Час аздараўлення і развіцця

newsbel.by-8.03.2016-6G8dMA4stwIgBi7JAKnswNDUphc94jqaНа Століншчыне ў летні перыяд плануецца аздаравіць 3176 дзяцей, у тым ліку 1628 – у лагерах з дзённым знаходжаннем на базе ўстаноў адукацыі, 60 — у палатачным лагеры з кругласутачным знаходжаннем, 362 – пры спартыўных лагерах на базе дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ і 1126 школьнікаў – у складзе арганізаваных груп у дзіцячых  рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтрах і санаторыях.

З трэцяга чэрвеня ў раёне дзенічаюць 42 аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем на базах устаноў адукацыі, адзін лагер працы і адпачынку на базе ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці і адзін лагер палатачнага тыпу з кругласутачным знаходжанем падлеткаў на дзевяць дзён, які функцыянуе ў дзве змены, і два спартыўныя. У лагерах арганізавана профільная работа. Працуюць пяць лагераў спартыўнага, два краязнаўчага, чатыры экалагічнага, адзін ваенна-патрыятычнага, адзін мастацкага, два камп’ютарнага, адзін працоўнага, адзін лінгвістычнага напрамкаў.

У лагеры працы і адпачынку аздараўляюцца 43 навучэнцы. Яны займаюцца пабелкай бардзюраў, агароджаў, рыхленнем і праполкай ад пустазелля, доглядам зялёных насаджэнняў, добраўпарадкаваннем тэрыторыі і іншай пасільнай работай.

– Аздараўленне ў летніках платнае, – расказвае галоўны спецыяліст Столінскага аддзела па аздараўленні насельніцтва Тамара Іванаўна Андрайчук. – Бацькоўская плата на пуцёўкі ў лагер дзённага знаходжання складае для дзяцей 6-10 гадоў – 317400 рублёў, 11-13 – 407400 рублёў, 14-17 гадоў – 481200 рублёў. На падзешаўленне кошту пуцёвак устаноўлена дзяржаўная датацыя. У аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем дзяцей тэрмінам 18 дзён яна ўстаноўлена ў суме 660 тысяч рублёў, у лагеры працы і адпачынку – 740 тысяч рублёў, у лагеры з кругласутачным знаходжаннем на дзевяць дзён датацыя дзяржавы складае 680 тысяч рублёў. Усяго на правядзенне летняй аздараўленчай кампаніі са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання выдаткаваны 1 мільярд 390220  рублёў.

Згодна з рашэннем раённага выканаўчага камітэта пуцёўкі для дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дзяцей-інвалідаў, дзяцей з маламаёмасных і сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, выдзяляюцца бясплатна. На гэтыя мэты з раённага бюджэту накіраваны 102 мільёны рублёў.

Некаторыя гаспадаркі – ААТ “Лядзецкі”, СВК “Фядорскі”, КСУП “Рухчанскі” і “Прыгарынскі-2012” — знайшлі сродкі і ўнеслі бацькоўскую даплату за пуцёўкі ў аздараўленчыя летнікі за сваіх працаўнікоў.

Акрамя таго Тамара Андрайчук падкрэсліла, што дзеці, якія жывуць на забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі, у летнія месяцы будуць аздараўляцца ў складзе арганізаваных груп у ДРОЦах і санаторыях “Колас”, “Світанак” і “Чабарок”. Пуцёўкі і праезд на адпачынак бясплатныя.

Летняя аздараўленчая кампанія накіравана на захаванне і ўмацаванне здароўя дзяцей, сацыяльную абарону і падтрымку дзяцей з малазабяспечаных, мнагадзетных сем’яў, дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў, дзяцей, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх.

Аздараўленчая кампанія 2016 года праходзіць у рамках рэспубліканскай акцыі “Лета на карысць”. Асноўная яе задача – арганізаваць аздараўленне і працоўную занятасць непаўналетніх розных узроўневых груп, максімальна выкарыстаць летні час для развіцця асобы дзіцяці, яго здольнасцяў і магчымасцяў.

Галіна ГАШЧУК

 

Добавить комментарий