“Вялікае Малешава” лепшая малочнатаварная ферма на Брэстчыне

IMG_7801Калектыў малочнатаварнай фермы “Вялікае Малешава” па выніках абласнога спаборніцтва за першы квартал 2016 года прызнаны лепшым на Брэстчыне сярод ферм з сярэднегадавым надоем ад кожнай каровы да 7000 кілаграмаў малака.
Да такога поспеху дружны калектыў жывёлаводаў перадавой СВК “Палессе АВМ” ішоў шпаркімі тэмпамі на працягу апошніх двух гадоў. Толькі за мінулы год пры сярэднім надоі на адну карову 6421 кілаграм на ферме прыбаўка склала максімальны па раёне паказчык – па 2547 кілаграмаў малака. Для параўнання можна прывесці “дасягненне” фермы “Угалец” КСУП “Прыгарынскі-2012”, дзе за мінулы год надаілі ўсяго ў сярэднім ад кожнай каровы толькі па 2760 кілаграмаў малака.
І да высокіх мінулагодніх паказчыкаў вялікамалешаўская ферма працягвае прыбаўляць у прадуктыўнасці дойнага статка. За першы квартал года валавы надой павялічаны на 41 працэнт. Таварнасць прадукту складае 94 працэнты. Больш за 60 працэнтаў малака рэалізуецца класам “экстра”.
З віншаваннямі, дыпломам, грашовай прэміяй і каштоўнымі падарункамі ў калектыў фермы завіталі старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Канстанцінавіч Буткевіч, старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Брэсцкай вобласці Міхаіл Іванавіч Яхімук.
Уручаючы дыплом пераможцы загадчыцы фермы Святлане Дзям`янаўне Волкавай, Сяргей Канстанцінавіч адзначыў, што высокія тэхналогіі ў жывёлагадоўлі патрабуюць поўнай мабілізацыі ў рабоце ўсіх удзельнікаў працоўнага канвеера – механізатараў, аператараў даення, даглядчыкаў, спецыялістаў і кіраўнікоў. У Вялікім Малешаве змаглі дасягнуць пэўнай гармоніі ў гэтым.
Міхаіл Іванавіч уручыў калектыву фермы каштоўныя падарункі – мікрахвалёўку, набор посуду. Ён пажадаў не спыняцца на дасягнутым, паўтарыць добрае дасягненне і па выніках гэтага года.
Герояў урачыстасці павіншавалі першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Мікалай Мікалаевіч Мароз, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу раёна Аляксей Аляксеевіч Дзямко.
Фёдар ШУМКО
Фота аўтара

Добавить комментарий