Ведай нашых! Сярод лепшых – Ночка з Рамля

 

2У Мінску з 7 па 11 чэрвеня прайшла 23-я міжнародная спецыялізаваная выстаўка «Белагра-2016».  У экспазіцыі «Белферма-2016» гонар нашага раёна абараняла карова Ночка з ААТ «Палеская ніва».

Трэба сказаць, што ў рамках выстаўкі ў Мінск прывезлі лепшых кароў па чатыры ад кожнай вобласці. У намінацыі 1-4 лактацыя, дзе выстаўлялася і Ночка, назбіралася шэсць кароў. Канкурэнцыю нашай карове складалі прадстаўніцы ААТ «Ляхавіцкі» Ляхавіцкага раёна, ААТ «Дружба» Баранавіцкага раёна, ААТ «Моладава-Агра» Іванаўскага раёна.

Перад пачаткам рэспубліканскага конкурсу «Лепшая племянная карова малочнай пароды» жывёлу падстрыглі, на капытах зрабілі педыкюр, іх палакавалі. З задавальненнем Ночка пакупалася ў цёплай вадзе з шапмунем. Выводзілі яе з зялёна-чырвонымі банцікамі.

1У выніку Ночка заняла на конкурсе трэцяе месца і зарабіла Ганаровую грамату і кубак пераможцы.

Карова Ночка — з малочнатаварнай фермы «Рамель». Надой ад яе па першай лактацыі склаў 12 тон 844 кілаграмы. Цяпер яна за суткі дае ў сярэднім па тры пуды – 48 кілаграмаў – малака.

На ферме рэкардыстка адчувае калектыўны клопат непаўторных майстроў сваёй славы даярак Ядвігі Іванаўны Лятун, Ніны Іванаўны Бурак,  Валянціны Паўлаўны    Бруцкай,  Марыі  Уладзіміраўны Астапенка і Ірыны Мікалаеўны Колбік, якія дояць каля 540 высокапрадуктыўных кароў.

У Мінск Ночку суправаджаў даглядчык Міхаіл Уладзіміравіч Пасюк. Дарэчы, гэты працавіты жывёлавод пяць гадоў запар паказваў на міжнароднай выстаўцы рамельскіх прыгажуноў-коней.

Вечарамі на выстаўку прыходзілі мінчане, каб паназіраць за даеннем  Ночкі і паспытаць смачнага малака.

 

Фёдар

Добавить комментарий