І ў траншэі, і ў рулоны

IMG_8303На 30 мая 2016 года травы першага ўкосу ў гаспадарках раёна скошаны на 8541 гектары, што складае 58,9 працэнта да плана. З іх нарыхтавана 481 тона сена, 48571 тона сенажу і 4680 тон сіласу. У сярэднім гэта 10 працэнтаў у кармавых адзінках ад запланаванай колькасці.

Па колькасці назапашаных травяністых кармоў упэўнена лідзіруе ААТ “Кароцічы” — 16,5 працэнта ад запланаванага. На адну галаву ўмоўнага статка тут нарыхтавалі па 16,7 цэнтнера кармавых адзінак. У КСУП “Прыпяць-2009” на ўмоўную галаву жывёлы маюць па 14 цэнтнераў кармавых адзінак, у СВК “Фядорскі” — па 13,4 цэнтнера.

У трох гаспадарках пачалі нарыхтоўваць сянаж і па прагрэсіўнай тэхналогіі – загортваць у рулоны пад плёнку. У КСУП “Прыпяць-2009”, “Відзіборскі” і СВК “Фядорскі” разам нарыхтавана такіх каштоўных кармоў 249 тон.

IMG_8298Няма сумнення, што пры захаванні тэхналогіі ў гэтыя дні кармы з майскіх траў не могуць атрымлівацца добрай якасці хіба што ў лянівага. І трэба эфектыўна выкарыстоўваць усе рэсурсы, каб мець неабходны запас кармоў і надзею на шчодрае кармленне статка.

– У нас ёсць усе падставы пры плане нарыхтоўкі кармоў 9400 тон ужо з першага ўкосу мець іх у траншэях не менш за 6000 тон, — упэўнена адзначае дырэктар КСУП “Прыпяць-2009” Анатоль Васільевіч Бокша. — Акрамя таго, частку злакава-бабовых траў і з першага, і з другога ўкосаў вырашылі загортваць у рулоны.

 Ва ўрочышчы Старычка-4 скошаныя напярэдадні і згрэбленыя ў валкі травы ператварае з дапамогай рулоннага прэс-падборшчыка ППРО-155 у бялюткае хараство механізатар Васіль Паўлавіч Лукша.

У гаспадарцы ў рабоце з травамі, пастаянным іх абнаўленні, пашырэнні пасяўных плошчаў пад бабовымі культурамі бачаць перспектыву ў жывёлагадоўлі. Калі сёлета пасеялі дадаткова 50 гектараў люцэрны, дык на наступны год плануюць пашырыць пасевы гэтай культуры яшчэ на сто гектараў. Дае свой плён работа з насеннікамі шматгадовых траў. Перазалужэнне траў ідзе без спазнення, забяспечваючы высокую аддачу лугоў.

IMG_8307З другога ўкосу люцэрны нарыхтоўцы корму ў рулонах будзе нададзена большая ўвага. Эканамічная служба гаспадаркі падлічыла, што нават без уліку пажыўнасці кілаграму корму ў рулонах ён таннейшы па нарыхтоўцы, чым метадам сіласавання. А ў тым, што такі корм мае па пажыўнасці шмат пераваг, няма сумнення.

Сянаж цяпер таксама самы карысны па сваіх вартасцях. На вытворчым участку ў Стахаве сянаж нарыхтоўваюць і з жытнёвай масы, якая аднавілася і падрасла пасля спажывання дойным статкам, і са  шматгадовых траў. Пайшоў на гэта і весь першы ўкос люцэрны. Пры закладцы сенажу строга прытрымліваюцца тэхналогіі, пільна сочаць за вільготнасцю траў, трамбоўкай масы. Траншэі абгортваюцца поліэтыленавай плёнкай, пачынаючы з бакоў. Для перасцярогі траншэі закрываюцца пачаргова ў некалькі прыёмаў. Зараз, напрыклад, большая частка адной з траншэй ужо закансервавана плёнкай і прысыпана глебай.

Фёдар ШУМКО

 Фота аўтара

 

Добавить комментарий