга раіліся, каб нашым пацыентам нават знаходзіцца ў чарзе да ўрача было прыемна.

За гэтыя гады праведзены рэканструкцыі будынка былога паталагаанатамічнага корпуса пад аддзяленне пералівання крыві Столінскай ЦРБ, трэцяга паверха дзіцячага корпуса пад аддзяленне гемадыялізу, рэканструкцыя харчаблока Столінскай ЦРБ, супрацьсухотнага кабінета, абсталяваны пад’ёмнік у Беражноўскай бальніцы сястрынскага догляду, адрамантаваны ліфт у Давыд-Гарадоцкай бальніцы, першы паверх дзіцячага корпуса Столінскай ЦРБ рэканструяваны пад дзіцячую кансультацыю.

У бліжэйшай будучыні плануецца капітальны рамонт Беражноўскай, Плотніцкай і Альгомельскай бальніц сястрынскага догляду. Дарэчы, у апошняй трэба пераносіць бальніцу, паколькі будынак пабудаваны ў 1938 годзе і ўжо непрыгодны для эксплуатацыі. Паступова будзем паляпшаць матэрыяльную базу, бо неабходнасць ёсць. Людзі, на жаль, хварэюць.

Самая галоўная ўвага надаецца чалавеку, нашаму пацыенту. Таму і надалей будзем імкнуцца рабіць усё, што ад нас залежыць. Бо медыцына павінна крочыць у адну нагу з часам, хутка арыентавацца і быць даступнай для кожнага чалавека.

Ганна Мельнік

Фота аўтара

 

Добавить комментарий

  • Строители форум
  • Форум для строителей о строительстве и ремонте домов, бань и построек
  • pro100dom.org